Галоўная » Гржымала. Радавод магілёўскага герба

Гржымала. Радавод магілёўскага герба

Упершыню герб Гржымала рэгіструецца гісторыкамі на сілезскіх пячатках другой паловы ХІІІ стагоддзя. Сілезія – гістарычны рэгіён на мяжы Польшчы, Чэхіі і Германіі.

Яшчэ ў антычныя часы ён быў пераважна заселены германскімі плямёнамі, а пасля іх перасялення на землі Рымскай імперыі, сюды масава прыходзяць славяне, якія ў канцы І тысячагоддзя н.э. прымуць падданства Польшчы. Аж да ІІ сусветнай вайны гэтая тэрыторыя была спрэчнай для немцаў і палякаў. (выява1)

герб Гржымала на пячатцы Стэфана і Януша Міхалоўскіх, 1276 год, Сілезія.

 

Дзіўна, але гэтыя гістарычныя акалічнасці пакінулі свой след у легендах аб паходжанні герба. Іх даволі шмат. Паводле адной версіі, першапачатковымі ўладальнікамі гэтага герба былі браты Лех, Чэх і Рус, якія мелі тры ўмацаваныя замкі на вяршынях трох гор у Фракіі, дзе яны ваявалі з рымлянамі. Аповесць пра Леха, Чэха і Руса, як ведаюць сёння гісторыкі – гэта класічная этнагенэтычная легенда, створаная ў польскіх літаратурных помніках часоў раздробленасці, і пакліканая ўзмацняць славянскі патрыятызм. Прычым у першых версіях не было гэтых трох братоў. Спачатку, у хроніцы ХІІ стагоддзя першага чэскага храніста, Касьмы Пражскага, узгадваецца толькі Чэх. Крыху пазней у чэшскіх хроніках паяўляецца Лех, а ў польскіх ён стане старэйшым братам. Канчаткова легенда аформіцца ў польскай традыцыі XIV стагоддзя, са старэйшым братам Лехам, малодшым Чэхам і сярэднім Русам. (выява 2)

Лех і Чэх у выданні “Cronica Polonorum” 1521 года.

 

Другая версія паходжання герба звязвае яго з імем нямецкага героя Жыльберсвехта, альбо яго імя можна перакласці як Жыльберс, які сумняваецца, па аналогіі з евангелістам Фамой. Гэты Жыльберс, нібыта атрымаў герб у гонар за тое, што здолеў абараніць горад.

Па трэцяй версіі, першым уладальнікам герба стаў сармат Гржымала, які абараняў Вену ад войскаў рымскага імператара Марка Антонія. Нарэшце, ёсць паданне пра гераічную абарону жыхароў мазавецкіх пасяленняў Зялёна і Шлязы, якія “як мур” стаялі супраць літоўцаў і ятвягаў – гэтая легенда выкарыстоўвалася для варыянта герба без брамы.

Мы павінны разумець, што падобныя легенды аб паходжанні вельмі рэдка маюць нешта ад рэчаіснасці. Часцей за ўсё яны пакліканыя для таго, каб патлумачыць нейкія з’явы, актуальныя для аўтара самой легенды, надаўшы ім, такім чынам, гістарычнае вымярэнне. Але зусім ігнараваць легенды будзе няправільна – яны таксама з’яўляюцца часткай сімволікі і гісторыі герба.

Як жа выглядаў герб Гржымала ў сваім гістарычным развіцці. Яго першыя дакладна вядомыя выявы, нагадаю – гэта адбіткі на пячатках сілезскай знаці. Яны датуюцца 1262, 1276  гадамі і пакрысе распаўсюджваюцца на польскіх тэрыторыях цягам XIV стагоддзя. Тут варта адзначыць характэрную акалічнасць польскай геральдыкі, якая з цягам часу стане адметнасцю і геральдыкі на беларускіх землях. У адрозненні ад заходнееўрапейскіх геральдычных традыцый, дзе герб належыў выключна прадстаўнікам аднаго роду (а ў Англіі, Шатландыі – аднаму чалавеку), у традыцыях польскага грамадства дапускалася, што адзін герб будзе належыць прадстаўнікам розных родаў. Гэта ўнікальная рыса геральдычнай традыцыі Рэчы Паспалітай, і часам колькасць нероднасных сем’яў, што ўжывалі адзін герб, налічвала да некалькіх соцень.  Даследчыкі мяркуюць, што першапачаткова, магчыма, распаўсюджанне таго ці іншага герба адбывалася ўсё ж у межах роднасных і суседскіх сем’яў, але пазней гэтае абмежаванне перастала ўлічвацца. (выява3)

Адна з першых каляровых выяваў герба. Фрэска ў Лёндзе над Вартай.

 

Першая каляровая выява герба Гржымала была размешчана ў легендзе аб святой Ядвізе Сілезскай, тэкст якой быў запісаны і праілюстраваны ў сярэдзіне XIV стагоддзя. Да гэтага ж часу адносіцца выява герба на фрэсцы ў Цыстэрцыянскім манастыры ў Лёндзе над Вартай у Вялікай Польшчы. Бачна, што ў сваёй першай версіі герб Гржымала уяўляў сабой выяву чырвонай замкавай сцяны з трыма вежамі і адчыненай брамай на срэбным полі. Гэтыя дзве фіксацыі – у Сілезіі і ў Вялікай Польшчы – сведчаць пра тэрыторыю распаўсюджвання герба на адзначаны перыяд. У гэты ж час, у другой палове XIV стагоддзя, Гржымала часцей сустракаецца на шляхецкіх пячатках. І ў гэты ж час узнікае яго версія без брамы, як гэта выяўлена ў стакгольмскім гербоўніку Бергшамара XV стагоддзя. У гэтым гербоўніку пададзены абедзве версіі герба – без брамы, срэбная альбо белая сцяна з трыма вежамі ў чырвоным полі, і з брамай, залатая сцяна ў чырвоным полі. У XV стагоддзі паяўляецца і трэцяя версія герба, занатаваная ў “Клейнотах” (“Каштоўнасцях”) Яна Длугаша – чырвоная сцяна ў залатым полі. Гэтая версія атрымала сваё распаўсюджанне ў Малой Польшчы. (Выявы 4, 5)

Герб Гржымала ў гербоўніку “Codex Bergshammar” XV стагоддзя, Стакгольм.

 

Герб Гржымала ў гербоўніку “Codex Bergshammar” XV стагоддзя, Стакгольм.

 

Гісторыкі пакуль не сфармавалі высновы, ці адносіліся гэтыя змены ў выглядзе герба да ідэнтыфікацыі розных адгалінаванняў адной радзіны.

Гарадзельская унія 1413 года паміж польскай шляхтай і баярствам Вялікага княства Літоўскага, якая была пакліканая ўсталяваць моцныя гарызантальныя сувязі паміж элітамі двух дзяржаў,  утрымлівала паміж іншага акт аб прыёма баяр у гербавае братэрства шляхты. Першапачаткова шляхецкія гербы атрымала каталіцкае баярства, але пазней гэта распаўсюдзілася і на праваслаўную знаць. У выніку, праз пару стагоддзяў ўласнікамі герба Гржымала стануць прадстаўнікі каля 260 шляхецкіх фамілій Рэчы Паспалітай. (выява 6)

Варыяцыі герба Гржымала паводле даследчыка Міхала Чахоўскага.

 

Пазнейшая эвалюцыя герба праходзіла пад уплывам агульных геральдычных традыцый. З’яўляюцца новыя элементы, як той рыцар – спачатку з дзідай, потым з мячом – альбо знікаюць некаторыя з традыцыйных (напрыклад, вежы), мяняецца каларыстыка. Улічваючы, што Рэч Паспалітая, у адрозненні ад іншых краін Еўропы, ніколі не мела сваёй Герольдыі, геральдычная традыцыя функцыянавала тут у даволі вольнай форме.

Прывілеем ад 9 чэрвеня 1661 года, нададзеным Магілёву каралём і вялікім князем Янам Казімірам, герб Гржымала становіцца новым гарадскім гербам, але з адной важнай зменай. Герб атрымлівае так званую аўгментацыю (ад познелацінскага  augmentatio – пашырэнне, павелічэнне). Гэта дзяржаўны герб ВКЛ, Пагоня ў верхнім ярусе цэнтральнай вежы. Для ўсведамлення выключнасці падобнага жэсту, трэба закрануць яшчэ адну рысу, характэрную для геральдыкі Рэчы Паспалітай – яна была заснаваная на прынцыпе роўнасці. Як гэта працавала. У выпадку са шляхецкімі гербамі, напрыклад. Шляхецкае саслоўе Рэчы Паспалітай было абсалютна роўным у сваіх правах, прывілеях і годнасці, і тэарэтычна кожны шляхціц мог стаць каралём і вялікім князем. А значыць, і герб яго нічым не павінен быў адрознівацца ад герба таго ж князя. Гэта зноў вылучала геральдычную традыцыю Рэчы Паспалітай ад іншых еўрапейскіх, дзе дапускалася адлюстраванне арыстакратычных тытулаў на гербе. Выключэннем быў дазвол на выкарыстанне княскай тытулатуры на гербах некаторых прадстаўнікоў дынастыі Пястаў, а таксама нашчадкаў княскіх дынастый ВКЛ і татарскіх. Такім чынам, дапушчэнне аўгментацыі ў выпадку з магілёўскім гербам было звязана з выключным значэннем для дзяржавы той падзеі, якая прывяла да надання Магілёву новага герба ў 1661 годзе.

Але, як кажуць, гэта ўжо іншая гісторыя. (выява 7)

Выява герба ў прывілеі Яна Казіміра ад 9 чэрвеня 1661 года.

Аляксей Бацюкоў, гісторык