Супрацоўнікам крычаўскай міліцыі не атрымалася абвінаваціць журналіста Сяргея Няроўнага ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Маёр міліцыі Эдуард Краўцоў 1 сакавіка прывёз камп’ютар Няроўнага прама на кватэру журналіста. Перад гэтым галоўнага рэдактара “Вольнага горада” 26 сакавіка выклікалі ў Крычаўскі РАУС, дзе маёр Краўцоў правёў з журналістам размову і склаў пратакол апытання.
Падчас гутаркі супрацоўнік міліцыі патлумачыў, што, як паказала экспертыза, здымак групы жыхароў Крычава, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкама, – фотамантаж, зроблены не на камп’ютары Няроўнага.
Нагадаем, што вечарам 14 студзеня ў кватэру галоўнага рэдактара крычаўскай маланакладнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для правядзення агляду жылога памяшкання. Пастанова, якую яны прад’явілі, падпісаная пракурорам Крычаўскага раёна Леанідам Палевічам.
Падставай для правядзення агляду ў кватэры стаў размешчаны ў адным з тэлеграм-каналаў фотаздымак групы жыхароў райцэнтра, якія стаяць з бел-чырвона-белым сцягам насупраць райвыканкама. Сярод удзельнікаў акцыі супрацоўнікі міліцыі нібыта ўбачылі чалавека, вельмі падобнага на Няроўнага.
Сам Сяргей Няроўны адразу ж заявіў, што не мае ніякага дачынення да гэтага здымка, і выказаў здагадку, што гэта фотамантаж.
Супрацоўнікі Крычаўскага РАУС Эдуард Краўцоў і Сяргей Ягораў забралі ў Няроўнага камп’ютар, хоць ён не даваў на гэта сваёй згоды. Пры гэтым не пакінулі ніякага дакумента пра вынятак тэхнікі, толькі паведамілі, што забіраюць “на экспертызу”.
4 лютага журналіста выклікалі ў Крычаўскі РАУС. Там на працягу паўтара гадзіны супрацоўнікі міліцыі праводзілі з ім прафілактычную гутарку.
Па словах Сяргея Няроўнага, падчас гутаркі 26 лютага маёр Краўцоў таксама паведаміў, што на яго камп’ютары эксперты знайшлі 3 фотаздымкі з выявай забароненага тэлеграм-канала. Журналіст патлумачыў, што гэтыя фотаздымкі былі знятыя задоўга да забароны гэтага тэлеграм-канала, і выпадкова засталіся ў яго архіве. Нягледзячы на гэты, супрацоўнік міліцыі усе роўна склаў пратакол апытання, бо угледзеў у старых здымках “склад правапарушэння”.
Журналіст адзначыў, што ў кабінеце Краўцова ён пабачыў яшчэ некалькі сістэмных блокаў камп’ютараў, якія таксама прывезлі з экспертызы. Згодна інфармацыі Няроўнага, па “справе аб фотаздымку” на экспертызу забіралі камп’ютары ў некалькіх жыхароў Крычава.
Іван Барысаў