26 лістапада 1894 года нарадзіўся Іван Дзмітрыевіч Папанін, доктар геаграфічных навук, сусветна вядомы палярнік, контр-адмірал, двойчы Герой Савецкага Саюза, папечнік ураджэнца Магілёва акадэміка Ота Шміта.
У 1938 годзе ў гонар сканчэння эпапеі на першай дрэйфуючай станцыі “Паўночны полюс” з’явілася на карце Магілёва вуліца Папаніна (650 метраў, у куце паміж вуліцамі Касманаўтаў і Лазарэнкі, на вуліцы знаходзіцца інспекцыя аховы жывельнага і расліннага свету).
У 1940 годзе імя героя, падарожніка, даследчыка Папаніна, па хадайніцтву дэканата геаграфічнага факультэта педінстытута было прысвоена Магілёўскаму педагагічнаму інстытуту. Няма пісьмовых сведчанняў, але ёсць звесткі, што Папанін наведваў Магілёў за 1-2 гады перад вайной.
У пасляваенны час Магілёўскі педінстытут афіцыйна не насіў аніякага імя дзеяча. Толькі ў 1977 годзе прысвоілі імя паэта Аркадзя Куляшова, а праз 25 гадоў, 26 лістапада 2002 года на будынку галоўнага корпуса (корпуса №1, вул. Касманаўтаў, 1) Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда з барэльефам Аркадзя Куляшова.
У 1970-я гг. была спроба ўстаноўкі помніка, бюста паэта ў будынку педінстытута. Паводле інстытуцкага фальклору бюст Куляшова быў выраблены і памылкова адасланы з фабрыкі ў адну з устаноў рэспублік Сярэдняй Азіі ў якасці бюста Леніну і там урачыста ўстаноўлены. А ў Магілёў, у адрас інстытута прыйшоў замест адрасату ў Сярэдняй Азіі, бюст Леніна, які і прастаяў у вестыбюле інстытута, потым універсітэта (з 1997) да 2000-х гг.
На базе універсітэта праводзяцца навуковыя “Куляшоўскія чытанні”.
У гонар паэта Аркадзя Куляшова ў Магілёве, Мінску, Смаргоні і Рэчыцы названы вуліцы.
У Магілёве вуліца Куляшова з’явілася да 100 годзя паэта, знаходзіцца ў раёне абласной бальніцы, паміж вуліцамі Бялыніцкага-Бірулі і Пысіна, на вуліцы пабудаваны дом для выкладчыкаў МДУ імя А. Куляшова .
Марэк Федаровіч