Галоўная » Гісторыя няўрадавай арганізацыі, якая дапамагае абяздоленым у Бабруйску. «Той, хто не сутыкнуўся зь нядоляю, сюды ня пойдзе»

Гісторыя няўрадавай арганізацыі, якая дапамагае абяздоленым у Бабруйску. «Той, хто не сутыкнуўся зь нядоляю, сюды ня пойдзе»

У Бабруйску чатыры гады дабрачынная ўстанова «Справядлівая дапамога» падтрымлівае людзей, якія апынуліся ў нядолі. Яна раздае бадзягам, пэнсіянэрам і былым асуджаным ежу і адзеньне. У арганізацыі кажуць, што абяздоленых год ад году становіцца болей, а ахвотных дапамагаць ім меней. Сытуацыю ўскладняе пандэмія каранавірусу ды напружанае эканамічнае становішча ў краіне, піша Радыё Свабода.

«Кормім тых, каго стараюцца не заўважаць»

Офіс няўрадавай арганізацыі месьціцца ў некалькіх пакоях падвальнага памяшканьня на вуліцы Энгельса. Раней тут гатавалі і кармілі наведнікаў. Але, кажа кіраўнік арганізацыі Максім Чарняк, санэпідэмстанцыя загадала такую практыку спыніць, бо памяшканьне не адпавядае патрабаваньням. Цяпер харчовыя пакеты раздаюць у серады і суботы на вуліцы. Ежу гатуюць валянтэры ў іншым месцы.

Максім Чарняк

Па словах Максіма, на пазыцыю санэпідэмстанцыі паўплывалі скаргі жыхароў, незадаволеных суседзтвам з арганізацыяй, якая апякуецца бадзягамі. Улічаная была санітарамі і пандэмія каранавірусу.

«Мы і самі асьцерагаемся вялікую колькасьць людзей запускаць у памяшканьне, — адзначае ён. — Але многія, хто да нас прыходзіць, акрамя як паесьці, хочуць яшчэ пагрэцца. Мы ж не заўжды цяпер можам згатаваць для іх нават гарбату».

Максім кажа, што сытуацыя з эпідэміяй змусіла арганізацыю часова прыпыніць зьбіраньне дапамогі ў гандлёвых цэнтрах, каб не рызыкаваць здароўем валянтэраў. Па ягоных словах, пакуль яна спраўляецца са сваімі задачамі дзякуючы падтрымцы гараджанаў, якія прывозяць прадукты і адзежу ў офіс.

Такія талёны на харчаваньне выдаюць сталым падапечным дабрачыннай арганізацыі

Сталыя падапечныя арганізацыі ня толькі бяздомнікі, але і былыя асуджаныя ды пэнсіянэры. Максім адзначае, што інфармацыі пра гэтую катэгорыю насельніцтва вобмаль. Такіх людзей стараюцца не заўважаць. Іх не прынята паказваць па тэлевізіі. Ён лічыць, што такая сытуацыя характэрная для любой краіны, бо «ніхто ня хоча бачыць бадзягу, які сьпіць на вакзале, але такая зьява ёсьць».

Максім кажа, што ў Бабруйску, акрамя ягонай арганізацыі, корміць абяздоленых праваслаўная і пратэстанцкія царквы, а таксама Чырвоны крыж.

 

Спагадлівымі становяцца тыя, хто сам сутыкнуўся зь нядоляю

Максім Чарняк робіць фэльчарам на хуткай дапамозе і ня можа, як раней, аддаваць шмат часу арганізацыі, таму разьлічвае на валянтэраў. Іх, па ягоных словах, у арганізацыі дзясятак.

На ягоны погляд, грамадзтва пакуль не разумее, для чаго трэба дапамагаць абяздоленым. Ён кажа, што спагадлівымі становяцца тыя, хто сам сутыкнуўся зь нядоляю, альбо ў ёй пабываў родзіч ці знаёмец.

«Нешта ў жыцьці чалавека павінна адбыцца, каб ён узяўся дапамагаць чужому чалавеку ў нядолі», — лічыць кіраўнік арганізацыі.

Гэтую арганізацыю ён задумаў стварыць пасьля перанесенай анкалягічнай хваробы. У 2017 годзе ён зарэгістраваў дабрачынную ўстанову і за прамінулы час яна дапамагла некалькім тысячам чалавек. Максіму ўпраўляцца з гаспадаркай дапамагае жонка. У іхнай сям’і трое дзяцей.

Максім адзначае, што эканамічная сытуацыя ў краіне не спрыяе разьвіцьцю дабрачыннасьці. У людзей праблемы з працаю і заробкамі. Яны сталі жыць бядней. Пагаршае становішча каранавірус. Па словах актывіста, некаторыя са сталых памочнікаў асьцерагаюцца прыходзіць у офіс, каб не заразіцца.

Палітычны крызіс, кажа ён, не адбіваецца на дзейнасьці арганізацыі. Яна ня мае праблемаў зь сілавымі ведамствамі. Яе пэрсанал і валянтэры пазьбягаюць абмяркоўваць палітычную сытуацыю ў краіне, каб не наклікаць бяды. «Погляды аднаго-двух чалавек могуць нашкодзіць сотням тых, каму патрэбна дапамога», — зазначае ён.

 

Болей стала прыходзіць абяздоленых

Максім кажа, што арэнда офісу абыходзіцца арганізацыі разам з камунальнымі паслугамі пад 300 рублёў за месяц. Такія выдаткі не заўжды ўдаецца аплачваць своечасова. Неяк паўгода вісела запазычанасьць у 3000 рублёў. Пагасіць удалося дзякуючы людзкой дапамозе. Зь дзяржаўных прэфэрэнцыяў арганізацыя мае паніжальны каэфіцыент 0,5 за арэнду офісу, таму плацяць меней удвая. Такую палёгку ўвялі, калі актывісты зьвярнуліся да мясцовай улады.

Ежу для падапечных у арганізацыі гатуюць з тых прадуктаў, якія ёсьць. У асноўным гэта крупы ці макарона. Максім тлумачыць: калі бачым, што харчы сканчаюцца, іх, напрыклад, засталося на тыдзень, то просім дапамагчы. Даём абвесткі. Днямі прывезьлі печыва, прадукты, гародніну, зазначае ён.

Паводле яго, у параўнаньні зь мінулымі гадамі па ежу стала прыходзіць людзей болей. Калі раней наведваліся за дзень 50-60 чалавек, то цяпер можа быць і пад 100.

Для тых, хто сабраўся 13 студзеня, валянтэры падрыхтавалі амаль 90 харчовых пакетаў з хлебам і грэцкай кашай, запраўленай тушонкаю. Па словах кіраўніка арганізацыі, цана порцыі блізу аднаго рубля. За дзьве гадзіны было раздадзена больш за 80 абедаў. На іх пайшло каля 100 рублёў.

 

Жыцьцё пайшло на злом

У гэты дзень а 15 гадзіне на вуліцы Энгельса, побач з гарадзкім паркам, сабраліся два дзясяткі чалавек рознага веку. Некаторыя трымаюцца на адлегласьці, нібы ня вырашылі яшчэ, ці падыходзіць. Яны сарамліва бяруць мяшэчак зь ежаю і адразу сыходзяць. Цягам дзьвюх гадзінаў людзей не становіцца меней.

«Чалавек, якому дапамога не патрэбна, сюды ня прыйдзе, — тлумачыць Максім. — Ня ўсе, хто прыходзіць па ежу, хочуць стаяць побач з бадзягамі, якіх тут нямала, але жыцьцё вымушае».

Ня ўсе падапечныя «Справядлівай дапамогі» пагаджаюцца расказаць пра сваё жыцьцё. Некаторыя гатовыя, але за плату. Пачуўшы, што яе ня будзе, адыходзяць.

64-гадовы Андрэй пасьля роздумаў кажа, што прыходзіць падсілкавацца на Энгельса, «як няма чаго есьці». Ён не задаволены, што цяпер ежу раздаюць на вуліцы, а не ў памяшканьні, як раней. Тады ім давалі адразу суп, кашу, гарбату, ды можна было пагрэцца, кажа мужчына.

Свайго жытла Андрэй ня мае і туліцца ў сужыцелькі. Мае судзімасьці. Цьвердзіць, што па вызваленьні з калёніі дом пакінуў жонцы. Пра сваю долю апавядаць ня хоча і на пытаньні пра яе рэагуе фразай: «Ты хіба сьледчы?»

Андрэй пераконвае, што каранавірусу не баіцца, бо «зараза да заразы не прыстае». На ягоную думку, як і раней, бяздомнікі мруць не ад ковіду, а ад пераахалоджваньня, калі не знаходзяць незамкнутага падвалу. Зіма для іх — цяжкі час. Многія, як няма дзе падсілкавацца, наважваюцца на крадзеж.

Наступны суразмоўца, 69-гадовы пэнсіянэр і інвалід 2-й групы, кажа, што мае пасьведчаньне ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Атрымлівае пэнсію і жыве ў прыватным доме. Пэнсіянэр хацеў быў уладкавацца на працу, але ніхто не бярэ, бо стары. Ад каранавірусу ратуецца алькаголем і народнай настойкай з жэньшэню.

«Як ногі трымаюць, дык сюды прыходжу падмацавацца, — кажа ён. — Бывае, немач адолее, дык не нацяплю хаты і холадна. Тут жа ежы дадуць ды зь людзьмі пагутару. Мне ж многа ня трэба».

Яшчэ адзін суразмоўца, 47-гадовы Сяргей, жыве ў знаёмага. У яго ёсьць пашпарт, але няма прапіскі. Безь яе ня хочуць браць на працу. Кажа, што ён капітан запасу, мае вышэйшую адукацыю. Без жытла апынуўся, бо «па дурасьці» выпісаўся з бацькавага дома, а назад не захацела прапісваць мачаха. Потым жа «жыцьцё пайшло на злом».

«Як пабываў у турме, то ўжо нікому не патрэбен, — кажа ён пра сябе. — Ды я хоць маю пашпарт, а ёсьць жа бяздомнікі, у якіх і гэтага няма…»

Сяргей абураецца рашэньнем санэпідэмстанцыі, якім абавязалі дабрачынную арганізацыю карміць абяздоленых на вуліцы. Ён непакоіцца, што яе могуць наагул «прыкрыць, і тады большасьць тых, хто сілкуецца тут, жывуць у падвалах ды хлевушках, пойдуць на сьметнікі…»

Фота: Радыё Свабода