Персанальная выстава магілёўскага мастака Аляксандра Суворава адкрылася ў Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Свой праект «Горад Сонца» творца прысвяціў Магілёву – гораду, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва, а таксама сваім сябрам і людзям, якія былі побач і пакінулі незабыўны след у жыцці і памяці мастака.
«Горад сонца» – мастацкі праект, своеасаблівы погляд у мінулае горада, на страчанае з часам гістарычнае аблічча, на падзеі, якія ў ім адбываліся ў розныя часы. І гэты погляд мастака прасякнуты цёплым святлом, шчырай любоўю да свайго роднага горада, успамінамі з дзяцінства і юнацтва, пераасэнсаванымі ведамі пра нашу гісторыю, накладзенымі на сучаснасць і на асабістыя ўяўленні аб прыгажосці.
Яшчэ можна, хоць з часам усё цяжэй, адшукаць у рэальным Магілёве куточкі старога гораду, але паступова знікаюць знаёмыя дамы і двары, мяняюць воблік кварталы горада, з якімі звязаны кранальныя ўспаміны юнацтва. У сваіх творах, прысвечаных Магілёву, мастак спрабуе аднавіць страчаныя краявіды горада з дапамогай архіўных фотаздымкаў, гістарычных гравюр, свайго мастацкага ўяўлення і назірання гарадскога жыцця вакол сябе.
На выставе можна пабачыць і звычайныя, але такія родныя і блізкія для кожнага магілёўца краявіды, і фантазійныя выявы гораду мінулых часоў, з амаль класічнымі для беларускага мастацтва вобразамі палётаў над гарадскімі дахамі. Мастацкая тэхніка Аляксандра Суворава перадае ўсё надзвычай жыва і па-сапраўднаму, з дакладнымі і вельмі адпаведнымі розным эпохам дэталямі. Здаецца, што персанажы на палотнах могуць пачаць рухацца ў любы момант, што яны і сапраўды жывуць у сваім незвычайным свеце, хоць гэты свет і прыдуманым мастаком, і пры гэтым пададзены зусім не ў стылістыцы “сацрэалізму”.
Аляксандр Сувораў нарадзіўся ў Магілёве ў 1957 годзе.
Мастацкую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе вучыўся на аддзяленні графічнага дызайну. Пасля пяцігадовай вучобы ў Мінску вярнуўся ў родны горад. Працаваў у майстэрнях фонду Саюза мастакоў у розных мастацкіх накірунках: графічны дызайн, праектаванне выстаў і комплекснае мастацкае афармленне фестываляў і гарадскіх свят. Таксама шмат зроблена манументальна-дэкаратыўных роспісаў на гістарычную тэматыку, у тым ліку мурал на вуліцы Ленінскай і роспіс мемарыяльнай капліцы на Буйніцкім полі.
Свае творчыя працы ў галіне жывапісу і графікі пачаў выстаўляць яшчэ падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Потым былі персанальныя мастацкія выставы і аўтарскія праекты, удзел у міжнародных сімпозіумах і выставах. Творы мастака знаходзяцца ў Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), у мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Магiлёўскiм абласным мастацкім музеi iмя П.В. Масленiкава, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава, Музеі гісторыі Магілёва, раённых музеях Магілёўскай вобласці, у мастацкай калекцыі Прыорбанка, прыватных галерэях i калекцыях розных краін свету.
Выставу Аляксандра Суворава «Горад сонца» можна наведаць да 3 сакавіка. Музей імя Бялыніцкага-Бірулі працуе з 10:00 да 18:00, выходныя дні – панядзелак і аўторак, адрас – г. Магілёў, вул. Ленінская. 37.
Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара