Галоўная » «Гэта ўсё яна»

«Гэта ўсё яна»

Новы спектакль, новая рэальнасць, новы моладзевы слэнг, але жыццёвыя праблемы і пытанні застаюцца вечныя – дарослыя і дзеці, каханне і жыццё.

На малой сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы чарговая прэм’ера – пастаноўка «Гэта ўсё яна» па п’есе расійскага і беларускага драматурга Андрэя Іванова. Вось як апісаў ідэю спектаклю рэжысёр магілёўскага тэатра драмы Уладзімір Пятровіч“Спектакль пра канфлікт бацькоў і дзяцей. Гэты канфлікт спрадвечны, але сюды, сыходзячы ад часу, дадаюцца сучасныя тэхналогіі, і, дзякуючы ім, гэты канфлікт абвастраецца, павялічваецца…”

Сцэна са спектакля
Часта бывае, што бацькі быццам жывуць у сваіх прыдуманых “клетках”, не вельмі разумеючы, што свет навокал змяняецца і ў новага пакалення крыху іншыя каштоўнасці

 

А некаторыя бацькі наадварот – занадта перабольшваюць у сваіх уяўленнях прыхільнасці сваіх дзяцей
Але, самае галоўнае, не перайсці ў стасунках тую рысу, калі адбываецца “памылка доступу” і ўся сістэма канчаткова і незваротна “вісне”…

Як і ў сапраўдным жыцці, у спектаклі можна пачуць нават нецэнзурную лексіку, таму ў афішы і стаіць пазначка 16+. Рэжысёр патлумачыў, што ўвогуле, першы аўтарскі варыянт п’есы быў папросту напісаны лаянкай, у другім варыянце аўтар зрабіў самацэнзуру і выкарыстаў моладзевы слэнг, хоць некаторыя слоўцы засталіся. Але спектакль будзе цікава паглядзець не толькі дарослым, і падлеткі, у іх пераходны ўзрост 13-14 гадоў, шмат у чым змогуць пазнаць сябе, магчыма, неяк пераасэнсаваць свае адносіны з бацькамі.

Калі ўдумліва ўнікнуць у больш глыбокія, філасофскія карані праблемы стасункаў пакаленняў – старога і маладога, то можна нават правесці паралелі і з тым, што адбываецца зараз у Беларусі. Вось як адказаў на пытанне карэспандэнта 6tv.by наконт такога параўнання сам рэжысёр:
“Спектакль пра тое, што мы не чуем і не слухаем, і не хочам размаўляць са сваймі дзецьмі. Я не хачу сказаць, што вось маці дрэнная, а сын добры, ёсць віна і на сыне, які да размовы не вельмі імкнецца. Магчыма, у нейкіх агульначалавечых каштоўнасцях можна адсачыць і сувязь з сучаснымі падзеямі ў Беларусі”.

Уладзімір Пятровіч з акцёрамі на сустрэчы-абмеркаванні з журналістамі пасля “прагону” спектакля

Дарэчы, рэжысёр асабіста патрапіў у самы цэнтр такога жыццёвага канфлікту паміж “бацькам”-дзяржавай і “маладым пакаленнем”, якое прагне пераменаў. Уладзімір Пятровіч адседзеў трое “сутак” за “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”, хоць затрымалі яго папросту пад час удзелу ў краязнаўчай экскурсіі магілёўскага ТБМ.

Некалькі словаў пра аўтара п’есы. Андрэй Іваноў – расійскі і беларускі драматург тэатра і кіно, рэжысёр. Сябра Саюза пісьменнікаў Масквы. Намінант тэатральнай прэміі «Залатая маска» 2018 гадоў ў намінацыі «Лепшая праца драматурга». Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Благавешчанску. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Працаваў рэдактарам і карэспандэнтам у беларускіх СМІ, аглядальнікам у інфармацыйным агенцтве «Інтэрфакс-захад», рэдактарам у выдавецтве “Лабірынт”.
Аўтар п’ес: «Гэта ўсё яна», «Чырвоны воўк» (шорт-ліст фестываля малады драматургіі «Любимовка-2015»), «Крыкі чаек», «Жэня на кухні», «Крыжовы паход дзетак» (1 месца ў IV міжнародным драматургічным конкурсе «Баденвайлер-2016»), «З вучылішчы”, “Август-6”, “Крыніцы святла», «Мертвятник». Сцэнар паўнаметражнай драмы «Шахід» быў адзначаны ганаровым дыпломам VII Казанскага міжнароднага фестывалю мусульманскага кіно.

А так размеркаваліся ролі ў новай пастаноўцы тэатру: Сын – Максім Чарнюк, Маці – Ірына Дунчанка, Таўэрскі крумкач – Ягор Шабетнік, Тоф – Лізавета Кароткая.

Прэм’ерныя паказы спектаклю адбудуцца 25 і 26 жніўня. Білеты можна набыць у касе тэатра і праз інтэрнэт.

Даведкі і замова квіткоў па тэл .: 8 (0222) 65-50-53, (+37529) 131-25-48 – A1, (+37529) 241-43-86 – МТС.  Каса тэатра: 8 (0222) 65-66-04

 Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

Больш фота: