Галоўная » Ігар Пушкін распавёў пра аднаўленне крыжа на магіле Мікалая Ястрэбскага

Ігар Пушкін распавёў пра аднаўленне крыжа на магіле Мікалая Ястрэбскага

У Магілёве на каталіцкіх могілках аднавілі скрадзены вясною 2019 года крыж на месцы пахавання Мікалая Ястрэбскага.

Нагадаю, што пісаў “Магілёўскі рэгіён у мінулым годзе пра вядомага магілёўца:

“Шмат хто, прачытаючы гэты артыкул, магчыма ўпершыню даведаецца пра нашага славутага земляка Мікалая Ястрэбскага (1808–1874) і адкрые для сябе асобу яркую, неардынарную, таленавітую. М. Ястрэбскі належыць да тых людзей, пра якіх гавораць: “ён быў першы!”

Першы пачаў даследаваць трываласць жалеза і сталі. Упершыню ў Расіі зрабіў даследаванні па дынаміцы машын. Выдаў першыя на рускай мове дапаможнікі па будаўнічаму майстэрству і па супоры матэрыялаў. Напісаў першыя нарысы па гісторыі механікі.

І пры гэтым быў таленавітым літаратарам. М. Ястрэбскі напісаў першыя тры раздзелы другога тома “Мёртвых душ”, ды так добра, што вядомыя ў той час літаратуразнаўцы, спецыялісты па творчасці М. В. Гогаля, не знайшлі ніякіх стылістычных і моўных адрозненняў ад гогалеўскага тэксту.

Мікалай Феліксавіч Ястрэбскі амаль тры дзесяткі год пражыў у Магілёве і быў тут пахаваны. Працяглы час даследчыкі яго жыцця, навукоўцы шкадавалі, што дакладна невядома месца яго пахавання. Пару год таму, пры інвентарызацыі каталіцкіх могілак па вуліцы Лазарэнкі ў Магілёве, магілёўскім аддзелам СПБ яно было знойдзена! З’явілася яшчэ адно месца на турыстычнай мапе Магілёва.  Але не доўга цешыліся магілёўцы…”

 

19 сакавіка 2019 года я [Ігар Пушкін] прыехаў на месца пахавання М. Ястрэбскага разам з пачынаючай краязнаўкай Віталінай Харкевіч, якая падрыхтавала на гарадскі конкурс навуковую працу пра славутага інжынера – магілёўца (дарэчы навуковая праца заняла першае месца). Гэта апошняя дакладна вядомая дата калі бачылі надмагільны крыж на месцы пахавання Мікалая Ястрэбскага.

Па прапанове дзяўчынкі і яе бацькоў было вырашана навесці парадак на месцы пахавання і вакол яго. Група школьнікаў з гімназіі № 4 г. Магілёва разам з настаўніцай, Віталіна з бацькамі і некалькі студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання 9 красавіка 2019 г. паехалі на каталіцкія могілкі… і не знайшлі надмагільнага крыжа!

Маці Віталіны – Лідзія Харкевіч (па адукацыі інжынер-тэхнолаг) па факту крадзяжу на могілках звярнулася да адказных асоб, напісала заяву ў міліцыю. Разам з мужам Віталём Харкевічам – кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання распачалі пошукі крыжа. Аб’ехалі пункты прыёма металалому, але дарэмна.

Сям’я больш за год не пакідала надзею аднавіць крыж. І знайшліся неабыякавыя людзі. У прыватнасці, бацька аднакласніка Віталіны Сцяпана, – Дзмітрый Сіманенка! Менавіта ён за свае сродкі, па яго словах – “для душы” вырабіў надмагільны крыж падобны на той, што быў скрадзены.

7 лістапада 2020 г. Дзмітрый Сіманенка, Віталій і Лідзія Харкевічы разам са сваімі дзецьмі ўсталявалі новы крыж на месцы пахавання Мікалая Ястрэбскага. Я і Алесь Агееў шчыра ўдзячны ім за тое, што яны запрасілі нас на аднаўленне надмагільнага помніка славутаму магілёўцу.

 Ігар Пушкін, кандыдат гістарычных навук, дацэнт