Пасажыр магілёўскага тралейбуса, які ім даўно не карыстаўся, адкрые для сябе зусім новае гукавое афармленне паездкі. Камерцыйная рэклама і класічная музыка некуды зніклі, затое з’явілася шмат палітычных заклікаў. Відаць уладная прапаганда, якая не ў стане перамагчы ў інтэрнэце, вырашыла прапагандаваць магілёўцаў у грамадскім транспарце, дзе ў яе маецца відавочная манаполія.
Прага да здаровага ладу жыцця і карыстання экалагічным зялёным транспартам а цяпер і онлайн праца дазволіла мне апошнім часам знізіць да крытычнага ўзроўню неабходнасць карыстання грамадскім транспартам. Цяпер паездка ў тралейбусе ўспрымаецца ледзь не як экскурсія з часам цікавымі ці не надта прыемнымі прыгодамі.
Вось і ўчорашняя паездка ў тралейбусе раэзанула вуха нечым даўно не чутым – водарам пафаснай прызабытай мной за даўнасцю гадоў савецкай прапаганды. “З чаго б гэта СССР згадаўся?” – толькі паспеў падумаць я, як з дынаміку зноўку пачулася: “Хочаш змяніць сваю краіну да лепшага? Прымі ўдзел у гістарычнай падзеі – абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыі краіны!…” Напачатку заклік гучаў на беларускай мове, а потым паўтараўся для тых, хто зусім тугі і не валодае дзяржаўным двухмоўем яшчэ і па руску. Завяршылася пасланне адкрытай рэкламай інтэрнэт партала Прэзідэнта, дзе размешчаны праект новай Канстытуцыі. Дарэчы – тыповая ўскосная рэклама ўлады і таго адзінага, пра якога нельга казаць услых.
За амаль гадзіну паездкі праз увесь горад дзякуючы шматлікім паўторам я раптам зразумеў, што нам афіцыйна прапануюць не новую Канстытуцыю, а змены да старой. Пагушкаўшыся ў сваіх развагах пра тое, так гэта папраўкі ці новая Канстытуцыя, што на сам рэч вельмі істотна, але для большасці з нас досыць абстрактна, я быў ужо закімарыў, але дынамік быў настойлівым: “Мы народ Беларусі!…” І далей усё тое самае па новай.
Не, ну праўда, нібыта ў СССР вярнуліся. У 1977-м таксама пісалі: “Канстытуцыя СССР – усё для міра і шчасця народа!”, “Будзь актыўным удзельнікам камуністычнага будаўніцтва!” або “Прымі актыўны ўдзел у абмеркаванні Канстытуцыі!” Праект, як помніцца, рыхтаваўся 15 гадоў, але калі абвясцілі ўсенароднае абмеркаванне, аказалася, што абмяркоўваць увогуле няма чаго. У брэжнеўскім СССР абмеркаванне праекту Канстытуцыі, як і іншыя прапагандысцкія кампаніі, сталі трыўмфам фармалізму і імітацыі дэмакратычных працэдур… Новая Канстытуцыя практычна ніяк не змяніла савецкую рэальнасць.
Тым часам, заклікі з дынаміку вярнулі мяне ў наш час, пачалі выносіць мозг і ўзбудзілі душу, якія распачалі сваю спрадвечную спрэчку.
- Навошта ўладзе патрэбная такая настойлівасць у рэкламе абмеркавання зменаў у Канстытуцыі? – пачаў фармуляваць праблему мозг.
- Можа сапраўды параіцца хочуць! – выказала аптымістычную здагадку душа.
- Параіцца яны хочуць! Хацелі б раіцца, запрасілі б на дыялог апазіцыю. – адрэзаў мозг.
- Да хопіць табе. Да народа ж звяртаюцца! – запярэчыла душа.
- Здаецца ж па калектывах ездзяць чыноўнікі. Усе сайты органаў улады поўныя справаздач пра ініцыятывы народу, пра тое, што абмеркаванне прайшло добра, а яны не супакойваюцца, – тым часам працягваў свае развагі мозг.
- Паглядзі лепш, які прыгожы Магілёў прыцярушаны снегам! – супраціўлялася душа, якая эстэтычна не прымала жаданне мозга разважаць пра невырашальныя праблемы і паварочвала маю галаву да акенца.
- Відаць закрытыя апытанні паказваюць абыякавасць народу перад галасаваннем, а яно ўжо абвешчана, – не супакойваўся і гнуў сваю лінію мозг, які тым часам развярнуў маю галаву тварам у салон.
- Да ладна, не хочаш любавацца Магілёвам, так паглядзі якія ў салоне дзяўчаты, жанчынкі ў гэтых таямнічых масках! Ты бачыў, як ім хораша ў масках! Яны ж цяпер паказваюць толькі свае вочы поўныя тугі і патаемных думак аб нечым рамантычным! – заспявала душа марна спадзеючыся пераключыць увагу мозга.
- Ніякай рамантыкі там не бачу. Яны пра магазіны думаюць, пра харчаванне і адзенне, пра тое, што іншыя жанчыны ім казалі! – адрэзаў мозг.
- Да ўглядзіся ты ў гэтыя нябёсныя стварэнні! Яны ж такія…, такія… – душа захлыналася ад немагчымасці выказаць словамі сваё захапленне.
- Не замінай ты! Так. Уладная прапаганда папросту не ў стане перамагчы ў інтэрнэце, вырашала дабівацца да свядомасці магілёўцаў у грамадскім транспарце, дзе ў яе відавочная манаполія. – нарэшце зрабіў свае першыя лагічныя высновы мозг і крыху супакоіўся.
- Усе жанчыны сталі такімі прыгожымі! Глядзі ж! – не супакойвалася душа.
- Дзяўчаты і жанчыны, каторыя ў масках, сапраўды сталі прыгажэй. Тутака я згодны. Гэта таму, што яны схавалі свае недахопы за маскамі. Правыя мусульманкі, што носяць чадру. А яшчэ б лепей, каб нашы насілі паранджу. Тады б твая фантазія яшчэ больш дадала ім таямнічасці, чароўнасці і прыдуманай табой прывабнасці. – расклаў нібыта строгі настаўнік усё па палічках мозг.
- Да хай і так, але ж прыгожа і прывабна! – праспявала душа.
- Прыгожа, можа і прыгожа, але куды падзеліся аб’явы пра абавязковы масачны рэжым? І чаму так шмат людзей без масак? Дарэчы і твае жанчыны напалову без масак. Яны што, не разумеюць, што ў масках ім прыгажэй? – здзіўлена агледзеў салон мозг.
У гэты момант дынамік нагадаў, што ў салоне не заўжды ёсць магчымасць трымаць сацыяльную дыстанцыю і варта карыстацца маскамі. Ніводны пасажыр без маскі не звярнуў на тую аб’яву ўвагі, а такіх у салоне была большасць.
- А і праўда, чаго гэта яны без масак? Яны што лічаць сябе бессмяротнымі? – разам усклікнулі душа з мозгам і перасталі спрачацца.
Дзеля справядлівасці адзначу, што ў дадатак да палітычнай рэкламы была ў тралейбусе і сацыяльная. Так, пасажырам абвясцілі, што ў вобласці праходзіць акцыя “Пагавары з дзіцём”, што варта да яе далучыцца і можна атрымаць дапамогу ад псіхолага. Цалкам слушная жыццёвая рэклама чалавечых адносін і неабходнасці не забываць пра сваіх блізкіх.
А вось рэклама гандлёвых зніжак, распродажаў, адкрыццё крам і продаж нейкіх тавараў кудысьці знікла. Няўжо ўсё так кепска з эканомікай, што камерцыйная рэклама папросту сышла з тралейбусаў?
Куды падзеліся вершы беларускіх паэтаў, якія віселі ў салонах? Чаму змоклі музычныя творы сусветнавядомых кампазітараў? Можа таму, што грамадскія арганізацыі, якія ладзілі тыя праекты, ужо або ліквідаваны, або сваю дзейнасць прыпынілі ў сучасных умовах? Здаецца, што толькі грамадскі тралейбус “Мастацтва на колах” з карцінамі Базыля Камарова яшчэ ходзіць па магілёўскіх дарогах.
Падводзячы вынікі паездкі, хачу заўважыць, што паездка не была марнай. Даехаў слухаючы навязлівую рэкламу важнай для дзейнай улады палітычнай падзеі непрыкметна, зноў такі – вось напісаў гэтую нататку. З іншага боку, рэферэндум па новай Канстытуцыі я таксама пачаў ненавідзець за адну паездку. Пачаў я спачуваць звычайным пасажырам, якія вымушана слухаюць гэтыя пафасныя заклікі штодня па шляху на працу і дадому? Толькі ў стане поўнай адключкі можна ездзіць у грамадскім транспарце без пагрозы нярвовага зрыву. Я, прыкладам, два разы цяпер падумаю, перш чым скарыстацца тралейбусам.