Галоўная » „Хацеў скокнуць у Дняпро, каб прыцягнуць увагу да гвалту“

„Хацеў скокнуць у Дняпро, каб прыцягнуць увагу да гвалту“

Аляксей Бяляеў, 26 гадоў, мэталюрг, Магілёў:

„Мяне зацягнулі амапаўцы ў свой мікрааўтобус увечары 31 кастрычніка, калі я гатовы быў скокнуць у Дняпро. За дваццаць хвілінаў да гэтага я пералез цераз парэнчы моста і, трымаючыся рукамі за іх, чакаў прыезду аварыйных службаў. Побач прымацаваў бел-чырвона-белы сьцяг. На мне была майка з надпісам «Страна для жизни». Для храбрасьці, прызнаюся, выпіў піва, бо прадбачыў, чым мой учынак скончыцца. На вайне ж салдатам давалі «сто грамаў перад атакаю».

Прыйшоўшы на мост, я дапускаў думку пра сьмерць, але больш ня мог мірыцца з тым, што на пратэставых акцыях б’юць жанчын, кідаюць у аўтазакі дзяцей. Для мяне гэта дзікунства. Я перакананы: калі ўлада ня можа спыніць гвалту, то навошта яна наагул. Цяпер яна ўспрымае мірныя пратэсты як часовую зьяву, ад якой ня будзе ніякіх наступстваў, але яны будуць.

Па мосьце праходзілі людзі. Некаторыя хвалілі за мой учынак. Былі тыя, хто асуджаў, маўляў, навошта табе гэта трэба. Здалёк зь мікрааўтобуса, відаць, амапаўцы здымалі мяне на відэа. Прыехалі «пажарнікі», мэдыкі. За імі прымчаў яшчэ адзін мікрааўтобус зь сілавікамі. Мяне ўгаворвалі пералезьці назад і абяцалі дачакацца кіраўніка гораду, калі я буду ў бясьпечным месцы.

Нечакана падбеглі два амапаўцы і схапілі за рукі. Я супраціўляўся. Хацеў вырвацца і скокнуць у Дняпро, але мне гэтага не ўдалося. Калі перацягнулі праз парэнчы, то зьявіліся яшчэ двое. Схапілі мяне за ногі і ўчатырох зацягнулі ў мікрааўтобус. Кінулі на падлогу. Сьцяг сарвалі і закінулі за мною ў салён.

Як толькі зачынілі дзьверы, узяліся біць. Я прыкрыў твар рукамі і ня бачыў, колькі мяне малаціла міліцыянтаў. Суняць іх было марнай справаю. Яны білі «ад душы». Ёсьць такое выказваньне: «Брак розуму замяняюць эмоцыі», дык гэта быў той выпадак.

Маральна да такога павароту я быў гатовы, і гэта было прадказальна, аднак не ўяўляў, што будуць гэтак жорстка зьдзекавацца. Піва не асабліва дапамагала. Больш за дзесяць удараў нанесьлі ў адно месца, у сьцягно. Чатыры дні потым хадзіць ня мог і цяпер кульгаю.

Б’ючы, мяне зьневажалі. «Дурань» — гэта была самая лагодная абраза. Папікалі, што я ня скокнуў у раку і «ім цяпер трэба са мною вазіцца». Яны былі злыя за тое, што мая акцыя стала рэзананснай.

У Кастрычніцкім аддзеле міліцыі амапаўцы на шыю завязалі сьцяг і грэбліва паддзелі: «Во цяпер ты сапраўды змагар!». Я быў шакаваны. Мне выклікалі хуткую дапамогу. Яе доктар сказаў, што ёсьць бачныя пашкоджаньні. Завезьлі ў траўмапункт. Рэнтген паказаў удар сьцягна. Канстатавалі, што траўма крымінальная і трэба выклікаць міліцыю, але гэтага не зрабілі, бо мяне суправаджаў міліцыянт.

Вярнулі назад у аддзел. Аформілі два пратаколы: за арганізацыю несанкцыянаванага пікету і знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня (0,72 праміле). Я нічога не чытаў і не падпісваў.

На судзе сьведка-міліцыянт заявіў, што я выкрыкваў на мосьце «Жыве Беларусь», але гэта няпраўда. Бо я прыйшоў не мітынгаваць, а дамагчыся сустрэчы з кіраўніком гораду.

Мне прысудзілі 8 дзён арышту. Сьцяг вярнулі. У ізалятары праблемаў не было. Я там сядзеў ужо трэці раз за ўдзел у пратэставых акцыях.

Мой учынак можа здацца наіўнасьцю, але я ім хацеў прыцягнуць увагу мясцовай улады да беззаконьня, якое чыніцца ў яе пад бокам. Яна нібыта зьнікла, самаўхілілася ад вырашэньня таго, чым цяпер занепакоеныя людзі. У гарадах фактычна ўведзены камэнданцкі час. Затрымліваюць дзясяткамі людзей. Спадзяюся, што кіраўнік гораду пачуў маё пасланьне…“

Фота: Радыё Свабода

Крыніца: Радыё Свабода