Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Алена Літвіна 25 верасня пакарала 7 суткамі адміністрацыйнага арышту галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).
Змітра Салаўёва затрымалі 23 верасня каля 11:30 у уласнай кватэры. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць журналістам партала.
Падчас працэсса высветлілася, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС больш за суткі трымалі Салаўёва ў памяшканні райаддзела ў так званай “малпоўні”, што можна прыраўняць да катаванняў. Журналіст прывезлі ў РАУС прыкладна ў 12:00 23 верасня. Там ён знаходзіўся без ежы больш за суткі, бо ў ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама яго даставілі толькі на наступны дзень, 24 верасня, каля 16:00.
Працэс у судзе Ленінскага раёна праходзіў праз Skype, сам Зміцер Салаўёў знаходзіўся ў ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама. Журналісту інкрымінавалі тое, што ён, нібыта, актыўна ўдзельнічаў у пратэстнай акцыі ў Магілёве 6 верасня, выкрыкваў лозунгі і г.д.
Падчас разгляду матэрыялаў справы высветлілася, што гэтыя абвінавачванні з боку супрацоўнікаў міліцыі не адпавядаюць сапраўднасці. Прагляд аператыўнай відэаздымкі пацвердзіў, што Салаўёў сапраўды прысутнічаў на акцыі, але менавіта ў якасці журналіста. Зміцер здымаў ход акцыі на відэа, ніякім чынам у ёй не ўдзельнічаючы і, тым больш, ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў.
Сам Салаўёў таксама заявіў, што ён прысутнічаў на акцыі менавіта як журналіст, асвятляючы яе для 6tv.by. Складанне адміністрацыйнага пратакола нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ён расцаніў, як ціск з боку праваахоўных органаў і забарону на прафесію.
Нягледзячы на пераканаўчыя аргументы Змітра, фактычна пацверджаныя матэрыяламі адміністрацыйнай справы, суддзя Алена Літвіна прыняла рашэння пакараць Салаўёва 7 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, што супрацоўнікі міліцыі раней затрымлівалі Змітра Салаўёва напярэдані прэзідэнцкіх выбараў, 8 жніўня. 11 жніўня, прама ў будынку ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама, суд у закрытым рэжыме прысудзіў яму 8 сутак арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнім міліцыі.
Увесь тэрмін зняволення Салаўёў трымаў галадоўку.
Іван Барысаў. Фота аўтара