Галоўная » Хітрасць і храбрасць па-магілёўску

Хітрасць і храбрасць па-магілёўску

Сілавікі не здолелі выцесніць пратэстоўцаў з плошчы Леніна, пакуль тыя самі не захацелі сыйсці. Спроба міліцыянтаў прымусіць пакінуць месца збора натыкнулася на кемлівасць і смеласць магілёўцаў.

Каля 14:00 23 жніўня на плошчы Леніна пачалі збірацца людзі з бел-чырвона-белай сімволікай. Над галовамі і ў руках удзельнікаў антылукашэнкаўскай акцыі былі нацыянальныя сцягі, якія з пачаткам ўсеагульнага пратэсту сталі сімвалам імкнення да праўды, справядлівасці і нейкай узвышанай чысціні.

Калі ўдзельнікаў акцыі на плошчы сабралося некалькі дзясяткаў чалавек пачалі з’яўляцца міліцыянты. Напачатку людзі ў форме спрабавалі ўгаварыць удзельнікаў мерапрыемства пакінуць данае месца, бо акцыя не санкцыянаваная. Людзі ўступалі ў перапалку з праваахоўнікамі і тлумачылі, што гэта мірная акцыя і іх законнае права – выказваць уласную думку.

Паколькі ўгаворы не дапамагалі, да стаяўшых на плошчы міліцыянтаў пачалі далучацца новыя праваахоўнікі. Пакрысе яны сталі ціснуць на людзей, прымушаючы рухацца ў бок падземнага пераходу на перакрыжаванні вуліцы Першамайскай і праспекту Міра.

У той жа час на супрацьлеглым баку каля магазіна завода “Магатэкс” сабраўся яшчэ большы натоўп з без-чырвона-белымі сцягамі. І туды, як і да пратэстоўцаў на плошчы усё падыходзілі і падыходзілі людзі.

Разам з тым і да міліцыянтаў падыйшло падмацаванне. Праваахоўнікі зчапіўшыся за рукі ў лакцях стварылі ланцуг і пачалі з новай сілай выціскаць пратэстоўцаў у бок падземнага пераходу. Некаторыя з мітінгоўцаў спрабавалі абыйсці сілавікоў па праезнай часцы і стаць за міліцыянтамі. Праўда, сітуацыю для людзей гэта не палепшыла, бо асноўная частка пратэстоўцаў стаяла на шляху праваахоўнікаў, якія ціснулі ўсё мацней і мацней.

Раптам усё змянілася. Праз дарогу, з супрацьлеглага боку пачалі пераходзіць людзі і станавіцца ззаду сілавікоў. У імгненне вока міліцыянты аказаліся паміж двух вялікіх груп пратэстоўцаў. Сэнс выціскаць адну группу, калі за спінамі застаюцца такія ж самыя людзі, растварыўся ў напружаным паветры плошчы Леніна. Праваахоўнікам не засталося нічога, як пакінуць месца сваёй сілавой акцыі, выстраіўшыся за пратэстоўцамі на плошчы Леніна.

Мітынгуючыя, якіх агулам было каля двух тысяч чалавек, нейкі час яшчэ пастаялі па абодвух баках дарогі. Праз нейкі час тыя, хто быў на плошчы перайшлі на супрацьлеглы бок і ўсе разам рушылі ў напрамку плошчы Славы. Праз гадзіну на плошчы Леніна ужо нікога з пратэстоўцаў не было.

Уладзімір Лапцэвіч