Галоўная » Храму на Краснапольшчыне споўнілася 115 год

Храму на Краснапольшчыне споўнілася 115 год

Не так многа засталося нам у спадчыну старажытных помнікаў беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку праваслаўных храмаў. Адных згубіў няўмольны час, іншых – бяздумныя, бяздушныя людзі. А сярод тых, што і сёння ўяўляюць сабой веліч і гонар нашага народа, адлюстроўваюць яго імкненні да прыгажосці фізічнай і духоўнай, – царква, што ў вёсцы Выдранка.

З гісторыі рэлігіі і веравызначэння на Краснапольшчыне

Па свайму веравызначэнню насельніцтва краснапольскага краю на рубяжы канца XIX – пачатку XX стагоддзя было неаднародным. У асноўным гэта былі праваслаўныя, але тады ў павеце пражывалі 2607 католікаў, 32 пратэстанты, 1112 яўрэяў. Таму існавалі праваслаўныя храмы, касцёлы і яўрэйскія сінагогі.

Вось аб чым гавораць пісьмовыя крыніцы. На тэрыторыі Краснапольскага стана, які складаўся з васьмі валасцей і ўваходзіў у склад Чэрыкаўскага павета, былі 21 праваслаўны храм, 2 рымска-каталіцкія касцёлы, 3 яўрэйскія сінагогі.

Праваслаўныя царквы ўваходзілі ў склад Магілёўскай епархіі і былі ў Краснаполлі, Маластоўцы, Мхінічах, Сабалях, Выдранцы, Наваельні, Драгатыні, Палужы, Гарэзне, Гарах, а таксама ў Кляпіне, Галоўчыцах, Саматэвічах, Сілічах, Бацькавічах, Восаве, Старынцы, Студзянцы, Дубравіцы, Дзяражні, Касцюковічах.

Пры царквах і царкоўна-прыхадскіх школах ствараліся хоры і рабіліся нядзельныя і святочныя чытанні. Яны былі ў Выдранцы, Гарэзне і пры іншых царквах. Чытанні наведвалі не толькі вучні, але і дарослыя. Прадметам чытання былі жыцці святых і розныя артыкулы рэлігійна-духоўнага зместу. Праваслаўная царква выконвала выключную ролю ў маральным выхаванні прыхаджан і моладзі.

 

Унікальнасць храма

Храм Дзмітрыя Растоўскага ў в. Выдранка, сапраўды, унікальны праваслаўны помнік драўлянага дойлідства. У адных гістарычных выданнях, ён належыць  працы архітэктара Растрэлі, таго самага, які праектаваў Зімовы палац у Пецярбургу. Па іншых сведчаннях – створаны невядомым майстрам ці майстрамі (звестак не захавалася). Але ўсе гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што пабудаваны храм з дрэва ў 1905 годзе без адзінага цвіка, што з’яўляецца вялікай рэдкасцю не толькі ў межах нашага раёна, але і па ўсёй Беларусі.

 

Архітэктура храма

Ён і сёння з’яўляецца сапраўдным узорам тагачаснай архітэктуры неарускага стылю. Царква вырашана па кананічнай 4-часткавай кампазіцыйнай схеме, але ў арыгінальнай шматпланавай аб’ёмна-прасторавай трактоўцы. Над папярочна выцягнутым прамавугольным прытворам узвышаецца 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, завершаная гранёным шатром з макаўкай. Праз кароткі бабінец званіца далучана да цэнтральнага крыжовага ў плане аб’ёму, сяродкрыжжа якога завершана 8-гранным светлавым барабанам з шатровым верхам з макаўкай. Падоўжна-восевая кампазіцыя складаецца з 5-граннай апсіды і маленькай бакавой рызніцы. Стракатасць сілуэту храма надаюць 2-гранныя шчыты аб’ёмаў. Тры ўваходы аформлены 2-слуповымі ганкамі з кілепадобнымі пакрыццямі і фігурнымі франтонамі, трактаванымі ў стылі мадэрн. На фоне плоскасных гарызантальна ашаляваных фасадаў вылучаюцца пластычна трактаваныя ліштвы прамавугольных аконных праёмаў.

У інтэр’еры пануе 2-светлавая прастора сяродкрыжжа, перакрытая самкнутым 8-гранным скляпеннем на ветразях, пакрытых выявамі евангелістаў. Бакавыя прытворы, бабінец і апсіда адкрываюцца шырокімі прасветамі. У бакавых прыдзелах створаны галерэі хораў з бакавымі і ўнутранымі лесвіцамі. Апсіда вылучана 3-ярусным іканастасам. Сцены пакрыты арнаментальна-арабескавай размалёўкай.

 

Выдранская “панначка”

У архіўных запісах царквы, у памяці людзей захавалася, што будавала храм мясцовая памешчыца Марыя Дорн у гонар падзвіжніка XVIII стагоддзя свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага.

Згодна захаванаму паданню, храм быў заложаны па ўзнікшаму Марыі Дорн Божаму адкрыццю. Калі з Марыяй Дорн здарылась цяжкая хвароба, яна старанна малілась перад іконай Дзмітрыя Растоўскага і прасіла дапамогі і вылечвання. Цуд адбыўся – Марыя ачуняла, і ёй была даравана міласць Гасподня.

Мусіць, менавіта за яе богаўгодныя дзеянні называлі памешчыцу ласкава “панначка”. Але не захавалі ад злога лёсу яе дабрачыннасць ды богаўгодніцтва.

Жыхары вёскі Выдранка да гэтага часу захоўваюць памяць пра памешчыцу Марыю Дорн, якая будавала Выдранскую царкву. Вось што расказвала жыхарка вёскі Выдранка Марыя Фёдараўна Гаўрыленка: “Мая маці, Матруна Паўлаўна Гаўрыленка, працавала ў паноў кухаркай. Казала, што памешчыца была вельмі добрая. У маладосці па вёсцы на веласіпедзе раз’язджала. А потым у яе захварэлі ногі і яе сталі вазіць на брычцы. Пані збірала хлапчукоў-сірот і вучыла іх грамаце. Яе муж быў прускім подданым, яшчэ да рэвалюцыі разам з чатырма дарослымі сынамі выехаў у Германію. Клікалі і яе, але яна засталася на радзіме. Калі прыйшла рэвалюцыя, то памешчыца ўсё ж такі вырашыла выехаць. Але не змагла. На выездзе з вёскі ёй стала дрэнна і яна памерла”.

А царква засталася як памяць аб ёй, як сведка тых далёкіх падзей. У насельнікаў навакольных вёсак бытуе меркаванне, што ніхто іншы, як сам Дзмітрый Растоўскі ахоўвае храм ад пажараў ды нягод. Таму прароцкімі здаюцца словы панначкі: “Усе цэрквы будуць рушацца, а гэта будзе стаяць”.

 

Храм – сімвал жыцця і перамогі

І быццам бы ў пацвярджэнне яе слоў знаходзіліся людзі, якія і ў добрую, і ў ліхую гадзіну адстойвалі, ратавалі божы храм ад разбурэння. Так было і ў мірны час, і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі тут, на даху царквы стаяў нямецкі кулямёт і немцы трымалі абарону. Тады для чырвонаармейцаў, якія вялі наступленне, для вяскоўцаў гэтая царква была нечым намнога большым, чым звычайнае збудаванне: сімвалам жыцця, сімвалам перамогі.

У храме захоўваецца невялікі абраз з дзіркамі ад куль. Падобных дзірак поўна ў купале царквы, дзе некалі засеў нямецкі снайпер і адтуль “касіў” савецкіх салдат. Але наш камандзір забараніў страляць па ім, каб не пашкодзіць будынак, і снайпера “выкурылі” са званіцы. Цяпер на царкоўным двары ёсць помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. На пліце абеліска загінуўшым зямлякам – імёны 58 воінаў, якія не вярнуліся ў родную Выдранку.

 

Чаму так добра нам у ім?

Цікавым і пазнавальным з навуковага і рэлігійнага пункту гледжання з’яўляецца ўнутранае ўтрыманне храма. Там знаходзіцца нямала ікон, якія асабліва шануюцца ў народзе: абразы свяціцеля Мікалая, Вялікамучаніцы Варвары, Серафіма Сароўскага, свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага. Прыгажосцю, багаццем убрання адрозніваецца алтар. Дзіўнае спляценне сучаснасці і старажытнасці ўяўляе сабой велічная пабудова званіцы, з вышыні якой адкрываюцца неабсяжныя навакольныя прасторы лясоў ды вёскі. Захаваўся толькі адзін невялічкі сапраўдны колакал. На ім – адлюстраванне рассійскага герба, а побач надпіс: ”Александр – император Всероссийский”. А замест астатніх – разрэзаныя авіяцыйныя бомбы.

 

Дзіўныя гісторыі храма

Пасля чарнобыльскай катастрофы царква стала вядомая дзякуючы дзіўнай гісторыі, якую расказваюць мясцовыя людзі: напярэдні на іконе Серафіма Сароўскага нібыта з’явілася воблака. Аднак ніхто гэты знак на той час не разгадаў. А зараз яно нагадвае пра трагедыю, якая здарылася ў 1986 годзе.

Невялікі храм сапраўды прыемна ўражвае. Сярод ікон тут вылучаюцца абраз Мікалая Цудатворца, пашкоджаны часам (гавораць, без звароту да яго ніводны мясцовы жыхар не бярэцца за важную справу), а таксама абраз Георгія Перамаганосца, з якім, запэўніваюць вернікі, неўзабаве здарыўся цуд – ён ачысціўся і пасвятлеў. У гэтым прыхаджане бачаць добры знак.

 

Святары храма

Сапраўды другое дыханне набыў божы храм пасля рэканструкцыі, якая праводзілася ў пачатку 80-х гадоў святаром Віктарам Савельевічам Казека. У памяць аб тых дабратворных змяненнях захаваўся надпіс на аснове купала: “1980 г. КВС.” Айцец Віктар быў сапраўдным энтузіястам сваёй справы. Яго аптымізму, жыццялюбству, энергіі нават у сталыя гады можна было пазайздросціць. Менавіта з яго лёгкай рукі храм пачаў набываць дабротны, дастойны ўнутраны і знешні выгляд.

Зараз настаяцель храма Свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага іерэй Віктар Давыдзенка, які таксама зрабіў і робіць для праваслаўнай святыні шмат.

З яго ўдзелам прывялі ў парадак крыніцы ў гонар Дзмітрыя Растоўскага і Серафіма Сароўскага, будуецца часоўня Іаана Хрысціцеля.

– Выдранка будзе існаваць, пакуль будзе стаяць храм, – упэўнены айцец Віктар. – Царква тут будзе стаяць да канца свету. І вёска будзе жыць.

У кастрычніку 2020 года царква Дзмітрыя Растоўскага, якая прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, будзе адзначаць 115-годдзе з дня ўтварэння.

Матэрыял падрыхтавала
Краснапольская цэнтральная раённая бібліятэка ім. М. Ткачова.

Крыніца: redflag.by