13 студзеня 1940 года скончыўся 810-дзённы дрэйф парахода «Сядоў» у Арктыцы. Адным з 15 удзельнікаў экспедыцыі быў магілеўчанін Восіп Нядзвецкі, які разам з астатнімі членамі экіпажа атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.
Восіп Маркавіч Нядзвецкі (1908-1959) стаў другім героем-магілеўчанінам апасля Ота Шміта. Імя нашага земляка Нядзвецкага носіць бухта на востраве Тыртава (архіпелаг Нордэншэльда, з 1965). Але ні на карце Магілёва, ні на картах і планах іншых гарадоў краіны вы не знойдзіце вуліцу ў гонар Героя Савецкага Саюза Нядзецкага. Праўда, імя ўнесена ў Рэзервовы спіс тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме.
Нарадзіўся Нядзвецкі 10 (23) ліпеня 1908 г. у в. Цішоўка Магілёўскага раёна. Выхоўваўся ў дзіцячым доме.
Удзельнік вызвалення з лядовага палону параходаў “Садко”, ”Малыгін”, ”Г.Сядоў” (1937), якія знаходзіліся ў навуковай экспедыцыі ў моры Лапцевых. “Сядова” выратаваць не ўдалося і карабель вымушаны быў дрэйфаваць разам з ільдамі. Дрэйф у 812 дзён і 6100 км суправаджаўся навуковымі даследаваннямі, назіраннямі за змяненнем магнітнага поля, лядовага становішча і інш.
Не аднойчы экіпажу і судну пагражала небяспека. Аднаго разу ільды так сціскнулі судна, што тое нахілілася і стала залівацца сцюдзёнай вадой. Машынная каманда пад кіраўніцтвам Восіпа Маркавіча ўручную ледзь паспявала адпампоўваць толькі чвэрць прыбываючай вады. Тады машыністы судна сталі даваць нырца ў сцюдзёную ваду, каб прамасленым пакуллем “задраіць” адтуліну.
У 1941-1942 гг. Нядзвецкі працаваў ва Уладзівасточным параходстве, у 1942-1943 – інспектар Галоўнага ўпраўлення Паўночнага марскога шляху, начальнік палярнай станцыі ў Карскім моры.
З сакавіка 1944 да красавіка 1945 г. – начальнік тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага. У 1945-1946 гг. – начальнік тэхнічных майстэрняў Гданскага ваеннага порта.
З 1946 г. працаваў на палярных станцыях на Таймыры, Чукотцы, у архіпелазе Нордэншэльда, на востраве Ушакова. Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 г. на станцыі на мысе Арктычны. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.
фота з адкрытых крыніц