Галоўная » Графіці ў Крычаве: ад малюнкаў да лозунгаў

Графіці ў Крычаве: ад малюнкаў да лозунгаў

Трансфарматарныя будкі, сцены дамоў, агароджы і асфальт – усё гэта сталася зручнымі месцамі для з’яўлення графіці.

Адзначу, што з другой паловы XX ст. графіці пачалі называць малюнкі і надпісы на сценах жылых дамоў, грамадскіх пабудоў, агароджах, у метро, зробленыя дзецьмі ці дарослымі людзьмі. Такія творы выконваюцца рознымі матэрыяламі — крэйдай, вуглём, аэразолем — або проста прадрапваюцца ў тынкоўцы. З гэтага вынікае, што практычна кожны надпіс у грамадскіх месцах можа лічыцца графіці. У розных частках горада знаходзяцца па свойму цікавыя графіці, якія можна залічыць не толькі да віда мастацтва, але падчас праявы нейкай пазіцыі іх аўтарамі. У Крычаве гэта вулічнае мастацтва прадстаўлена слабавата, аднак у гарадской прасторы яно таксама прысутнічае.

Графіці ў Крычаве рознатэматычнае і размешчана ў розных частках горада. Часта аэразолем на сцены наносяцца імёны і мянушкі невядомых людзей, нецэнзурныя словы і выразы. Аднак сярод масы бессэнсоўных надпісаў можна вылучыць некаторыя. Напрыклад на адной трасфарматарнай будцы ў горадзе размешчаны надпіс  – A.C.A.B. Цяжка сказаць ці ведаюць аўтары графіці, што азначае гэта абрэвіятура. «A.C.A.B.» – абрэвіятура, што азначае ангельскамоўны турэмны выраз «All Cops Are Bastards» («Усе копы — выбл@дкі»). Дарэчы, раней такі надпіс часта можна было ўбачыць у розных гарадах рэспублікі, аднак цяпер ён значна радзей сустракаецца, але цалкам не знік.

На адным з дамоў мікрараёна Камсамольскі яшчэ з 1990-х гг. знаходзіцца надпіс “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ”. Цікава, што ні камунальныя службы, ні мясцовыя чыноўнікі нічога не зрабілі, каб яго знішчыць. Ен, такім чынам, застаецца дагэтуль і цешыць вока ўсім нацыянальна свядомым крычаўлянам. Прычына па якой графіці засталося некранутым можа таксама быць у тым, што дом знаходзіцца ў баку ад дарог. Аднак гэта не змяньшае цікавасці да факта існавання падобнага надпісу ўжо доўгія гады.

Трэба адзначыць, што ёсць парачка вельмі ўдалых графіці, якія былі створаны пад кіраўніцтвам мясцовых дзяржаўных органаў. Напрыклад, на адной з трансфарматарных будак у мікрараёне “Сож” знаходзіцца вялікі малюнак з героямі мультфільма (мышамі) “Кот Леапольд”. У легкай, гульнявой форме дарослых і дзяцей папярэджваюць, што энэргаб’екты не месца для гульняў. Гэта графіці на сёння досыць адметнае ў гарадской прасторы Крычава.

Гарадская моладзь апошнім часам актывізавалася ў стварэнні разнастайных графіці, аднак толькі нешматлікія прыцягваюць ўвагу. Большая частка з вулічнага мастацтва дагэтуль складаюць графічныя выявы імёнаў і нецэнзурная лексіка, якую, дарэчы, камунальныя службы нават не думаюць зафарбоўваць. Напрыклад, цікавае графіці ў выглядзе фразы “Один человек – сотни воспоминаний” вырашыў хтосьці аспрэчыць, напісаўшы вялікімі літарамі нецэнзурнае слова, якое нікога не бянтэжыць. Пры гэтым каля СШ№3 Крычава надпіс аэразолем “ЛУКА КРОВАВЫЙ” адразу зафарбавалі адпаведныя службы.

Такім чынам, можна як заўгодна ставіцца да графіці як праявы сучаснага мастацтва, але адмаўляць і не заўважаць яго проста не атрымаецца, бо гэта з’ява будзе існаваць і ў далейшым.

Алесь Крыжэвіч