Жыхары аднаго з самых аддаленых раёнаў Магілёўшчыны рыхтуюцца да Новага году і падводзяць вынікі мінулага. Афіцыйныя навіны Глускага раёна то радуюць, то прымушаюць смяяцца. Прычым з калейдаскопу навін бачна, што самі жыхары раёна займаюцца канкрэтнай працай, а вось госці, якія прыязджаюць да іх з візітамі з Магілёва да Мінска здзіўляюць арыгінальнымі думкамі.
Агні на галоўнай ёлцы Глускага раёна ўрачыста запаліліся 17 снежня. Побач з ёлкай усталявалі драўляныя сані, якія сёлета дапоўніла постаць аленя. З 70 метраў сталёвага дроту яе стварыў таленавіты майстар кованых вырабаў настаўнік гімназіі Міхаіл Тылец. Скульптуру і сані задэкарыравалі святлодыёдным свяцільнікамі. Каля саней ганаровае месца заняў і дзед Мароз.
Старшыня Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітры Янкоў 21 снежня ў рамках дня інфармавання наведаў Глускі раён і сустрэўся з калектывам ААТ «Эксперыментальная база «Глуск». Размова ішла аб маючым адбыцца рэферэндуме і канстытуцыйных змяненнях. Таксама абмяркоўваліся пажарная абстаноўка ў вобласці і раёне, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў. За справамі павіншаваць людзей са святамі неяк не давялося.
Прафсаюзны лідар Магілёўскага рэгіёну адзначыў, што адна з галоўных для яго змен у Канстытуцыі Беларусі – “замацаванне паняцця шлюбу як саюза строга паміж жанчынай і мужчынам, гэта традыцыйныя маральныя каштоўнасці, і інакш быць не павінна”. Калі гэта галоўная змена, то для чаго ўвогуле канстытуцыйная рэформа? У нас і без гэтай папраўкі шлюб заключаецца выключна паміж жанчынамі і мужчынамі. Тое ж самае ў 99% выпадкаў адбываецца па ўсім свеце. Што хацеў сказаць прафсаюзны бажок вобласці, на што ён намякае?
Таксама Янкоў акцэнтаваў увагу на тым, што папраўкі закрануць тэрміны прэзідэнцтва – іх колькасць абмежавана двума. Прэзідэнтам Беларусі можа стаць толькі чалавек не маладзейшы за 40 гадоў, той, хто апошнія 20 гадоў жыў у краіне, які не мае замежнага грамадзянства. Гэта што, намёк на тое, што абранаму ў 1994 годзе прэзідэнту не было 40 гадоў і больш такой памылкі ні ў якім выпадку не трэба рабіць? І такіх шматзначных двухсэнсоўных перлаў у прамове дзяржаўнага прафсаюзніка было шмат.
Каб не падстаўляцца, Міністр лясной гаспадаркі, як сведчыць сайт райвыканкама, не стаў выдаваць ідэалагічныя перлы. Ён проста павіншаваў дзяцей з Глускай санаторнай школы-інтэрната і з’ехаў. Добра, што падарункі не забыўся перадаць. І за тое, дзякуй яму.
А вось начальнік Глускага РЭС Сяргей Мышкавец з упэўненасцю глядзіць у будучыню і будуе новыя планы. Адзначаючы Дзень энергетыка ён выдаў вечную ісціну: “Грошы проста так не даюцца, іх трэба зарабляць”. Не паспрачаешся.
Але папрацавалі энергетыкі раёна добра, за што іх таксама падзякуем. У рэканструкцыю кабельных ліній у райцэнтры ўкладзена амаль 116 тысяч рублёў, заменена на вуліцы Кірава і Тэльмана 612 метраў старога кабелю на сучасны з пашытага поліэтылену. Апроч гэтага, 86 тысяч рублёў выдаткавана на замену старых трансфарматарных падстанцый на сучасныя КТПм у пяці населеных пунктах раёна. Малайцы!
Выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і іх педагогі сустрэліся з глускімі шасцікласнікамі і іх бацькамі. Прафарыентацыйнае мерапрыемства прайшло ў Цэнтры культуры і вольнага часу «Арыён». Пасля прагляду відэастужкі пра будні сувораўцаў прысутным распавялі пра гісторыю навучальнай установы, перавагі навучання ў вучылішчы, пра ільготы пасля яго заканчэння. На сённяшні дзень у сценах Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча вучацца чацвёра хлапчукоў з Глускага раёна. Сувораўцы і іх выкладчыкі, акрамя апавядання пра вучылішча, падрыхтавалі для глускіх школьнікаў і іх бацькоў некалькі канцэртных нумароў.
Вось так рыхтуецца да сустрэчы Новага 2022 года Глускі раён.
Пажадаем жыхарам Глушчыны здзяйснення іх мар і пераменаў да лепшага ў наступным годзе.
Тася Лемон
фото: glusk.by