Прыгадваецца стары анекдот пра яўрэя, які памірае. Вакол яго сабраліся родныя і пытаюцца:
— Абрам, чаго ты хочаш перад смерцю?
Стары яўрэй адказвае:
— Хачу гарбаты нармалёвай?
Усе глядзяць на яго са здзіўленнем, і ў гэты момант ён пачынае тлумачыць:
— Калі дома п’ю, то дзве лыжкі цукру ў кубак кладу. Эканомлю. Калі ў гасцях, то чатыры. Перацукрываю. А люблю піць з трыма лыжкамі цукру! Прынясіце мне перад смерцю гарбаты нармалёвай!
Больш чым сямігадзінную “Вялікую размову” з прэзідэнтам можна аднесці да перацукрынай гарбаты. Выпіў — і падванітоўваць пачынае. Асабліва дзеці ў канцы — наіграна, аж пячонка пераварочваецца. Каб не Давыдзька, то і без перапынку працоўны дзень прайшоў бы. Прафсаюзаў няма, таму і глядзець за перапынкамі на абед няма каму…
Мяне ж цікавіла не тое, што запыталі ў прэзідэнта, а пра што ў яго запытваць не сталі.
Знікаюць у нябыт справы Ганчара, Красоўскага, Завадскага і Захаранкі. Іх лёс не турбуе ўжо ні журналістаў, ні іншых палітычных дзеячоў.
Ніхто не паставіў пад сумнеў сам інстытут выбараў у Беларусі, якія не могуць пахваліцца сваёй дэмакратычнасцю.
Не задавалі пытанне пра аднаўленне прамых трансляцый з пасяджэнняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Не было зададзена пікантных пытанняў, чаму не сядзіць былы віцэ-прэм’ер Жарко, а Румас сядзіць у крэсле прэм’ер-міністра з парушэннем Канстытуцыі.
Чаму ідзе ўзвышэнне пенсійнага ўзросту ў першую чаргу для мужчын, калі розніца ў сярэдняй працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі ў краіне складае каля 12 год?
Чаму Шуневіч працягвае здзеквацца з беларусаў, апранаючы на 9 траўня форму супрацоўніка НКУС, а яго падначаленыя затрымліваюць мірных дэманстрантаў, не маючы ўвогуле ніякай формы?
Спіс пытанняў можна працягваць.
Тым не менш, размова адбылася ў першую чаргу дзякуючы тым, хто не сядзіць на дзяржаўным акладзе. Дыялог — не, бо не было тых, хто не такі лагодны і прэтэндуе на ўладу. Мо калі б улада чула сваіх апанентаў і не фальсіфікавала выбары, то і напружанасці ў грамадстве было б куды менш, а палітычнага выбару — куды больш, і дыялог можна бы было чуць кожны дзень.
Прэзідэнт, сапраўды, не баяўся ні пытанняў, ні тых, хто іх задаваў.
А чаго баяцца? Усе журналісты акрэдытаваныя, арганізацыі афіцыйна зарэгістраваныя: перагнеш планку — і атрымаеш сіметрычны адказ.
Бадай адзіны раз Лукашэнка непрыхавана абурыўся, калі пытанне зайшло пра мову. Гэта свайго кшталту сігнал для аматараў што “мяккай”, што “жэстачайшэй” беларусізацыі.
Але з якой асалодай ён размаўляў пра свае лыжы і гульню ў хакей. Як стары салдат рабіў аповяд навабранцам, смакуючы кожны момант і звяртаючы ўвагу на асаблівасці, пра якія ніхто са звычайных беларусаў і не задумываўся, бо ўзровень жыцця не дазваляе ні на лыжах катацца, ні ў хакей гуляць.
Асноўны ж пасыл быў такі — мяне не скініце, сам не сыйду, рэформаў хуткіх і хутка не будзе, Канстытуцыю зробім пад таго, хто працягне мой курс і, магчыма, назаве пазней у мой гонар праспект Пераможцаў.
За ўсёй гэтай упэўненасцю і валоданнем сітуацыяй хавалася адна вялікая слабасць — рэчаіснасць, якую маляваў прэзідэнт, была перацукраная.
Ігар БАРЫСАЎ
Крыніца: naviny.by