Мікіта Варажбітаў, якога міліцыя напрыканцы жніўня выціснула з горада, атабарыўся ў расейскай “паўночанай сталіцы” і стварае там новую фанацкую групоўку. Яе задачы – арганізоўваць бойкі.
Пра тое, што колішні стваральнік і лідар магілёўскай фанацкай каляфутбольнай групоўкі “Сям’я” Мікіта Варажбітаў тэрмінова пакнуў Магілёў напрыканцы жніўня паведаміў інтэрнет-рэсурс магілёўскага праваабарончага цэнтра “Вясна”. У паведамленні сцвярджалася, што цяперашні блогер і баец змяшаных адзінаборстваў быў заўважаны ў “рэйдах”супраць магілёўскіх прастытутак, суценёраў і закладальнікаў наркотыкаў.
Відавочна, такая дзейнасць была па-за законам, і ў апошні дзень лета Мікіта Варажбітаў, хутчэй за ўсё пры “дапамозе” з боку міліцыі пакінуў Магілёў і атабарыўся ў Санкт-Пецярбурзе. Цяпер жа стала вядома, што былы магілёўскі галоўны хуліган паспеў паспрабаваць сябе ў якасці прафесійнага гладыятара на турніры “Бітва без масак”. Ён правёў свой першы прафесійны бой ММА супраць чэмпіёна свету па панкраціёне і тайскім боксе Дзяніса Падалячына.
Тры раўнды па пяць хвілін прынеслі перамогу больш знакамітаму і дасведчанаму 48-гадоваму Падалячыну з Кемерава. Аднак арганізатары спаборніцтваў адзначылі надзвычай бескампрамісны стыль барацьбы Мікіты Варажбітава – ён біўся пакуль не страціў прытомнасць ад прыёма ўдушэння. Перад тым ён не адмовіўся ад бою, калі даведаўся, што супернік на дванаццаць кілаграмаў цяжэйшы за яго.
Але цяпер Мікіта Варажбітаў шакаваў усіх новай сенсацыйнай заявай – у пачатку снежня ён афіцыйна абвесціў пра стварэнне новай “каляфутбольнай” групоўкі. Сваё рашэнне хлопец абаснаваў вельмі проста – хочацца біцца. Вядома, што “разынкай” Варажбітава з’яўляецца тое, што ён прыйшоў у ММА менавіта з вулічных і фанацкіх боек, але нечакана паказаў неблагі вынік.
Касцяк новай групоўкі магілёўца (а на турніры ММА “Бітва без масак” ён быў прэзентаваны менавіта, як жыхар Магілёва) будуць складаць выключна жыхары Санкт-Пецярбурга. Каля дзясятка чалавек ужо далучыліся да яго дзякуючы папулярнасці блога, відэа-канала і канала ў мэсэнджэры Telegram. У Санкт-Пецярбурзе Варажбітаў спачатку сканцэнтраваўся на даследванні самых небяспечных субкультураў Расеі – ад скінхэдаў да анты-фа, а таксама рабіў кантэнт пра стаўленне выхадцаў з Каўказу да скінхэдаў і аналізаваў прычыны гвалту і забойстваў у школах. На гэтых тэмах ён стаў дастаткова папулярным.
Працоўная назва новай групоукі – “Друзья”. Варажбітаў тлумачыць, што яна не будзе прадстаўляць нейкія клубныя колеры, але будзе нечым накшталт “байцоўскага клуба”. Футбольныя хуліганы не будуць ездзіць на футбольныя матчы і не будуць ні за каго заўзець. Але ён анансуе, што яны будуць біцца, а таксама паляваць на педафілаў і прастытутак, пра што будзе здымацца відэа і выкладвацца на відэахостынгу Youtube.
Мікіта Варажбітаў таксама пацвердзіў раней распаўсюджаную інфармацыю, што дзейнасць магілёўскай групоўкі “Сям’я” у 2015 годзе перапынілі ўмелыя дзеянні ГУБАЗіК: акрамя таго, што міліцыянты ўзялі пад жорсткі кантроль галоўных байцоў магілёўскай “Сям’і”, яны яшчэ здолелі ўнесці разлад у адносіны паміж лідарамі групоўкі і спрыялі яе развалу.
Мікіце Варажбітаву спатрэбіліся амаль чатыры гады, каб паспрабаваць стварыць новую групоўку. Хлопец не выключае, што акрамя боек і блогерства ён яшчэ вернецца і на рынг ММА.
Алесь Лянеўскі