39-гадовы Эдуард Грынявецкі празь небясьпеку арышту за апазыцыйную дзейнасьць апынуўся ў эміграцыі. На радзіме супраць яго распачалі крымінальную справу за нібыта пагрозу жыцьцю міліцыянта, паведамляе Радыё Свабода.
Грамадзкім актывістам Эдуард Грынявецкі стаў у 15 гадоў. У сямнаццаць яго першы раз затрымалі. Ён хацеў прысьвяціць сябе сьвятарству, але жыцьцё прывяло яго 9 сьнежня 2010 году ў Менск на плошчу Незалежнасьці.
Пра Эдуарда Грынявецкага. Сьцісла
- Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Іжэўску (Расея), дзе бацька жыў непрацяглы час і ажаніўся. Па нараджэньні сына бацька зь сям’ёй вярнуўся ў Беларусь.
- У 2002 годзе скончыў Бабруйскі лесатэхнічны тэхнікум і атрымаў дыплём тэхноляга дрэваапрацоўкі.
- З 2002 па 2007 год (зь перапынкам у год) вучыўся на каталіцкага манаха-сьвятара.
- З 2011 году рабіў на бабруйскім піўзаводзе.
Беларушчына, моладзевыя суполкі, навучаньне на манаха
Эдуард Грынявецкі — адзін з актывістаў беларускамоўнай грамады Бабруйску. Кажа, што беларушчынай захапіўся яшчэ ў маленстве. Умацавалі жаданьне гаварыць па-беларуску дзядзька Юры Грынявецкі, цяпер старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), і дзед Антон Грынявецкі. Спрыялі і настаўнікі, якія, паводле суразмоўцы, «на ўроках беларускай мовы і літаратуры яшчэ гаварылі па-беларуску, бо чулі жывую гаворку ў вёсках, зь якіх пераважна паходзілі».
У 15 гадоў Эдуард трапіў на пасяджэньне моладзевай арганізацыі «Грамадзянскі форум» — і з гэтага ўсё пачалося. Прызнаецца, што тады ня ведаў пра існаваньне ў Бабруйску іншых суполак апазыцыйна настроенай моладзі, таму на некалькі год стаў сябрам гэтага абʼяднаньня, хоць яго і «хіліла да сацыял-дэмакратыі».
Пазьней ён быў сярод заснавальнікаў мясцовай суполкі «Маладых сацыял-дэмакратаў». Па ягоных словах, у канцы 1990-х і пачатку 2000-х нямала юнакоў прыходзілі ў моладзевыя арганізацыі. У сваім тэхнікуме, напрыклад, ён меў зь дзясятак паплечнікаў.
Эдуард — заўсёднік набажэнстваў у касьцёле. У дваццацігадовым веку ён спрабаваў зьвязаць сваё жыцьцё з манаскім служэньнем і падаўся быў да манахаў кармэлітаў босых. Атрымаўшы манаскую расу і павучыўшыся ў Пінскай духоўнай сэмінарыі, зразумеў, аднак, што шлях сьвятара не ягоны.
Скасаванае назіраньне на выбарах і чаканьне працоўных на пратэст 2001 году
У першыя прэзыдэнцкія выбары Эдуарду Грынявецкаму было 12 гадоў. Дзядзька і некаторыя родзічы, згадвае ён, былі катэгарычна супраць Лукашэнкі. Даводзілі, што гэты палітык для Беларусі нічога добрага ня зробіць. Але ў Бабруйску тады былі моцныя прарасейскія настроі, і большасьці людзей імпанавала, што «малады прэтэндэнт на прэзыдэнцтва абяцае аднавіць Савецкі Саюз».
У самога Эдуарда стаўленьне да кіраўніка дзяржавы зьмянілася з нэўтральнага да крытычнага. Чым больш сталеў, тым больш, кажа, разумеў, што Лукашэнка «цягне Беларусь у багну, і год ад году будзе толькі горш».
У 17 гадоў Грынявецкага затрымалі першы раз на апазыцыйным мітынгу. Разам яшчэ з адным непаўналетнім тады адпусьцілі з пастарунку.
У 2001 годзе ён быў назіральнікам ад праваабарончага цэнтру «Вясна» на прэзыдэнцкіх выбарах. Напярэдадні асноўнага дня галасаваньня акрэдытацыю гэтай арганізацыі скасавалі. Па словах Эдуарда, гэтая навіна засьпела яго ў Глуску, дзе зьбіраўся назіраць за галасаваньнем. На наступны дзень яго і іншых актывістаў папярэдзілі: калі зьявяцца на ўчастак, то іх арыштуюць. Тады група назіральнікаў паехала на акцыю пратэсту ў Менск.
«Нас тады няшмат сабралася на Кастрычніцкай плошчы, — згадвае ён. — Нам абяцалі, што неўзабаве пасьля зьменаў падыдзе падмацаваньне з заводаў, але пасьля двух дзён чаканьня мы ўсё ж разышліся».
У 2010 годзе Грынявецкі быў удзельнікам пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Пашанцавала ня трапіць пад арышт. Кажа, удалося прарваць ланцуг і ўцячы. А тых, хто застаўся каля Дому ўраду, затрымалі.
Было дзіўна чуць, што Лукашэнка выйграў выбары летась
Мінулы год зьмяніў жыцьцё Эдуарда Грынявецкага, як і многіх беларусаў. Паводле яго, паводзіны ўлады і заявы Лукашэнкі, што каранавірус — гэта псыхоз, раззлавалі людзей.
«Я ведаў ад сяброў, якія працавалі ў шпіталях, што абстаноўка там была надзвычай цяжкая, — кажа ён. — У 2020-м на Вялікдзень я ўпершыню ў жыцьці не наважыўся ісьці ў касьцёл. На набажэнстве быў онлайн».
Многія сябры, працягвае ён, шылі маскі для мэдыкаў. За гэты занятак сядалі сем’ямі зь дзецьмі. Актывісты апазыцыі шылі іх па офісах, арганізоўваліся суполкі валянтэраў, супольна закуплялі матэрыял.
«Калі абвясьцілі выбары, я быў упэўнены, што яны ня будуць падобныя да іншых, — кажа далей Эдуард. — Настроі былі супраць Лукашэнкі. У маім цэху, дзе працавала пад 50 чалавек, ніхто не казаў, што прагаласаваў за Лукашэнку. І так было паўсюль. Было дзіўна чуць, што ён выйграў выбары».
На ягоную думку, людзей толькі падахвоціла здыманьне з выбараў ды арышты моцных канкурэнтаў Лукашэнкі.
Эдуард Грынявецкі кажа, што доўга прыглядаўся да вылучэнцаў і ўрэшце далучыўся валянтэрам да ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Лічыў яе слабой кандыдаткай, аднак імпанавала, што ў яе «невялікай бабруйскай камандзе» былі актыўныя чальцы, якім бракавала досьведу выбарчай працы. І ён узяўся ім дапамагаць.
Грынявецкі цьвердзіць, што міліцыянты таксама казалі яму пра чаканьне пераменаў, але на справе ўчынілі гвалт.
Аб пратэстах здагадваўся ў ізалятары, слухаючы радыё
9 жніўня Эдуард Грынявецкі галасаваў у ізалятары часовага ўтрыманьня, куды трапіў з выбарчага ўчастку. Па ягоных словах, старшыні камісіі не спадабалася, што назіральнікі патрабуюць выніковыя лічбы папярэдняга галасаваньня. Яна называла гэта перашкодай працы камісіі. Грынявецкага затрымалі за «дробнае хуліганства», а ў аддзеле міліцыі высьветлілася, што старшыня камісіі абвінаваціла яго ў пагрозе ейнаму жыцьцю. Яму прысудзілі шэсьць дзён арышту.
Спачатку ён сядзеў у чатырохмеснай камэры з затрыманымі за бытавыя правіны. 10 жніўня тых нечакана выпусьцілі і «падсялілі ўжо палітычных, якіх забралі за пратэсты». Па словах Грынявецкага, палітарыштанты запоўнілі ўвесь ІЧУ, ім нават выдзелілі камэры ў ізалятары для падазраваных у крымінальных злачынствах.
«Па тым, што перадавала радыё, я здагадваўся, што пратэсты ідуць па ўсёй краіне, — апавядае Эдуард. — У адным з паведамленьняў сказалі пра сьмерць Тарайкоўскага, у якога нібыта ў руках узарвалася самаробная выбухоўка. Я быў перакананы, што яго забілі».
Грынявецкі выйшаў на волю 11 жніўня. Пра маштаб гвалту, кажа, ня мог здагадацца нават прыблізна. Сябры зь Менску паведамілі яму, што ў іх «амаль што грамадзянская вайна: рвуцца шумавыя гранаты, страляніна». У першыя дні пасьля ізалятара Эдуард зьбіраў для праваабарончага цэнтру «Вясна» зьвесткі пра затрыманых.
Як гвалт суцішыўся, першымі, па ягоных словах, выйшлі ў Бабруйску пратэставаць жанчыны, а за імі лекары. Потым пратэсты сталі больш маштабнымі. Людзі самаарганізоўваліся, але сярод іх не было лідэраў. Грынявецкі кажа, што пратэставыя калёны выглядалі эфэктна, але, на ягоную думку, сумнеўна, каб імі можна было дамагчыся новых выбараў і пакараньня вінаватых за гвалт.
«У нас ня першыя выбары завяршаюцца пратэстамі, але і гэтым разам іх выцесьнілі з вуліц, хоць яны трывалі даўжэй за іншыя», — кажа ён.
Фігурант трох крымінальных спраў за тры месяцы
Паводле Грынявецкага, першы раз пад крымінальны перасьлед ён трапіў яшчэ ў ізалятары — за нібыта арганізацыю пратэстаў. Сьледчы дапытваў пра публікацыі адпаведных заклікаў у мэсэнджарах. З дому забралі кампутар, пляншэт, носьбіты інфармацыі.
Усьлед за гэтым абвінавачваньнем, працягвае актывіст, Сьледчы камітэт узяўся расьсьледаваць справу, распачатую па заяве старшыні выбарчай камісіі, чыйму жыцьцю ён нібыта пагражаў. Абедзьве справы спынілі, бо не знайшлі доказаў віны. Тэхніку вярнулі.
У лістападзе 2020 году Грынявецкі разам зь земляком Уладзімерам Усерам стаў фігурантам яшчэ адной справы. Гэтым разам дваіх актывістаў абвінавацілі ў пагрозе жыцьцю міліцыянтаў. Пагрозы ад бабруйчан тыя нібыта чулі на адным з судоў, на якіх разьбіралі адміністрацыйную справу ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці. Міліцыянты на ёй былі сьведкамі.
«Калі б застаўся, то маглі пакараць „хіміяй“, а мо і рэальным тэрмінам у калёніі, — мяркуе Эдуард. — У гэтай справе міліцыянты падмацоўвалі сьведчаньні адзін аднаго».
Па ягоных словах, супраць Уладзімера Усера крымінальны перасьлед нібыта спынілі, але той асьцерагаецца вяртацца з-за мяжы. Тым часам дом Грынявецкага рэгулярна наведваюць супрацоўнікі крымінальнага вышуку, каб спраўдзіць, ці вярнуўся ён. Прыходзілі нават у дзень, калі сям’я адзначала матчын юбілей.
Палякі зычаць знайсьці жонку і застацца ў іх
Эдуард Грынявецкі зьехаў зь Беларусі 27 сьнежня. Цяпер у Польшчы працуе ў кампаніі, якая займаецца ўпарадкаваньнем сядзібаў. На жыцьцё не наракае, толькі прызнаецца: цягне на радзіму.
Па ягоных словах, і ў Беларусі ён жыў няблага. Заробку, як на аднаго, то хапала, адкладаў нават на далёкія вандроўкі. У Польшчы ж праз карантын у сьвет выбіраецца толькі па працы. Паводле яго, палякі ставяцца да беларусаў добра. Некаторыя нават кажуць: «Гэта добра, што сюды прыехалі, дык можа жонку тут сабе знойдзеце ды застаняцеся ў нас».
Эдуард настроены вярнуцца на радзіму, калі тут зьменіцца ўлада. На ягоную думку, гэтага варта чакаць праз два-тры гады. Ён лічыць, што гэтага часу даволі, каб мінуўся страх, нагнаны масавымі арыштамі і вялізнымі штрафамі.
«Два-тры гады Лукашэнка яшчэ ўтрымае ўладу на міліцэйскіх дубінках, — разважае Грынявецкі. — Потым пачнуцца зноў пратэсты, і гэтым разам яму ня ўседзець. Безь люстрацыі нам не абысьціся. Службоўцы павінны адказаць за фальшаваньні леташніх выбараў, гвалт сілавікоў».
Фота з сайта Радыё Свабода