У гэтым годзе зіма надоўга забрала лаўры першанства ў свае рукі і не жадае аддаваць іх надыходзячай па часе вясне. А менавіта ў гэты час, у сакавіку, нашы продкі святкавалі Гуканне вясны – першае па часе веснавое свята, старажытны язычніцкі абрад.
Звязана свята з абуджэннем стваральных сілаў прыроды, надзей чалавека. Ад вясны ў значнай ступені залежыў дабрабыт чалавека, таму яе сустрэча адзначалася вельмі ўрачыста. З гуканнем вясны звязана мноства магічна-рытуальных дзеянняў, якія суправаджаліся адпаведнымі заклікамі, заклінаннямі, песнямі, гульнявымі момантамі. Гэтыя дзеянні і абрадавыя творы вызначаліся і абумоўліваліся характарам працоўнай дзейнасці чалавека. Сам абрад набываў утылітарную ролю, станавіўся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі будачага ўраджаю.
Галоўнымі рысамі гэтага свята з`яўляюцца: выхад на высокае месца, паленне агню, спяванне гукальных песен. На Благавешчанне 25 сакавіка (7 красавіка) амаль па ўсёй Беларусі дзяўчаты пачыналі гукаць (клікаць) вясну. Звычайна само гуканне адбывалася ў нас так: гурты дзяўчат збіраліся на самыя высокія месцы, да гумнаў, гэтыя месцы яны высцілалі саломаю і пасеўшы там у шэраг, пелі да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні чулі тады на ўсіх падобных «зборнях» наваколля. Іншы раз спявалі па чарзе: у адным месцы пачыналі і спыняліся, у другім працягвалі пачатую песню. Хлопцы з дудкамі і гармонікамі акампанавалі, пераходзячы ад аднаго зборнага месца на другое. Распаўсюджаны быў таксама абыход хат са спевамі, гуканнем вясны і заскокваннем – затанцоўваннем яе. Гурт моладзі ішоў у канец вёскі і па чарзе ля кожнага двара вадзіў карагод “Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць”. Песні, якія дзяўчаты спявалі на гэтае свята, называліся вяснянкамі. Яны з`яўляліся найбольш прыгожай, але выключна складанай для выканання ў натуральным выглядзе, з`явай. Дасканала пераняць іх можна было толькі з вуснаў маці – з-за складанай музычнай пабудовы. Па сваім ладзе кароценькія веснавыя песенкі адрозніваліся ад іншых тым, што ў сярэдзіне песні маюць прыпевы ў выглядзе клікання, што гучыць вельмі прыгожа, калі песня разносіцца над шырокімі разлівамі рэк або ў лясным гушчары. Песня, дарэчы, як частка абраду была такая ж неабходная і магічная па сваёй прызначанасці, як і рытуальныя дзеянні. У песнях Гукання вясны вылучаюцца 2 группы – песні-гуканні з акрэслена выяўленым заклінальным характарам і песні карагодна-гульнявыя. Для беларускай этнакультурнай традыцыі характэрна наяўнасць архаічнай старадаўняй веснавой абрадавай песеннасці заклінальнай функцыі. Такую ж ролю выконвалі і веснавыя карагоды, як носьбіты магічнай сілы.
Карагод, ці ляда – старадаўні гульнёвы танец. Вадзілі карагоды часцей за ўсё каля вогнішча, дзе спявалі гукальныя песні і скакалі праз вогнішча. Падобныя да яго гульнёвыя карагоды і танцы «Проса» і «Баяры». Яны адлюстроўваюць пару выпальвання нашымі далёкімі продкамі лесу, г. зн. падрыхтоўка да пасеву проса і правядзення рытуальных ігрышчаў з мэтай ушанавання паганскіх багоў, каб радзіла на ніве і ў хаце. У гульні «Ляда» ўдзельнікі падзяляліся на два карагода. Адзін карагод спяваў: «А мы ляда капалі, капалі…», другі – «А мы коней іспусцілі, іспусцілі…». Пасля гэтых спеваў першы карагод лавіў па чарзе дзяўчат з другога пасля кожнай страфы.
У гульнях «Проса» і «Баяры» ўдельнікі таксама падзяляюцца на шэрагі, часцей хлопцы і дзяўчаты станавіліся ў супрацьлеглыя партыі. Узяўшыся за рукі або палажыўшы іх на плечы сяброў і сябровак, пачыналі спяваць. Дзве лініі танцораў пачаргова наступалі адна на адну і адыходзілі на месца. У карагодзе «Проса» сельскагаспадарчая тэматыка песняў, а менавіта тэма лядаў і проса. У «Баярах» жа тэма лядаў і проса замяняецца выбарам нявесты. Падобныя гульні вядомы ўсім славянам. У іх захавалася шмат архаічных рысаў. Тут аграрна-магічная сутнасць сплецена са шлюбнай сімволікай і складае адзінства, якое заключае ў сабе іх вясеннія работы, так і вяснавую шлюбнасць.
Вядомы і іншыя гульні, якія праводзіліся на свята. Адна з такіх мела назву арэлі – прыстасаванне для гушкання вісячага тыпу. Называлі яшчэ гушкалкай, гайданкай. Найбольш простае наладжвалі пры варотах, у гумне, пад дрэвамі шляхам умацавання ўверсе двух або чатырох канцоў вяроўкі. Часам арэлі рабілі з падручных сродкаў. Пры пад`ёме ўверх і апусканні ўніз жанчыны павінны былі старацца, каб не раздымаліся спадніцы. Сядалі звычайна папарна – мужчына з жанчынаю. Тут жа, пры арэлях размяшчаліся музыкі са скрыпкамі і гармонямі. Каля іх збіралася кола аматараў патанчыць і пагушкацца на арэлях. Па меркаванні пажылых людзей, гушкаюцца для таго, каб лён рос даўгім. У многіх народаў (у тым ліку і ў беларусаў) гушканне – даўні рытуал дзеля паскарэння росту пасеву; звязаны з эратычнай сімволікай, сямейна– шлюбнай магіяй, якая абараняла дзяўчат і жанчын ад розных бедаў.
У Гуканні вясны ўдзельнічала не толькі моладзь і дарослыя, але і дзеці. Аб гэтым яскрава сведчыць адна з дзіцячых гульняў, якая праводзілася на свята. Мела яна простую назву – скаканне на дошчы. Рабілі прыстасаванне для дзіцячай забавы. Невялікая дошка клалася на палена. Двое дзяцей станавіліся на канцы і па чарзе падскоквалі. Іншы раз для раўнавагі трымаліся за рукі двух сяброў, што стаялі справа і злева ці за верхнюю перакладзіну плота, калі на ніжняй была пакладзена дошка.
Спевы вяснянак і ваджэнне карагодаў на Гуканні вясны суправаджалася яшчэ і падкідваннем уверх печыва ў выглядзе птушак. Як і песеннае гуканне, яно павінна было выклікаць першых вестуноў вясны – жаваранкаў, кулікоў. «Жавароначкі, прыляціце» – адна з тых песен, якімі беларускія дзеўчаты клікалі жаданую вясну. У час выканання песні яны падкідвалі ўгару выпечаныя з цеста жаўрукоў, а мужчыны акампанавалі гэтаму магічнаму абраду на берасцяных трубах.
Акрамя магічнага падкідвання ўверх, ёсць шмат іншых дзеянняў печанымі выявамі птушак. З імі наладжвалі гульні ў садах, агародах, клалі на галовы і бегалі па вуліцах, прывязвалі да галінак і імітавалі іх прыгатаваннне, садзілі на стрэхі, стагі, а потым збіваннем выклікалі іх прылёт, елі, кідалі ў раку, хавалі ў салому, а потым са спевамі звалі іх адтуль і г.д.
З хлебам звязаны і звычай закопваць у зямлю гаршчок кашы – своеасаблівая ахвяра зямлі, а таксама гукаць вясну з караваем.
У свята Гуканне вясны прасочваецца і культ расліннасці, ушанаванне бярозы. Падкрэслівае гэты культ звычай кідаць на бярозу кастрыцу. Аднымі з цэнтральных дзеянняў было адмыканне вясны і палення пудзіла зімы. Адмыканне вясны – гэта не толькі сімвалічнае дзеянне, а і магія выклікання вясны. Больш цікавым з`яўляўся абрад палення пудзіла. Пудзіла звычайна рабілася з сухой травы ці з саломы, потым прыбіралася як жанчына. Саламяная жанчына – гэта антрапаморфная выява зімы, якая затым падпальвалася. Абрад палення пудзіла, як і само вогнішча, сімвалізавала канец зімы, ачышчэння зямлі і надыходзе новай пары – вясны.
Да нашых дзён на Беларусі дажылі яскравыя ўзоры ўнікальных твораў душы чалавека, што сведчыць аб важным значэнні вясны і, у прыватнасці, веснавых абрадаў для нашых продкаў. Цыкл веснавых абрадаў і песен уяўляе даволі складаную, але цэласную, лагічную сістэму, дзе кожны яе элемент надзяляецца асаблівым сэнсам. Так складалася і развівалася, атрымлівала сваё распаўсюджанне паэзія і абраднасць веснавога цыкла – з`ява настолькі своеасаблівая, незвычайная, цікавая і унікальная, што, безумоўна, заслугоўвае самай пільнай увагі.
Алесь Крыжэвіч