Галоўная » Гандлёвая плошча Цэнтральнага ўнівермага ў Магілёве пасля рэканструкцыі павялічыцца на 50%

Гандлёвая плошча Цэнтральнага ўнівермага ў Магілёве пасля рэканструкцыі павялічыцца на 50%

У другім квартале 2022 года плануецца пачаць рэканструкцыю Магілёўскага ЦУМа (вул. Першамайская, 61). Цэнтральны ўнівермаг атрымае новы 4-й гандлёвы паверх, які стане своеасаблівым “Домам побыту”, павялічацца гандлёвыя плошчы, якія набудуць сучасны выгляд, будынак стане больш энэргаэфектыўным. Сайт жа кіраўніцтву ЦУМа варта пераглядзець ужо цяпер, каб там не з’яўлялася вельмі недвухсэнсоўная сэксуальная рэклама.

Універмаг “Цэнтральны” г. Магілёва распачаў сваю гандлёвую дзейнасць 8 чэрвеня 1947 года. На сёння ён з’яўляецца адным з найбуйнейшых універсальных магазінаў Беларусі. Для многіх магілёўцаў ён застаецца ўвасабленнем савецкага дзяржаўнага гандлю, але з 2000 года ўнівермаг стаў адкрытым акцыянерным таварыствам з прыватнай формай уласнасці. Сёння ЦУМ з’яўляецца мультыбрэндавай крамай. Зручнае месцазнаходжанне і звычкі магілёўцаў забяспечваюць яго папулярнасць.

Дырэктар ТАА “Універмаг “Цэнтральны” Вардгес Амбарцумян у шэрагу сваіх выступленняў апошняга часу тлумачыць неабходнасць будучых зменаў. Найперш менеджэр клапоціцца пра павелічэнне гандлёвых плошчаў і адпаведна гандлёвага абароту, што натуральна для такіх прадпрыемстваў. На думку Вардгеса, плошчы будынка сёння выкарыстоўваюцца неэфектыўна, а 4-й паверх, пра наяўнасць якога большасць магілёўцаў і не здагадваецца, прызначаны выключна для тэхнічных патрэб. Плануецца, што пасля рэканструкцыі на 4-м паверсе Цума з’явіцца своеасаблівы “Дом побыту”, дзе будуць прадастаўляцца наведвальнікам розныя побытавыя паслугі: рамонт абутку, хімчыстка і інш.

Гледзячы на эскізы будынка Цума пасля рэканструкцыі радуе тое, што з аднаго боку будынак захавае свой пазнавальны ўжо звыклы для магілёўцаў воблік, а з іншага – яго выгляд стане больш сучасным і весялейшым. Асноўны жа клопат пры рэканструкцыі будзе датычыцца ўцяплення будынка, што важна як для эканомнай эксплуатацыі, так і з пункту гледжання неабходнасці змагання з сусветным пацяпленнем клімату планеты.

Пажадаем ТАА “Універмаг “Цэнтральны” паспяховай хуткай рэканструкцыі. Яна сапраўды наспела, бо калі на афіцыйным сайце ў раздзеле “Акцыі” унутры аб’явы пра чарговы сход акцыянераў можна прачытаць рэкламу прастытутак Краснаярску, якія могуць быць “паслухмянымі і дзёрзкімі, уладнымі і бессаромнымі…”, то пытанні пра неабходнасць перамен у сістэме кіравання, структуры прадпрыемства, яго знешнім выглядзе прыходзяць самі сабой. Не хочацца верыць, што толькі “каталог прастытутак” заманьвае акцыянераў на сходы. Хочацца меркаваць, што гэта выпадковая недарэчнасць.

Тася Лемон