У Бялынічах Магілёўскай вобласьці за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў выбараў пакаралі штрафам у 54 рублі маці траіх дзяцей Вікторыю Адамовіч. Жанчыну суткі трымалі ў мясцовым ізалятары, скарыстаўшыся тым, што яе васьмігадовая дачка ў санаторыі.
11 верасьня судзьдзя Аксана Загорская пакарала Вікторыю Адамовіч за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
Пра Вікторыю Адамовіч. Сьцісла
- 46 гадоў. Беспартыйная. Нарадзілася ў Магілёве. Жыве ў Бялынічах.
- Скончыла Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт, спэцыяльнасьць «народная культура». Майстар народных рамёстваў.
- 20 гадоў пэдагагічнага стажу. У школах выкладала працоўнае навучаньне.
- З 2000 году займаецца прадпрымальніцтвам. Гандлюе кветкамі. Вядзе гурткі флярыстыкі.
- Трое дзяцей. Адно дзіця непаўналетняе, другое вучыцца ва ўнівэрсытэце і знаходзіцца на ўтрыманьні бацькоў.
Перасьлед за мітынг і візыт да чыноўнікаў
9 верасьня Вікторыі Адамовіч патэлефанаваў участковы і паведаміў, што мусіць зь ёю пагутарыць наконт адміністрацыйнай справы супраць яе. У РАУС паказалі відэа, на якім яна стаіць побач з выступоўцам на мітынгу прыхільнікаў пераменаў перад будынкам райвыканкаму.
«Мяне зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 18 жніўня, — апавядае Вікторыя Адамовіч. — Віны я не прызнаю, мне няма ў чым раскайвацца, бо я нічога не парушала».
Паводле суразмоўніцы, на мітынгу гаварылі пра вынікі наведваньня групай гараджанаў кіраўніцтва райвыканкаму і раённага савету. Чыноўнікаў прасілі «выйсьці да народу і патлумачыць, што адбываецца ў краіне і чаму чыніцца гвалт супраць грамадзян».
«На тым мітынгу я не выступала, а стаяла поруч з выступоўцам, каб пацьвердзіць, што і я таксама хадзіла ў раённую адміністрацыю. Тады я ўжо была гатовая да непрыемнасьцяў», — кажа Вікторыя Адамовіч.
«Гэтак улада намагаецца зламіць дух прыхільнікаў пераменаў»
З словаў Вікторыі Адамовіч, у міліцыі паведамілі, што яе затрымалі да суду, які, як казалі супрацоўнікі, меў адбыцца ў другой палове дня. Жанчына нагадала міліцыянтам, што ў яе непаўналетняя дачка, і хоць яна ў санаторыі, але рэгулярна сазвоньваецца з маці. Калі ж сувязь зьнікне, то гэта траўмуе дзіця.
«Я лічыла, што здаровы розум пераможа і мяне не затрымаюць на ноч, — згадвае суразмоўніца. — У камэры я зразумела, што чакаць абяцанага суду не выпадае. Гэта пацьвердзілі і ахоўнікі».
Незаконнасьць затрыманьня даводзіла і адвакатка, працягвае жанчына, але гэта не паўплывала на міліцыю. Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка адзначае: зыходзячы зь дзейных праўных нормаў, «нельга прызначаць адміністрацыйны арышт жанчынам — маці непаўналетніх дзяцей, інвалідам 1 і 2 групы». Аднак наконт затрыманьня на тэрмін да 72 гадзін «абмежаваньні ў законе не прапісаныя».
«Сіламі праваабарончага цэнтру мы зьвярталі ўвагу ўлады на гэтую дзіўную сытуацыю, — кажа экспэрт. — У выпадку прызнаньня віны яны атрымліваюць два пакараньні: фактычна адбыты арышт і штраф, які ім потым прызначыць суд, бо ім ня могуць прысудзіць адміністрацыйны арышт, які паглыне трохдзённае затрыманьне».
Вікторыя Адамовіч прызнаецца, што «трапіла ў ступар», бо «нармальны чалавек не чакае, што будзе сядзець у турме». Яна не магла зразумець, за што яе, «законапаслухмянага грамадзяніна, які сплачвае падаткі, гадуе дзяцей», зьняволілі. Жанчына прыгадвае, як шмат гадоў таму ейны муж трапіў пад крымінальны перасьлед і яго пакінулі на волі з падпіскай аб нявыезьдзе, хоць вінавацілі ў сур’ёзным злачынстве.
«Паразважаўшы, я прыйшла да высновы, што гэтак улада стараецца зламіць дух супраціву прыхільнікаў пераменаў. Прынізіць іх, — кажа суразмоўніца. — У мяне не было ніводнага імгненьня, каб я пачала думаць пра раскаяньне. Адзінае — я заплакала, калі мне ў камэру прынесьлі кнігу, у якой было фота маіх дзяцей».
«У ізалятары суп выпіла, а пюрэ ела гурком»
Вікторыя Адамовіч кажа, што ў міліцыі яе сфатаграфавалі анфас і ў профіль, «адкачалі пальчыкі, нібы ў злоснага парушальніка закону». Сярод міліцыянтак, якія яе аглядалі, была яе вучаніца.
«Яна была дужа зьдзіўленая, пабачыўшы мяне, — згадвае суразмоўніца. — Ейныя вочы зрабіліся вялікія, адзінае, што яна здолела спытаць: «Вікторыя Леанідаўна, што вы тут робіце?».
Вікторыя Адамовіч кажа, што не хацела на аглядзе разьдзявацца, бо ўспрыняла гэтую працэдуру як зьневажальную для сябе. Адна зь міліцыянтак крычала ды палохала адказнасьцю за непадпарадкаваньне службовай асобе. Пад націскам ёй усё ж давялося разьдзецца.
Ізалятар месьціцца ў сутарэньнях будынку раённай міліцыі. У двухмясцовай камэры сядзела адна. Чула, як у суседніх камэрах сварыліся «суседзі». Калі зачыніліся дзьверы, то засьпела сябе на думцы, што трымаць яе будуць у няволі некалькі дзён, а суд пройдзе пасьля выхадных. Да такога маральна рыхтавалася.
Ад нявольніцкага абеду жанчына адмовілася, бо на той момант яшчэ ня звыклася са сваім новым становішчам. З прынесенай ежы ўзяла толькі гарбату — запіць лекі. Прасіла ахоўнікаў пакінуць ёй кубак, каб піць з-пад крану ваду, але яго забралі.
«Калі прынесьлі вячэру, то ў мяне не было ні лыжкі, ні відэльца. Іх мне ахоўнікі не далі. Суп я выпіла. Тэфтэлю зь яго зьела рукой, а пюрэ скрылікам гурка. Прыдаліся навыкі з турыстычнага мінулага», — апавядае пра нявольніцкія ўмовы Вікторыя Адамовіч.
Яна кажа, што пад вечар пачала мерзнуць. Прасіла ахоўнікаў, каб тыя зьвязаліся з роднымі, каб ёй прынесьлі цёплую вопратку.
У ізалятары Вікторыю Адамовіч пратрымалі суткі. У суд яе прывезьлі на міліцэйскім мікрааўтобусе. Разгляд справы нечакана адклалі на наступны дзень, а саму Адамовіч вызвалілі.
«Улада можа адпомсьціць, скасаваўшы дамову на арэнду зямлі, і я перастану існаваць як прадпрымальнік»
Вікторыя Адамовіч кажа, што «ўвязацца ў пратэсты змусіла жыцьцё», у якім зашмат несправядлівасьці, а будучы чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, мірыцца зь ёю ня можа.
«Калі была ў радзільні, то ляжала на нейкіх дошках і тады пытала сябе, куды ж ідуць нашы падаткі, — дзеліцца жыцьцёвымі назіраньнямі суразмоўніца. — Пасьля выбараў зайшла ў школу, а там настаўнікі абураюцца, што набралі пяць новых клясаў, а партаў не хапае. Затое ў нас лятаюць верталёты, правялі пампэзны парад».
Вікторыя Адамовіч ведала, што вынікі сёлетніх выбараў, як і папярэдніх, улада сфальсыфікуе, аднак сярод прэтэндэнтаў на прэзыдэнта ўбачыла альтэрнатыву. Сама падпісалася за Віктара Бабарыку, бо хоча пераменаў у сацыяльным і мэдычным страхаваньні. На яе думку, варта скарачаць завялікі чыноўніцкі апарат, а настаўнікаў вызваліць ад непатрэбнай бюракратычнай нагрузкі.
«Яны павінны займацца адукацыяй дзяцей, а не пераносіць паперкі з аднаго месца ў другое».
Суразмоўніца прызнаецца, што хацела б вярнуцца да настаўніцтва, бо «ў душы пачуваецца пэдагогам», аднак, у цяперашніх умовах гэта немагчыма і ёй даводзіцца заставацца прадпрымальніцай.
Пра мінулае ў БРСМ
У мінулым Вікторыя Адамовіч працавала начальніцай аддзелу райкаму БРСМ і лічыла, што на гэтай пасадзе прыносіць карысьць краіне, а «Лукашэнка робіць усё правільна».
«У 1997-99 гадах узначальвала аддзел працы з моладзьдзю. У нас быў актыўны калектыў, — згадвае яна. — Мы арганізоўвалі для моладзі розныя імпрэзы, баранілі яе правы, дапамагалі маладым сем’ям. Шукалі мэцэнатаў. У той час не было такога моцнага і агрэсіўнага ідэалягічнага прэсінгу…».
З словаў суразмоўніцы, у БРСМ яна перайшла зь Беларускага саюзу моладзі, дзе была сакратаром раённай арганізацыі. Калі пачаў стварацца праўладны БРСМ, яе запрасілі у райвыканкам і сказалі, што «ў раёне ня можа быць дзьвюх моладзевых арганізацыяў».
«Тады я ня бачыла нічога кепскага ў тым, што будзе адна арганізацыя, — прызнаецца Вікторыя Адамовіч. — Асабліва тады не цікавілася палітыкай. Мяне цікавілі пытаньні, якія з маёй дапамогай маглі вырашыцца тут і цяпер».
Сышла з БРСМ напачатку 2000-х гадоў, але доўгі час заставалася ў рэзэрве кадраў райвыканкаму. Адамовіч згадвае, што яе спрабавалі ўзяць на працу ў райвыканкам начальніцай аддзелу працы з моладзьдзю і «нават зацьвердзілі былі, але потым перадумалі».
Зь яе словаў, расчараваньне палітыкай дзяржавы надышло, калі аднойчы яна прыйшла на выбары, а «насупраць ейнага прозьвішча стаяў чужы подпіс». Да таго моманту яна ня верыла, што «ў нас фальсыфікуюцца выбары».
«Калі б я працягнула кар’еру дзяржаўнага службоўца, — падсумоўвае гутарку Вікторыя Адамовіч, — то мяне ўсё роўна звольнілі б за грамадзянскую пазыцыю».
Фота: Радыё Свабода
Крыніца: Радыё Свабода