Гэтыя парламенцкія выбары – апошнія, якія праходзяць у такім выглядзе, піша mspring.online.
Ігар Марзалюк. Фота: mspring.onlineПадчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў сярэдняй школе №40 Магілёва 5 лістапада, дзеючы дэпутат парламента Ігар Марзалюк, які балатуецца на другі тэрмін, зрабіў некалькі гучных заяў. Сабралі найбольш цікавыя з іх.
АБ ЗМЕНАХ У КАНСТЫТУЦЫІ
Цяпер самае важнае – чым будзем займацца новы парламент і чым буду займацца я, калі вы выкажыце мне давер. Мы знаходзімся на зломе эпох. Беларусь за 25 гадоў прайшла вельмі вялікі, цяжкі, складаны і зусім неадназначны шлях.
Разам з тым, мы захавалі дзяржаву з усімі яе атрыбутамі. Мы змаглі не праваліцца. Але мы выкарысталі той рэсурс, у тым ліку рэсурс савецкі, які быў.
Таму задача для парламента – праца над новым варыянтам Канстытуцыі, над новай мадэллю палітычнай сістэмы. Ясна, што ўсё гэта будзе праходзіць праз рэферэндумы. Ясна, што гэта ўсё будзе праходзіць з улікам меркаванняў абсалютнай большасці грамадзян. Усё гэта будзе.
Ёсць 17 розных варыянтаў Канстытуцыйнага акту на сённяшні дзень. Канстытуцыйны акт прадугледжвае – з таго, што я магу сказаць – пераразмеркаванне функцый улады. Гэта больш улады парламенту, які будзе кантраляваць прэм’ер-міністра.
Гэта будзе адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Гэта рэформа мясцовага самакіравання.
Менавіта беларуская ўлада, якую абвінавачвалі ва ўсіх грахах, асэнсавана будзе ісці на лібералізацыю і ў бок большай свабоды па гэтых напрамках.
У гэты ж дзень Ігар Марзалюк правёў яшчэ адну сустрэчу з выбаршчыкамі ў сярэдняй школе №35. Там ён пацвердзіў свае словы наконт змены Канстытуцыі і заявіў, што бягучыя парламенцкія выбары – «апошнія па мажарытарнай сістэме».
АБ МІЖНАРОДНЫМ ВАЛЮТНЫМ ФОНДЗЕ
У мяне права-кансерватыўныя погляды. Я лічу, што чым больш уласнікаў, тым лепш для дзяржавы. Але я за сацыяльна-рынкавы падыход. Я выступаю супраць дзікага капіталізму і тых рэцэптаў, якія нам спрабуе навязаць Міжнародны валютны фонд. Гэта капіталізм, які быў да 30-х гадоў у ЗША, да Рузвельта. Схема такая страшная, сумная, і нікога з тых, хто ішоў па гэтых рэцэптах, да дабра яна не давяла.
Калі хто не ведае, у нас цяпер «вялікія» пенсіі, «вялікія» заробкі і іх трэба абрэзаць. Гэта патрабаванне МВФ.
Спроба папярэдняга ўрада ісці па гэтым шляху вывела людзей на вуліцы.
АБ ТРАДЫЦЫЙНЫХ КАШТОЎНАСЦЯХ
Ёсць рэчы, з якімі я катэгарычна ніколі не пагаджуся. Вось тыя, хто ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, напэўна, пагодзяцца. А я ніколі не пагаджуся з тым, што нам трэба растоптваць каштоўнасці нацыянальныя. Я ніколі не пагаджуся з тым, што сям’я – гэта гомасексуальны шлюб, для мяне сям’я – гэта саюз мужчыны і жанчыны.
Я ганаруся, што пахаваў закон аб хатнім гвалце. Ён супярэчыў Канстытуцыі і Кодэксу аб адукацыі. Мужчына – таксама чалавек. І мае роўныя правы, яго не толькі трэба выстаўляць агрэсарам, зневажаць.
Я быў супраць гэтага закона і гэтай канцэпцыі яшчэ і таму, што там магла паўстаць дзікая сітуацыя. Вас ненавідзіць, дапусцім, сусед або суседка, набрала ў трубке міліцыю, і міліцыя гэтая, з-за чаго верашчаць ўсе лібералы, нагой б адкрывала без санкцый вашы дзверы. Вывелі б усе гэтыя канфлікты паміж мужчынам і жанчынай за межы працэсу.
А яшчэ жанчын б пазбавілі права… Ну, бывае, калі мужчына рот свой раскрые, яна на яго заяву напіша, а потым ёй хочацца гэтую паперу забраць. Дык вось гэтыя разумнікі хацелі зрабіць так, каб у вас не было права забраць сваю заяву на свайго вернага. Але бывае рознае. Мы ўсе бываем рознымі. Бывае ж і так, што часам дараваць і зразумець трэба.
Я хачу, каб нейкія базавыя фундаментальныя каштоўнасці, якія выгадна адрозніваюць Беларусь ад іншых, якія з’яўляюцца традыцыйнымі еўрапейскімі каштоўнасцямі… Мы, напэўна, хутка застанемся адзінай традыцыйнай еўрапейскай краінай, куды можна будзе па квітках завозіць.
ПРА СВАЕ ГРОШЫ
Вельмі шмат бруду і хлусні на мяне льецца ў Інтэрнэце. Гэтыя іссучаныя істоты пішуць, што ў Марзалюка на пяць мільёнаў даляраў ёсць у Драздах жылы комплекс. Я б хацеў, але ў мяне няма. Зарабляю добра. Я ж не хлушу, як Аксёнаў [Алег Аксёнаў – таксама кандыдат у дэпутаты па той жа акрузе, што і Марзалюк]. Чалавек піша, што ён дырэктар прыватнай фірмы, а даход, за які ён жыве – пенсія і заробак жонкі. Калі гэта праўда, то паспачуваць трэба чалавеку.
Я сапраўды добра зарабляю. Уваходжу ў дзесятку самых зарабляючых кандыдатаў. Мой даход і мая зарплата – гэта розныя рэчы. Я з 1998 года ні аднаго дня не жыў на зарплату. Не краў. Не браў хабару. Я – навуковец з еўрапейскім і сусветным імем! Здымаем перадачы вось гэтыя, па СТБ. А 18-й гадзіне заканчваецца працоўны дзень, а 18:30 за мной пад’язджае машына з СТБ. Я адпахіваю! А што я раблю вечарам і ноччу – гэта ўжо мае асабістыя мужчынскія справы.
Першую сваю кватэру, я купіў у 1994 годзе. І маміных з папінымі грошай не было! Для мяне працаваць 16 гадзін у дзень – гэта норма.
Так што няма ў мяне кватэры чатырохпакаёвай, падоранай Лукашэнкай, у цэнтры Мінска, ні пяці машын. І сын мой вучыцца ў магілёўскай гімназіі №2. Ён не ў Оксфардзе.
ПРА НАЗІРАЛЬНІКАЎ АБСЕ
Учора [4 лістапада] АБСЕ-шнікі патэлефанавалі, прапанавалі сустрэцца. Я ім сказаў, што толькі ў рэжыме анлайн. Сваім выбаршчыкам я буду паказваць ўсе пытанні, якія вы будзеце задаваць. Я ж вам не афрыканец. Вы мяне дапытваць не будзеце. Усё – адразу змоўклі. Аказваецца, што пад запіс і без купюр казаць не хочацца.
ПРА МУЖЧЫНАЎ
Мужчына, які не можа забяспечыць сваю сям’ю – імітацыя ў штанах. Мужчына, які не адказвае за сваю сям’ю і дзяцей – гэта хто заўгодна. Але не мужчына.
ЯК ПРАХОДЗІЛІ СУСТРЭЧЫ
Ігар Марзалюк прэтэндуе на другі тэрмін у дэпутацкім крэсле Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84. На сустрэчу з выбаршчыкамі ў СШ №40, якая адбылася раніцай 5 лістапада, сабралі настаўнікаў з гэтай школы. Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў, які жыве на тэрыторыі акругі, распавёў, што, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс:
– Жанчына на вахце, калі я сказаў, што хачу як выбаршчык папрысутнічаць на сустрэчы, сказала, што ня ведае, што рабіць у такой сітуацыі. Папрасіла запісацца ў журнале наведванняў, пасля чаго правяла асабіста ў актавую залу. Там ужо сядзела каля 50 чалавек. Усе – настаўнікі, як я зразумеў. Вахцёрка спытала ў адной з кіраўніц школы, ці можна мне прысутнічаць на сустрэчы з кандыдатам, што само па сабе ўжо трэшова. Мяне пусцілі. Калі ўвайшоў Марзалюк, яго таксама папярэдзілі, што ў зале ёсць «лішні». Нейкія неэлегантныя выбары, – распавёў праваабаронца.
Яго калега з «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын пабываў на сустрэчы ў сярэдняй школе №35. Паводле яго слоў, там прысутнічала «каля 20 чалавек, тыя, хто прыходзілі, пыталіся, дзе трэба рэгістравацца».