Далёка не кожны раён Беларусі можа пахваліцца наяўнасцю шматлікіх фальклорных і вакальных калектываў са званнем «Народны». Гэта кажа, як аб унікальнасці і самабытнасці культурнай спадчыны Хоцімшчыны, так і высокім узроўні майстэрства і прафесіяналізму работнікаў сферы культуры. Да нядаўняга часу народных ансамбляў у Хоцімску было дванаццаць. І вось у канцы лістапада бягучага года калегіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб прысваенні высокага звання яшчэ аднаму хоцімскаму вакальнаму калектыву.
Каля сямі-васьмі гадоў таму ўдзельнікі народнага ансамбля «Пацеха» Хоцімскага РЦК Валерый Жадан, Дзяніс Шалганаў і Віталь Нікульчанка сталі выконваць на канцэртах песню «Люба». Трыо адразу палюбілася гледачам. Іх асобнага выступлення чакалі і цёпла прымалі. Паступова ў рэпертуары сталі з’яўляцца новыя песні, і ўдзельнікі трыо задумаліся аб стварэнні свайго асобнага праекта. Так безназоўнае трыо атрымала назву – «Парни поселковые».
За тэрмін свайго існавання мужчынскае вакальнае трыо прыняло ўдзел у велізарнай колькасці канцэртаў, святочных мерапрыемстваў, святаў, як у Беларусі, так і за яе межамі. І што характэрна, першай значнай узнагародай хоцімскіх артыстаў стаў Падзячны ліст Міністэрства культуры Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі за ўдзел у Міжнародным фестывалі «Садружнасць». У далейшым «Парни поселковые» стануць неаднаразовымі дыпламантамі і пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў, аглядаў-конкурсаў. Будуць выступаць не толькі ў статусе ўдзельнікаў, але і запрошаных гасцей.
Вакальны ансамбль актыўна прапагандуе беларускую народную песню. Рэпертуар калектыву разнастайны і пастаянна абнаўляецца. Гэта не толькі народныя беларускія і рускія песні, апрацоўкі, эстрадныя, аўтарскія песні. Таксама практыкуецца выкананне песень Хоцімшчыны. Трыо адрозніваецца сваім непаўторным почыркам, імкненнем да новай арыгінальнай трактоўцы выканання музычнага матэрыялу, беражліва захоўвае лепшыя традыцыі беларускай музычнай спадчыны, якая ўзбагачае змест канцэртных праграм, дапамагае заставацца верным духу народнай творчасці, служыць асновай сапраўднага прафесійнага мастацтва.
Нацыянальны каларыт, сваеасаблівасць, шчырасць і тэмперамент, гумар – гэта ўсё знаходзіць адлюстраванне ў праграмах народнага мужчынскага вакальнага ансамбля «Хлопцы Пасялковыя».
Так, з нагоды прысваення звання калектыў унёс змены ў афіцыйную назву. Рускамоўны варыянт «Парни поселковые» ў мінулым, цяпер толькі «Хлопцы Пасялковыя». Але ад змены назвы не зменіцца галоўнае – любоў да сваёй справы, талент і жаданне дарыць людзям радасць і добры настрой.
Фота: “Шлях Кастрычніка”
Алесь ЛЕСІН
Крыніца: “Шлях Кастрычніка”