Суд Ленінскага раёна Магілёва 11 жніўня пакараў галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Зміцера Салаўёва 8 суткамі арышту.
Суд над Салаўёвым адбыўся ў будынку Магілёўскага ІЧУ. Так як гэта рэжымная ўстанова, на працэс не пусцілі не толькі калег-журналістаў, але, нават, і жонку журналіста, Надзею Салаўёву. Пра выніку разгляду справы ёй удалося даведацца толькі сёння, пры тым, што прозвішча суддзі, які (ці якая) судзіў Зміцера, ёй так і не паведамілі.
Асуджаны на 8 сутак Салаўёў быў згодна артыкула 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь (непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі), хоць, згодна вывешанага ў судзе Ленінскага раёна раскладу, судзіць яго павінны былі па ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Нагадаем, што галоўны рэдактар нашага партала быў затрыманы напярэдадні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Вечарам 8 жніўня супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль Салаўёва ў Магілёве, калі ён накіроўваўся з працы да хаты. Пасля гэтага ў супрацоўнікаў міліцыі чамусьці ўзнікла падазрэнне на тое, што машына Зміцера, нібыта, знаходзіцца ў угоне, таму яго даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.
Пазней яму інкрымінавалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, і адправілі ў Магілёўскі ІЧУ. На знак пратэсту супраць абсалютна незаконнага затрымання Зміцер Салаўёў аб’явіў галадоўку.
Праваабаронцы і калегі-журналісты лічаць, што супраць Зміцера было зладжана так званае “прэвентыўнае затрыманне”, каб напярэдадні выбараў ускладніць працу “Магілёўскага рэгіёну”.
Нагадаем, што раней пры дапамозе супрацоўнікаў ДАІ ў Магілёве затрымалі журналіста “МР” Аляксандра Буракова (старэйшага) і актывіста Аляксандра Хамратава. Пазней яны былі асуджаны судом Ленінскага раёна Магілёва на 10 сутак арышту.
Таксама 5 жніўня быў затрыманы, нібыта, за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, яшчэ адзін журналіст “МР” Уладзімір Лапцэвіч. Суддзя Алена Літвіна пакарала яго 12 суткамі арышту.
Іван Барысаў