Галоўная » Ідэальная кар’ера: 45 год на прадпрыемстве, 30 год на пасадзе кіраўніка

Ідэальная кар’ера: 45 год на прадпрыемстве, 30 год на пасадзе кіраўніка

Калектыў Магілёўскага камбіната сілікатных вырабаў праводзіў на адпачынак Васіля Мікалаевіча Паца.

 Васіль Пац нарадзіўся ў 1954 годзе ў сяле Дабросін (Львоўская обласць, Несцераўскі раён). Адразу пасля школы паступіў у Львоўскі палітэхнічны інстытут, вучыўся на хіміка-тэхналагічным факультэце. У 1975 годзе па размеркаванні быў накіраваны ў Магілёў на нядаўна створаны камбінат сілікатных вырабаў (зданы ў эксплуатацыю ў 1968 годзе). Пачынаў інжэнерам тэхнолагам, потым працаваў майстрам цэха, намеснікам начальніка цэха, начальнікам цэха. У складаныя часы другой паловы васьмідзясятых стаў галоўным інжэнерам (1987), а праз тры гады ўзначаліў прадпрыемства – напярэдадні вялікіх пераменаў у краіне і ў грамадстве.

У той час КСВ перайшоў на гаспадарчы разлік. З 1994 камбінат стаў калектыўным прадпрыемствам, а ў 1999 набыў статус закрытага акцыянернага таварыства. Калегі Васіля Паца кажуць, што ён стаў кіраўніком вельмі ўчасна – магчыма, дзякуючы яго прадпрымальніцкім якасцям і ўдала падабранай камандзе, камбінат  заўсёды трымаў больш-меньш устойлівае становішча ў няпростых варунках існавання дзяржавы. На прадпрыемстве ў розныя перыяды працавала ў сярэднім каля 800 чалавек.

На сённяшні дзень ЗАТ “Магілёўскі КСВ” – адзін з буйнейшых вытворцаў вырабаў з аўтаклаўнага ячэістага бетона і сілікатнай цэглы ў краінах СНГ і Балтыі. У чым нямалая заслуга Васіля Мікалаевіча Паца, кіраўніка КСВ з 1990 года.

Камбінат з’яўляецца акцыянерам футбольнага клуба “Дняпро”. Гэта таксама можна лічыць невыпадковым – у студэнцкія гады Васіль Мікалаевіч гуляў у футбол за зборную факультэта, з’яўляўся адказным па стасунках з дабравольным спартовым таварыствам “Буравеснік”. Магчыма цікавасць да спорту дапамагла наладзіць узаемаадносіны з кіраўніцтвам магілёўскага клуба.

У жніўні 2020 года адбылося ўрачыстае мерапрыемства, звязанае з провадамі на заслужаны адпачынак былога дырэктара прадпрыемства.

 

P. S. Зараз на месца кіраўніка прызначаны Карпаў Аляксей Сяргеевіч. Яго праца пачынаецца ў нялёгкіх умовах: у сярэдзіне верасня на вытворчай тэрыторыі КСВ адбыўся моцны выбух, ёсць пацярпелы, які знаходзіцца ў рэанімацыі.

С. Лапіцкі