Галоўная » Ігару Марзалюку далі ордэн, а Шчоткінай — ганаровае званне

Ігару Марзалюку далі ордэн, а Шчоткінай — ганаровае званне

22 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра ўзнагароды для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі шостага склікання, перадае БЕЛТА.

Ігар Марзалюк / БЕЛТА

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк атрымаў ордэн Пашаны. Медалем “За працоўныя заслугі” адзначаныя старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталля Гуйвік, старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Юрый Дарагакупец, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Наталля Клімовіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Алег Леўшуноў. Такі ж медаль атрымалі і супрацоўнікі сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. А старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

Намесніцы старшыні Савета Рэспублікі, экс-міністру працы Марыяне Шчоткінай нададзена ганаровае званне “Заслужаны работнiк сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь”.

А намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Віктар Чайчыц атрымаў Падзяку кіраўніка краіны — за шматгадовую плённую працу, заслугі ў развіцці заканадаўства, вялікі ўнёсак у забеспячэнне правоў і свабод грамадзян.