Галоўная » Ініцыятар пікету ў Магілёве не жадае аплочваць паслуг міліцыянтаў

Ініцыятар пікету ў Магілёве не жадае аплочваць паслуг міліцыянтаў

Аляксей Майсееў, арганізатар пікету ў Магілёве, не жадае аплочваць паслуг міліцыі. Паводле яго словаў, на санкцыянаванай акцыі фактычна адсутнічала ахова, цягам паўгадзіны на пікеце двое амапаўцаў зʼявіліся ўсяго толькі на хвіліну. Але за гэта міліцыя хоча амаль 80 рублёў, паведамляе mspring.online.

25 жніўня на стадыёне па вуліцы Чэлюскінцаў Аляксей Майсееў разам з сябрамі зладзілі санкцыянаваны пікет супраць змянення законаў аб эфектыўным функцыянаванні ваеннай арганізацыі дзяржавы.

Перад гэтым Майсееў заключыў неабходныя дамовы на прыбіранне тэрыторыі, дзяжурства хуткай дапамогі і ахову мерапрыемства. Сачыць за грамадскім парадкам павінен быў нарад міліцыі, аднак людзі ў форме на пікеце зʼявіліся толькі адзін раз. Прыкладна праз 5 хвілінаў пасля пачатку мерапрыемства прайшлі двое супрацоўнікаў АМАПу, пасля чаго яны пакінулі перыметр стадыёну.

За такую ​​паслугу Майсееў павінен быў заплаціць 76 рублёў 5о капеек, але хлопец з гэтым не пагаджаецца.

«Згодна з дамовай выканаўца, якім зʼяўляецца УУС Магілёўскага аблвыканкаму, павінен быў даслаць сваіх супрацоўнікаў з адпаведнай экіпіроўкай і забяспечыць ахову грамадскага парадку ў месцы правядзення мерапрыемства і на прылеглай да яго тэрыторыі ў дзень і час, названыя ў дамове. Але за 30 хвілінаў пікетавання на працягу 29 хвілінаў у полі зроку не было ніводнага супрацоўніка міліцыі ў форме», – паведаміў арганізатар пікета.

Майсееў распавёў, што ні на пачатку, ні падчас пікетавання ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не падышоў, не прадставіўся і не паведаміў, што будзе забяспечваць ахову парадку. Малады чалавек нават не ведаў, дзе знаходзіліся сілавікі, каб у выпадку чаго да іх можна было звярнуцца, калі б паўстала непрыемная або небяспечная сітуацыя.

Хлопец накіраваў ва УУС Магілёўскага аблвыканкаму прэтэнзію з-за невыканання міліцыяй дамовы ў поўным абʼёме.

«Пікет быў заяўлены на 30 хвілін. Двое супрацоўнікаў АМАПу знаходзіліся на месцы правядзення мерапрыемства ўсяго адну хвіліну. Такім чынам, аплаце падлягае паслуга па ахове грамадскага парадку працягласцю ў адну хвіліну – 2 рублі 55 капеек», – кажа Аляксей Майсееў.

У сваёй прэтэнзіі Аляксей Майсееў запатрабаваў знізіць суму за аплату паслуг міліцыі менавіта да гэтай лічбы.