Галоўная » Група жыхароў з Магілёўшчыны здзейсніла вандроўку да навагрудскіх сясцёр-мучаніц

Група жыхароў з Магілёўшчыны здзейсніла вандроўку да навагрудскіх сясцёр-мучаніц

10 і 11 мая 2021 года, ў святочна-памятныя дні, група вернікаў з Магілёўшчыны (Магілёў, Мсціслаў, Шклоў) здзейснілі вандроўку-паломніцтва ў горад Навагрудак, дзе маліліся і выказвалі ўдзячнасць бласлаўлёным сёстрам-манахіням за складзеную ахвяру.

Асноўная група паломнікаў, гэта – вернікі-каталікі. Таксама ў паломніцве ўдзельнічалі і асобныя праваслаўныя вернікі. Арганізатарам і кіраўніком вандроўкі быў ксёндз-пробашч Шклоўскага касцёла Пятра і Паўла Міхал Бубен. Разважаючы над тэмай мучаніцтва сясцёр з Наварудка, святар адзначыў, што іх рашэнне аддаць жыццё за бліжніх не было мімалётным імпульсам, але вынікала з моцнага малітоўнага фундамента, які дазваляе рабіць адважныя крокі. “Так і мы падчас шляху будзем загартоўваць нашу веру, каб з яе дапамогай прымаць мудрыя і смелыя рашэнні ў сваёй паўсядзённасці”, – падкрэсліў ксёндз Міхал.

Непасрэдна ў Навагрудку фарным касцёле для магілёўскіх вернікаў была адпраўлена ўрачыстая Святая Імша на ўспамін 11 Блаславённых Сясцёр-пакутніц, якую ўзначаліў ксёндз Міхал Бубен. Потым усе прысутныя ўшанавалі рэліквіі Блаславённых.

У гэты ж дзень магілёўскія вернікі азнаёміліся з кляштарам манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) і іншымі памятнымі мясцінамі старажытнага Навагрудка. Гэты беларускі горад прайшоў шлях ад пасёлка дрыгавічоў, які ўзнік ў X ст., гандлёва-рамеснага паселішча і цэнтра воласці XI ст., да пабудаванага на пачатку XII ст. гарадзенскім князем Усеваладам Яраславічам горада. Будаўніцтва новага ўмацаванага цэнтра ў першай палове XII ст. на Замкавым узвышшы, які ахоплівае сённяшнія Малы замак і Замкавую гару.

Завяршыцца паломніцтва супольнай малітвай ў Батароўскім лесе на месцы мучаніцкай смерці сясцёр. На усім шляху падарожжа магілёўскія паломнікі рабілі прыпынкі каля Мірскага і Нясвіжскага замкаў. А таксама наведалі Дом Святой Тройцы ў Баранавічах, дзе ў музеі пазнаёміліся з экспазіцыяй “Дарогаю Бібліі”і адпачылі.

Гістарычная даведка: У ліпені 1943 г. у Навагрудку было арыштавана каля 120 мужчын, будучы сумны лёс якіх не выклікаў у людзей сумневаў. Настаяцельніца супольнасці сясцёр назарэтанак сказала тады кс. Аляксандру Зянкевічу, адзінаму ацалеламу ў акрузе святару: “Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і”. 1 жніўня ў лесе за горадам манахіні былі расстраляныя, а мужчыны вярнуліся ў свае сем’і. Пасля вайны 19 красавіка 1945 г. целы сясцёр мучаніц былі перанесены і пахаваныя каля Белай Фары ў Навагрудку. 27 верасня 1991 г. іх рэліквіі перанеслі ў грабніцу ў бочнай капліцы касцёла. 5 сакавіка 2000 г. у Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назарэтанак.

   Алесь Грудзіна