Нядзельная онлайн размова з магістрам гісторыі і магілёўскім архівістам Алесем Петуховым пра архіўныя справы і генацыд беларусаў.
Магістр і архівіст Алесь Петухоў разважае пра працу магілёўскай гарадской камісіі для ацэнкі маёмаснай шкоды, якую нанеслі нацысцкія злачынцы на тэрыторыі БССР у гады Другой сусветнай вайны, пра генацыд жыхароў Беларусі.
Алесь, вы магістр, архівіст, грамадскі актывіст. Што яшчэ трэба сказаць пра вас, каб партрэт аказаўся поўным.
- Дастаткова для партрэту.
Але ж, перш чым перайсці да прафесійных пытанняў, трэба мець уяўленне пра чалавека, а вы не такі яшчэ знакаміты чалавек, пра якога ўсе ўсё ведаюць. Як вам уяўляецца, хто вы, як асоба найперш?
- З часоў студэнцкіх я быў захапіўся вывучэннем беларускіх мястэчак і іх жыхароў, пераважнай большасцю яўрэяў, якія цяпер адсутныя, як Атлантыда.
А якія вашы непрафесійныя захапленні?
- Захапляюся археалогіяй, урбаністыкай, вандроўкамі па Беларусі, добрай мастацкай літаратурай.
Дарэчы, а хто вашы найбольш любімыя і найбольш шаноўныя беларускія пісьменнікі?
- Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч, з сучасных Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч.
Добра. Разумею, што адкрываць сваю душу шырокай аўдыторыі вы не збіраецеся, час пераходзіць да тэмы нашай размовы. Апошняе пытанне асабістага характару. З вашых сціслых адказаў складаецца ўражанне, што вы чалавек закрыты, так бы мовіць асоба ў сабе, але на грамадскіх сустрэчах вы дастаткова актыўны і адкрыты чалавек. Ёсць нейкі дысананс маіх уражанняў. Дзе ж праўда?
- Лаканічнасць адказаў у тэкставым варыянце, ніяк выключае, прафесійнага захворвання, якое я атрымаў на педагагічнай спецыяльнасці айчыннай ВНУ, – гаварлівасці. Пры наяўнасці зацікаўленай аўдыторыі, і наяўнасці таго, што мне ёсць што сказаць і дадаць па тэме. То бок ведаючы гэта, у мяне існуе перманентнае памкненне сябе стрымліваць, але тое не заўжды атрымоўваецца. Прысутнічае ў лаканічнасці і пэўная спадчына шматгадовых практыкаванняў у спартыўнай версіі гульні “Што? Дзе? Калі?” Увесь цымус базуецца на ўменні гаварыць, слухаць, чуць і маўчаць у камандзе з шасці чалавек, і ўменні вытрымаць баланс паміж гэтымі чатырма ўменнямі і каманднай работай.
Алесю, дзякуй. Гучыць пераканаўча. Пераходзім да вашай працы ў архіве. ЦІ працуе цяпер архіў з наведвальнікамі. Ці можна ў вас шукаць дакументы даследчыкам?
- Архіў нават на піку захворванняў COVID-19 не зачыняў свае дзверы перад даследчыкамі, прадстаўнікамі арганізацый, якія з’яўляюцца крыніцамі камплектавання, аматарамі генеалагічнае пошуку, краязнаўцамі. Цяпер толькі дадалося патрабаванне абавязковае нашэнне масак і праверка тэмпературы на ўваходзе. Працэдура атрымання дазволу стандартная: ці па накіраванні арганізацыі, ці па ўласнаручнай заяве даследчыка.
Радуе, што архіўнае жыццё працягваецца. У сродках масавай інфармацыі пішуць, што цяпер работнікаў архіваў далучылі і да новых спраў, якія маюць палітычнае адценне.
У нашай краіне створаны камісіі, якія працуюць з рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў Беларусі. Стварэнне такіх камісій выклікала неадназначны рэзананс і пытанні. Вы, як архівіст, з нядаўняга часу ўваходзіце ў падобную магілёўскую камісію. Патлумачце, чым займаецца камісія, і як яна праз столькі гадоў вызначае маёмасную шкоду і падлічвае колькасць ахвяр?
- Сапраўды камісіі па спрыянні ў расследаванні справы “аб генацыдзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенныя часы”, якую вядзе Генеральная Пракуратура Рэспублікі Беларусь створаны пры Магілёўскім аблвыканкаме і ўсіх гар- і рай-выканкамах вобласці. Створана падобная камісія пры Магілёўскім гарвыканкаме. У яе склад уключаны 25 чалавек (школьных настаўнікаў, музейных работнікаў, ідэолагаў, прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі і БРСМ і г. д.), у лік іх трапіў і я. На дзіва, але ў складзе камісіі не знайшлося месца для прадстаўніка гарадской пракуратуры, якая прымае ўдзел у раследванні. Трэба адзначыць што камісія з часу стварэння правяла ўсяго адно паседжанне, так бы мовіць арганізацыйнае. На якім было агучана мэта (дапамога супрацоўнікам пракуратуры ў расследаванні справы), задачы (прадстаўленне наяўных і здабыццё новых звестак пры ўдзеле сяброў камісіі па сваіх месцах працы). Было выказана пажаданне прадстаўляць знойдзеныя звесткі ў пракуратуру і кіраўніцтву камісіі.
З іншага боку, пішуць і пра міжведамасныя камісіі для ацэнкі маёмаснай шкоды, нанесенай нацысцкімі злачынцамі на тэрыторыі БССР у гады Другой сусветнай вайны.
- Адносна маёмаснай шкоды, трэба зазначыць, што артыкул 127 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь не ўлічвае страты маёмасці і разглядае толькі чалавечыя ахвяры, і шкоду здароўю чалавека. У адрозненне ад падобнай працы, якую вяла савецкая ўлада пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад фашыстаў. Акты аб маёмаснай шкодзе, складзеныя ў сярэдзіне 40-х гг. захаваліся ў дакументах архіўных фондаў “Могилевская областная комиссия содействия в работе чрезвычайной государственной комиссии по расследованию и установлению злодеяний немецко-фашистских захватчиков и их сообщников и учету причиненного ими ущерба по Могилевской области” (Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці), “Бобруйская областная комиссия содействия в работе чрезвычайной государственной комиссии по расследованию и установлению злодеяний немецко-фашистских захватчиков и их сообщников и учету причиненного ими ущерба по Бобруйской области” (Занальны дзяржаўны архіў у г. Бабруйску) і Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. У гэтых актах улічваўся страты чалавека ў заробку за перыяд акупацыі, страты жылых і гаспадарчых пабудоў, хатняга скарбу. Лічбы вельмі ўмоўныя, завышаныя, хутчэй за ўсё вызначаны ці самім уладаром, ці прадстаўніком улады. Так, кошт хаты ў межах аднаго раёну ці вёскі мог адрознівацца ў 5-10 разоў. Але яшчэ раз падкрэслю, што гэтыя маёмасныя страты цяперашняе расследаванне не ўлічвае.
Які сэнс ва ўсёй гэтай працы, калі Германія ўжо пасля вайны выплаціла рэпарацыі, калі выплачаны кампенсацыі так званым “усходнім рабочым” і сем’ям ацалелых яўрэяў?
- Мне падаецца, што самі ініцыятары справы ня вераць у атрыманне грашовых кампенсацый ад Нямеччыны, і рэальнага судовага працэсу з пэўнымі людзьмі на лаве падсудных. Мэта палягае, хутчэй за ўсё, у праверцы на лаяльнасць, актывізацыі шырокай масы ідэалагічнага актыву на ўсіх узроўнях. Бо справа вядзецца з прыцягненнем вялікай колькасці бюджэтнікаў, у іх працоўны час, якія вельмі часта не падрыхтаваны да спецыфікі працы з гістарычнымі, у тым ліку архіўнымі дакументамі, ды сведкамі сталага веку. У сваю чаргу гэта “эканомная” спроба стварыць пэўны вынік на востра запатрабаваную дзяржавай гістарычную тэматыку без стварэння Інстытута нацыянальнай памяці, як тое робіцца ў суседніх краінах, дзе гісторыкі і следчыя працуюць на агульны вынік.
Атрымоўваецца, што камісіі працуюць досыць фармальна?
- Мне складана ацэньваць вялікую колькасць камісіі, бо я ўваходжу ў склад толькі адной – магілёўскай гарадской камісіі. Якасць і плённасць працы на прамую залежыць ад адказнасці ў сваёй дзейнасці чальцоў пэўных камісій, і асоб ім падначаленых. Трэба ўлічваць таксама занятасць на асноўным месцы працы, прафесійны ўзровень, разуменне атрыманага імі задання і бягучых задач, якія ставіць пракуратура. Вядома сярод членаў камісій сустракаюцца гісторыкі, супрацоўнікі музеяў, якія выконваючы бягучую задачу, маюць карысць для свайго далягляду і сваіх устаноў на больш далёкую перспектыву. Але, як я ўжо зазначаў, значная частка асоб камісій і іх памочнікаў не ўяўляюць інфармацыйных магчымасцяў архіўных дакументаў, шукаюць інфармацыю там, дзе яе няма, хочуць знайсці пэўнае карты, планы, схемы размяшчэння канцлагероў ці месц пахаванняў, калі ні архіўных фондаў, ні нават дакументаў гэтых аб’ектаў няма, а сведкаў праз столькі год ужо не адшукаць.
Дыпламатычны адказ. Алесь, калі можаце, распавядзіце пра свае даследчыя пошукі ў архіве. Можа вам асабіста ўдалося штосьці знайсці новае пра генацыд насельніцтва Беларусі ў гады апошняй вайны?
- Насамрэч спецыфікай “акупацыйнага” комплексу дакументаў з’яўляецца тое, што пераважная іх большасць паходзіць ад цывільных органаў акупацыйнай улады. Найбольш масіўныя архіўныя фонды паходзяць з устаноў г. Бабруйску і г. Магілёва, рэшта – з райцэнтраў і сельскай мясцовасці амаль не мае “гісторыі акупацыі”. Дакументаў рэпрэсіўнай машыны акупантаў вобмаль. Знайсці ў дакументах прамыя сведчанні нацыстаў і іх паасобнікаў аб сваіх злачынствах амаль немагчыма. Мне асабіста атрымалася знайсці так бы мовіць прызнанні акупантаў аб знішчэнні вёскі Брыцалавічы Асіповіцкага раёну, і справаздачы паліцаяў аб поспехах у барацьбе з партызанамі. Сярод загадаў гарадскіх упраў Бабруйска і Магілёва пераважная большасць не ўтрымлівае складу злачынстваў ці дыскрымінацыі. Шэраговая штодзённая руціна любой улады на любой тэрыторыі, як у ваенны, так і ў мірны час. Выключэнне – загад аб стварэнні Магілёўскага гета і нешматлікія іншыя дакументы.
Алесь, напрыканцы размовы: якое пытанне вы хацелі б задаць сабе самі сам, і як бы вы на яго адказалі?
- Хацелася б адказаць на пытання шэрагу нашых грамадзян, а чым трагедыя яўрэяў, і, дарэчы, цыганоў, у часы Вялікай Айчыннай вайны вылучалася ў параўнанні з іншымі пацярпелымі ад той вайны? Хоць і параўноўваць гэткія рэчы не зусім дарэчна з маральнага пункту гледжання. Трагэдыя і ахвяры не паддаюцца параўнанню. Але істотнай розніцай з’яўляецца тое, што для таго каб выжыць ва ўмовах акупацыі, шэраговаму жыхару г. Магілёва беларускай ці рускай нацыянальнасці дастаткова было плыць па “цячэнні”, як і раней працаваць, не парушаць бягучы закон, не выступаць супраць акупацыйнай улады. У выпадку з яўрэямі ды цыганамі такой опцыі не існавала. Ім была наканавана смерць, за сам факт прыналежнасці да сваёй нацыянальнасці, нічога нават адмыслова дэструктыўнага рабіць не трэба было. Іх маглі выселіць з дому, адмовіцца лячыць у бальніцы, арыштаваць з фармулёўкай “как жида”. Апошняя фармулёўка і тады ўжо мела абразлівае адценне. Каб знайсці факты падобнага стаўлення да беларусаў ды іншых жыхароў нашай краіны трэба вельмі пастарацца.
Алесь, дзякую за тлумачэнне сітуацыі з працай камісіі і дазвольце пажадаць вам здароўя. Сёння гэта актуальнае пажаданне нам усім, і, вядома ж, жадаю вам новых цікавых архіўных знаходак.
Алесь Верасень