На сённяшні момант практычна ў кожнага горада ці нават мястэчка (афіцыйна – пасёлак гарадскога тыпу) на Беларусі ёсць свой герб. Частка гарадоў маюць даўнюю гісторыю сваіх гербавых сімвалаў, а некаторыя атрымалі зусім нядаўна, ужо ў часы незалежнай Беларусі. Але самае галоўнае каб герб адлюстроўваў спецыфіку горада ці яго гісторыю, асаблівасці, адметнасці або славутасці. На вялікі жаль далёка не кожны герб сапраўды паказвае спецыфіку горада або яго адметнасць. Яскравым прыкладам у гэтым плане можа служыць сучасная сімволіка Слаўгарада (Прапойска) і Чавусаў.
На гербе Слаўгарада размешчана выява мураванага храма, што быў закладзены з нагоды 200-гадовага юбілея перамогі пры Лясной расійскімі войскамі пад кіраўніцтвам Пятра І над шведскім корпусам генерала Левенгаўпта. Як вядома, знакаміты рускі палкаводзец назваў бітву пад Лясной і яе вынік «маці Палтаўскай перамогі». Пабудаваны мураваны храм ля в. Лясная стаў прататыпам ранейшай драўлянай царквы і быў адкрыты 12 ліпеня 1912 года ў дзень свята Святога Пятра. Яго стыль даследчыкі культавай архітэктуры вызначаюць як псеўдарускі. Дарэчы, адным з найбольш удалых помнікаў псеўдарускага стылю ў Беларусі лічыцца якраз мемарыяльны храм у вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна. У савецкі атэістычны час многія тысячы храмаў па ўсяму СССР перажывалі перыяд заняпаду: Пятроўскі храм у Лясной выкарыстоўваўся пад склад і належыў мясцоваму калгасу. З атрыманнем Беларусі незалежнасці адбыўся рэлігійны Рэнесанс, а згаданы храм, як і многія іншыя, пачаў выконваць сваю непасрэдную культавую функцыю. На сённяшні момант для Слаўгарадскага раёна Пятроўскі мемарыяльны храм стаў практычна брэндам, што выкарыстоўваецца на ўсёй сімволіцы рэгіёна. Адзначу, што афіцыйныя геральдычныя сімвалы г. Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна зацверджаны загадам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2005 года.
Герб горада Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна прадстаўляе сабой выяву на блакітным поле іспанскага шчыта залатой капліцы. Складаецца ўражанне, што найбольш папулярнага гістарычнага аб’екта няма, бо тая ж самая Царква Раства Багародзіцы, якая пабудавана ў канцы ХVІII стагоддзя ў стыле класіцызма і мае ўнікальныя фрэскі, значна менш вядомая. І гэта нягледзячы на тое, што царква з’яўляецца самым старажытным будынкам Слаўгарадскага раёна. Багата іншых аб’ектаў і асаблівасцяў ёсць у пасожскага кутка, як то Блакітная крыніца (Сіні калодзеж), паштовая станцыя сярэдзіны XIX стагоддзя і парк пейзажнага тыпу канца 18 стагоддзя, што з’яўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва ў якім захавалася вежа ад сядзібы Галіцыных. Дарэчы, менавіта князю Аляксандру Галіцыну быў падараваны горад Кацярынай ІІ пасля першага падзела Рэчы Паспалітай (1772 г.). Такім чынам, Пятроўскі храм адзін з шэрагу ўнікальных аб’ектаў Прапойшчыны, але ж не адзіны, а магчыма і не самы ўнікальны. Тым не менш менавіта ён трапіў на герб горада і стаў найбольш знакамітым.
Аднак наколькі гэты герб адлюстроўвае ўласна беларускую гісторыю і гісторыю горада? Варта прыгадаць, што Беларусь падчас Паўночнай вайны, да якой апелюе дата стварэння храма, стала арэнай палітычнай і васковай гульні Швецыі і Расіі, а гэту сітуацыю яшчэ ўскладняла практычна грамадзянская вайна паміж антышведска і прашведска настроенай шляхтай Рэчы Паспалітай. Паўночная вайна, якая доўгія гады цягнулася на землях Рэчы Паспалітай і перадусім Беларусі, была даволі трагічнай для нашых зямель, бо ні шведы, ні рускія не надта добра ставіліся да мясцовага жыхарства. Бітва пад Лясной скончылася перамогай войскаў Пятра І, бо шведы, каб выратаваць войска, адступілі. Менавіта ад часоў Пятра І бітва стала характарызавацца як надзвычай важная і пераможная. У гэтыя часы быў прыдуманы міф пра партызанскую барацьбу беларускага народа супраць шведаў, які спачатку трансляваўся ў расійскай імперскай гістарыяграфіі, а пасля перакачаваў у савецкую. Аднак сваімі вытокамі міф сягае яшчэ ў пятроўскія часы. Пасля сыходу рускага і шведскага войскаў Усходняя Беларусь (Магілёўшчына і Мсціслаўшчына) уяўлялі сабой выпаленыя землі. Усе гарады апроч Шклова былі зруйнаваныя, вёскі спаленыя. Тысячы непахаваных трупаў жаўнераў абодвух войскаў прынеслі пошасць, перадусім чуму, ад якой у Беларусі памерла 34 тысячы чалавек. Голад быў страшнейшы, людзі елі сабак, а за людажэрства на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага ў 1709 годзе было пакарана смерцю 8 чалавек. Варта задацца пытаннем, калі для рускай дзяржавы вайна была пераможная, то што яна дала Рэчы Паспалітай і ўласна Беларусі? Хутчэй выглядае на вялікую трагедыю для беларускіх зямель, а боль ўдалося пераадоліць толькі праз дзесяткі год. Дарэчы, 5 кастрычніка 2008 года ў Лясной прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды 300-годдзя бітвы пад Лясной, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Швецыі. У гэты дзень на тэрыторыі мемарыялу быў закладзены памятны Сад міру і згоды. Гэтая разумная і правільная ініцыятыва, якая не толькі будзе спрыяць паразуменню паміж народамі і ўсталяванню міра, але і нагадваць пра страшнае аблічча вайны.
Сучасны герб Чавусаў таксама звязаны з падзеямі Паўночнай вайны і з’яўляецца водгуллем бітвы пад Лясной. Перакрыжаванне мяча і шаблі, а таксама лаўравы вянок сведчыць пра перамогу рускіх войскаў над шведамі. Аднак то была бітва пад Лясной, а не пад Чавусамі. Для праўды адзначу, што ідэя шведскіх войскаў палягала ў тым, каб войска Левенгаўпта злучылася з войскай Карла ХІІ каля Чавусаў. Аднак калі ў канцы верасня ўвесь корпус Левенгаўпта выйшаў да вёскі Лясная, то даведаўся, што горад Чавусы захапіла расійскае войска. Левенгаўпт пастанавіў рухацца далей на Прапойск, аднак перадыхнуць вырашана было каля Лясной, дзе быў утвораны ўмацаваны лагер. На наступны дзень ужо асноўныя вайсковыя сілы Петра І таксама прыйшлі да Лясной. Адсюль захоп расійскімі войскамі Чавусаў парушыў планы шведаў і вымусіў іх зрабіць тактычныую памылку, якая прывяла да паразы пад Лясной.
Аднак варта адзначыць, што горад Чавусы ўзнік на стагоддзе раней за падзеі Паўночнай вайны. Няглядзячы на сваё ўзнікнненне толькі ў 1604 годзе, праз трыццаць гадоў атрымаў Магдэбургскае права. Гэтае права было нададзена гораду каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславам Вазам 12 жніўня 1634. «у блакітным полі на белым кані святы Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч». Гэты герб варта разглядаць у адным шэрагу гарадскіх знакаў, якія адлюстроўваюць ідэі абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцей. Гэта значыць, што менавіта гэты герб з’яўляецца самым першым у гісторыі Чавусаў, а разам з тым нёс пэўныя эканамічныя, гандлёвыя прэферэнцыі і магчымасць самакіравання. Новы герб быў дараваны Чавусам ужо ў часы расійскага панавання імператрыцай Кацярынай II 16 жніўня 1781: “У верхняй частцы шчыта частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй — у чырвоным полі шпага, пакладзеная крыжападобна з мячом, злучаныя лаўровым вянком, у памяць слаўнай перамогі, здабытай над шведамі, у наваколлях гэтага горада пад Лясным”.
Назвычай дзіўнай і прыкрай сітуацыя атрымалася ўжо ў часы незалежнай Беларусі. Калі ў 2001 годзе паўстала пытанне аб выбары афіцыйнага геральдычнага сімвала, Чавускі райвыканкам на чале са старшынёй А. Мацюліным аддаў перавагу гербу часоў Расійскай імперыі як «больш адпаведнаму менталітэту грамадзян». 3 студзеня 2005 статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў герб прыняты за часамі Расійскай імперыі. Цяперака герб горада адлюстроўвае не слаўныя часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а часы трагедыі для беларускіх зямель.
Такім чынам, гарадскія сімвалы Слаўгарада (Прапойска) і Чавусаў звязаны з трагічнымі падзеямі Паўночнай вайны для беларускіх зямель і алюстроўваюць сімвалы перамогі рускага вайска і памяці пра яе. З беларускай гісторыяй яны звязваюцца, аднак з’яўляюцца досыць супярэчлівымі. Куды значна больш дарэчна, напрыклад, выкарыстанне Магдэбурскага сімвала Чавусаў у параўнанні з неадназначнай сімволікай часоў Расійскай імперыі, якая адлюстроўвае чужыя перамогі і праслаўляе іх. Аднак вяртанне да сапраўднай гісторыі гэта справа будучыні.
Алесь Крыжэвіч