Жаданне звярнуцца да тэмы сучаснага стану і перспектываў беларускай вёскі ўзнікла ў мяне пасля азнаямлення з матэрыялам, размешчаным на старонках “Магілёўскага рэгіёну”, – аб адбыўшымся 25 лютага 2021 года аўкцыёне па продажы будынка былой школы ў вёсцы Стараселле Бялыніцкага раёна.
Чаму я звярнуў асаблівую ўвагу на дадзены матэрыял?
Бо дадзеная школа была пабудаваная ў Стараселлі падчас маёй працы ў якасці дырэктара саўгаса “Іскра” напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, цэнтральнай сядзібай якога і з’яўлялася гэтая вёска ў той час.
Прыступаючы да абавязкаў дырэктара пасля абрання на гэтую пасаду калектывам сельгаспрадпрыемства, акрамя вырашэння шматлікіх арганізацыйна-гаспадарчых пытанняў і праблемаў, мною разам са спецыялістамі гаспадаркі быў сфармаваны і план сацыяльнага развіцця тэрыторыі гаспадаркі.
Бо саўгас “Іскра”, створаны на базе двух падраздзяленняў суседніх гаспадарак, існаваў на той час усяго некалькі гадоў толькі дзякуючы энтузіазму мясцовых жыхароў, якія хацелі жыць і працаваць на роднай зямлі.
Працаўнікі гаспадаркі, асабліва моладзь, не дачакаўшыся выканання абяцанняў з боку раённых уладаў па будаўніцтву інфраструктуры на вёсцы згодна планаў, што былі закладзены пры стварэнні гаспадаркі, усе спадзяванні ўскладалі на новае кіраўніцтва.
Я добра памятаю, калькі радасці было ў вачах мясцовых механізатараў, калі ў першы ж год майго кіравання была здадзена ў эксплуатацыю майстэрня для рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі з неабходным абсталяваннем, узведзеная гаспадарчым спосабам, разам з выкананнем работ па рэканструкцыі тэрыторыі машыннага двара. Са з’яўленнем майстэрні закончыліся мытарствы механізатараў па рамонту тэхнікі пад адкрытым небам і ў дождж, і ў холад.
У хуткім часе ў Стараселлі з’явілася і саўгасная сталовая, дазваляючая забяспечыць працаўнікоў гаспадаркі прыстойным абедам, асабліва ў час палявых кампаній.
Будаваліся, рэканструяваліся і іншыя аб’екты. У выніку, за часы майго дырэктарства было пабудавана шэраг жылых дамоў для працаўнікоў гаспадаркі, пракладзена цепласетка для ацяплення новага паселка ад кацельнай гаспадаркі, добраўпарадкавана тэрыторыя цэнтральнай сядзібы саўгаса, праведзена рэканструкцыя сістэмы водазабяспячэння, рэканструкцыя вясковага клуба, атрымаўшага статус дома культуры, распачата будаўніцтва ўнутрыгаспадарчай дарожнай сеткі, шэрагу гаспадарчых аб’ектаў.
Усе будаўнічыя работы ў гаспадарцы вяліся за кошт уласных сродкаў, без усялякіх крэдытаў і пазыкаў з боку дзяржавы.
Невырашальным доўгі час заставалася пытанне па будаўніцтву за кошт бюджэтных сродкаў новага будынку школы, бо кіраўніцтва раёна ў асобе тагачаснага першага сакратара райкама КПСС усяляк блакавала станоўчае вырашэнне гэтага пытання, нягледзечы на нездавальняючы стан закладзеных яшчэ ў першай палове 20-га стагоддзя будынкаў дзеючых на тэрыторыі гаспадаркі сярэдняй, 8-мі гадовай і пачатковай школ.
Толькі дзякуючы падключэнню грамадскасці, шматлікім зваротам у Магілёўскі аблвыканкам, міністэрства адукацыі з грунтоўнымі фактамі ў неабходнасці новай школы, пытанне было зрушана з месца.
І што ж і чаму здарылася ў Стараселлі, што ў вёсцы, якая раней штогод прыбывала новымі жыхарамі, вёсцы, дзе на вуліцах гучалі шматлікія дзіцячыя галасы, а дзіцячы садок на 50 месцаў быў запоўнены да адказу, мясцовыя ўлады вымушаны былі зачыніць школу, а шмат раней ліквідаваць саму гаспадарку, далучыўшы яе да суседняй?
Ды сітуацыя, што склалася ў Стараселлі, ды і з саўгасам “Іскра” – гэта не адзінкавая з’ява для Беларусі. Штогод на вёсцы зачыняюцца дзесяткі школаў, ліквідоўваюцца гаспадаркі, і людзі вымушаны з’язджаць з родных мясцінаў у пошуках працы і лепшай долі.
І адбываецца гэта ўсё не па віне сяльчан, а па “недамыслію” тых, хто дзесьці на версе ўлады прымае за гэтых людзей рашэнні, не несучы за іх ніякай адказнасці – як і дзе ім жыць, як працаваць, як даглядаць сваю родную зямлю, дзе яны нарадзіліся, выраслі і засталіся адданымі гэтаму кавалачку сваёй Радзімы.
Як гэта было ў 20-х, 30-х, 40-х гадах ХХ стагоддзя, калі сялян “заганялі” у калгасы, пазбаўлючы іх прыватнай уласнасці на зямлю, сродкі вытворчасці, прымушаючы іх працаваць ад цямна да цямна за “палачку” (працадзень).
Як гэта было ў 1960 – 1970 –х гадах, калі згодна дзяржаўнай палітыкі былі ліквідаваны тысячы так званых “неперспектыўных” вёсак, што нанесла значныя страты сельскай інфраструктуры, зламала лёсы соцен тысячаў грамадзян.
Так і сёння беларуская дзяржава імкліва выбівае з сялян апошнія рэшткі пачуцця ўласніка, гаспадара свайго жыцця, аб’ядноўваючы, не зразумела па якой неабходнасці, у адно па некалькі гаспадарак, – як гэта было ў Бялыніцкім раёне, дзе ў ААТ “Новая Друць” увайшло шэсць былых саўгасаў і калгасаў (у тым ліку саўгас “Іскра”), па тэрыторыі, адпавядаючай палове раёна.
Працэс аб’яднання, як гэта было з саўгасам “Іскра” бывае даходзіць да абсурда. Напачатку ад саўгаса была забраная зямля і перададзена ААТ “Новая Друць”, і толькі праз тры гады, пасля ўмяшальніцтва незалежных СМІ да ААТ быў далучаны саўгас. Тры гады працаўнікі “Іскры” заставаліся без асноўнага сродка вытворчасці і вымушаны былі шукаць іншыя месцы працы.
Падыходы беларускай дзяржавы па арганізацыі ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу на перспектыву не змянілі сваёй сутнасці і зараз. Як і ў першай палове 20-га стагоддзя, праз сто год, кіраўніцтва краіны асноўнай формай арганізацыі працы на сяле лічыць прымус. Беларускі лідар у адкрытую заявіў аб гэтым яшчэ ў студзені 2020 года ў час нарады па сельска гаспадарцы ў Віцебскай вобласці.
Калі прымус да працы, а не прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці застанецца ў свядомасці беларускага кіраўніцтва як першачарговая мера па забяспячэнні ўстойлівай работы аграпрамысловага комплексу краіны, то, цалкам верагодна, у хуткім часе, на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу краіны з’явяцца працоўныя паселішчы сістэмы ГУЛАГ, або будзе вернута, адмененае ў ХІХ стагоддзі, прыгоннае права з замацаваннем калгаснікаў за чынавенствам.
Рыгор Кастусёў