Галоўная » Ганна Канапацкая – «Калі б я не верыла ў сваю перамогу, я б у гэтым не ўдзельнічала»

Ганна Канапацкая – «Калі б я не верыла ў сваю перамогу, я б у гэтым не ўдзельнічала»

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат – Ганна Канапацкая наведала Магілёў. 11 чэрвеня яна папрысутнічала на пікеце па збору подпісаў за сваё вылучэнне ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

Пікет быў выстаўлены на звычайным у Магілёве для гэтага месцы – каля Атрыўму, дзе збіраюць подпісы і іншыя ініцыятыўныя групы. Ды і каманда Ганны Канапацкай тут збірае подпісы амаль ад самага пачатку ўсёй кампаніі. У некаторыя дні, асабліва ў выходныя, на плошчу прыходзяць вельмі шмат народу, а да некаторых пікетаў выстройваюцца даўгія чэргі. Але сёння, сярод тыдня, ды яшчэ ў спёку, людзей да пікетаў падыходзіла не шмат, хоць і нельга сказаць, што актывісты сядзелі без справы, магілёўцы ўсё яшчэ актыўна пакідаюць подпісы.

Нагадаем, Ганна Канапацкая, у адрозненні ад некаторых іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты, ужо даўно займаецца палітыкай. На Парламенцкіх выбарах 2016 г. яна была абраная дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). На чарговыя выбары ў 2019 годзе Ганна Канапацкая ўжо вылучалася як незалежны кандыдат праз збор подпісаў, але яе не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

“Я зраблю” – выбарчы лозунг Ганны Канапацкай
Да пікету падыходзіла шмат жанчынаў
Без справы збіральнікам подпісаў за Канапацкую асабліва сядзець не даводзілася, як і ўдзельнікам ініцыятыўных груп іншых кандыдатаў

Людзі досыць актыўна падыходзілі да Ганны Канапацкай, размаўлялі, рабілі сэлфі. З некалькімі кароткімі пытаннямі звярнуся да прэтэндэнта ў кандыдаты і рэпарцёр 6tv.by:

– Вы наведваеце розныя раёны, гарады, як на пікетах народ успрымае кандыдатаў ужывую?
– Вельмі добра, яны больш жадаюць пагутарыць, чым нават паставіць подпіс. Вядома людзям не хапае інфармацыі, не хапае адказнасці ўлады. Людзі прыходзяць і да мяне, і да альтэрнатыўных кандыдатаў, яны хочуць гаварыць і быць пачутымі, яны хочуць зменаў. Сёння сама ўлада робіць усё для таго, каб людзі адвярнуліся ад падтрымкі ўлады і накіравалі гэтую падтрымку тым, хто прадстаўляе іншы пункт гледжання – хто за рэформы, за перамены ў краіне.
– Многія пытаюць, як Вам удалося набраць такую колькасць подпісаў, пікеты ў Вас ёсць, але яны не вельмі актыўныя.
– Я не першы год у палітыцы, і гэта не першая мая электаральная кампанія. Пікеты больш эфектыўныя для стасункаў з выбарцами. Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву тых буйных прадпрыемстваў, якія дазволілі мне збіраць подпісы сярод іх работнікаў, напрыклад БелАЗ або Пінскдрэў. Таксама я ўдзячна сябрам сваёй ініцыятыўнай групы, якія кожны вечар збіралі подпісы пакватэрна. Ну і вядома, як я ўжо сказала, улада ўсё зрабіла для таго, каб павярнуць грамадзян да нас, альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.
– Сёння літаральна была інфармацыя пра нейкія незразумелыя рухі вакол Бабарыкі і Цэпкала – прэтэндэнтаў з найбольш высокімі рэйтынгамі, і калі раптам так здарыцца, што не зарэгіструюць гэтых асноўных кандыдатаў, плануеце працягнуць удзел у перадвыбарнай кампаніі?
– Вы ж ведаеце, што жыццё праходзіць не ў інтэрнэце? Яно праходзіць афлайн. І я, ездзячы па рэгіёнах і сустракаючыся з людзьмі, бачу сваю падтрымку. Калі б я не верыла ў сваю перамогу, я б у гэтым не ўдзельнічала. Я працягваю сваю палітычную дзейнасць, і гэтая электаральная кампанія – адзін з этапаў гэтай дзейнасці. Напрыклад, на сённяшні дзень застаецца адкрытым пытанне аб легітымнасці палаты прадстаўнікоў сёмага склікання і, адпаведна, пытанне законнасці правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Таму што, калі Вы памятаеце, паўнамоцтвы палаты прадстаўнікоў шостага склікання былі скарочаныя з парушэннем канстытуцыі.
– Бабарыка заявіў, што ён стварыў сваю кампанію па назіранні. У Вас ёсць такія планы зладзіць падобнае сярод Вашых прыхільнікаў?
– Я даўно працую на палітычным полі Беларусі, я давяраю кампаніі «Права выбару», і я ведаю, што яны вельмі добра і якасна правядуць назіранне, і іх справаздачы будуць пакладзены ў аснову высноваў аб тым, як праходзяць выбары ў Беларусі.

Некалькі патанняў было адрасавана сябру ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай, які збіраў подпісы за свайго кандыдата:

– Вы ўдзельнічалі раней у падобных кампаніях?
– Не.
– А што падштурхнула прыйсці, як кажуць, «у палітыку» у першы раз?
– Я заўсёды цікаўлюся нечым новым, хочацца даведацца, як праходзяць новыя працэсы не звонку, а знутры. Хацелася для сябе зрабіць высновы, паназіраць, даведацца, як рэагуюць людзі.
– Вы маеце зносіны з такімі ж актывістамі, а некаторыя з вашай каманды даўно ў апазіцыйных рухах, якія настроі пануюць сярод актывістаў?
– Настроі заўсёды станоўчыя, людзі на пазітыўнай хвалі. Людзі чакаюць пераменаў і настрой заўсёды добры, у любое надвор’е, у любы час года з усмешкай на твары і наперад.
– Адна справа сабраць подпісы, і нават прагаласаваць, а што, на Ваш погляд, трэба зрабіць, каб галасы палічылі правільна і сумленна?
– Гэтага, на жаль, не скажу. Я спадзяюся, што будуць кантралёры, сумленны падлік, і ўсё будзе правільна.

Было заўважна, што большую цікаўнасць як сам пікет, так, безумоўна, і «жывы» кандыдат, выклікалі ў жанчын. Каб паслухаць думкі і меркаванні патэнцыйных выбарцаў, у першую чаргу звярнуліся да гэтай часткі грамадства:

– Вы прыйшлі менавіта за Канапацкую падпісацца?
– Так. Так атрымалася, што не так даўно я ўжо пакідала подпісы за іншых, але сёння ўбачыла, што ёсць пікет за яе, таму падышла.
– Вы лічыце, што кандыдаты маюць нейкую вагу ў грамадстве і на нешта паўплываюць?
– Яна з тых жанчын, якія даўно ў палітыцы. Ведаем яе па пасяджэннях у парламенце, шмат чулі пра яе, яе праца бачная людзям. Цяпер ёй апладыруюць шматлікія сем’і, да якіх вярнуліся дзеці пасля «справы аб наркотыках», як прынята яе зваць. Я лічу, што з прадстаўленых кандыдатаў Ганна Канапацкая дастойная. Хоць дзеючы прэзідэнт і кажа, што жанчынам не месца ва ўладзе, але ёй як раз месца.

І яшчэ пару кароткіх пытанняў, але ўжо да аднаго з мужчынаў:

– За Канапацкую прыйшлі падпісацца, ці ўжо падпісваліся за некага?
– У тым ліку і за яе, таму што мая сям?я падтрымлівае гэтага кандыдата. Я ўпершыню за доўгі час апынуўся ў Магілёве, і, раз з?явілася такая магчымасць, з задавальненнем пастаўлю подпіс менавіта за яе.
– Ці плануеце прыйсці на выбары?
– Вядома, абавязкова.
– Як Вы думаеце, галасы палічаць правільна і сумленна?
– Адзін вельмі знакаміты чалавек кажа «не важна, як галасуюць – важна, як лічаць», але я спадзяюся, што ў гэты раз сітуацыя зменіцца.

 

Таксама нагадаем, што пакінуць подпісы за некаторых з прэтэндэнтаў у кандыдаты можна на гэтым месцы штодня ад 15 да 19 гадзінаў (і нават раней), а ў выходныя дні з 11-12 дня. Падпісная кампанія будзе доўжыцца да 19 чэрвеня.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара