Галоўная » Як Магілёў незалежнасьць здабываў

Як Магілёў незалежнасьць здабываў

31 сакавіка – асобны нацыянальны дзень у гісторыі Магілёва. 103 гады таму на сходзе дэлегатаў дзяржаўных устаноў, грамадскіх і палітычных арганізацый гараджане ўпершыню амаль аднадушна падтрымалі ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі – першай сучаснай формы дзяржаўнасці беларусаў. Гэта стала найбуйнейшым палітычным актам падтрымкі БНР за межамі Мінска ў весну 1918 года.

Гэтай знамянальнай падзеі  была прысвечана манаграфія магілёўскіх гісторыкаў і краязнаўцаў: Агееў, А. Р. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917—1918 гг.): да 100-годдзя стварэння Магілёўскага Беларускага Камітэта і абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі: манаграфія / Аляксандр Агееў, Ігар Пушкін – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. – 292 с. : іл.

Адпаведна гэтай кнізе падзеі разгортваліся наступным чынам.

Магілёў з´яўляўся трэццім горадам Расійскай імперыі (пасля Петраграда і Масквы), у якім вырашаўся лёс рэвалюцыі 1917 года, бо ў прыдняпроўскім горадзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання. Таму ў горадзе за два гады імкліва адбываліся і мяняліся падзеі:

  • утварэнне першых саветаў,
  • першыя дэмакратычныя гарадскія выбары (жнівень 1917),
  • Карнілаўшчына,
  • кастрычніцкі пераварот у Петраградзе,
  • спробы аднаўлення манархіі (“быў пакліканы на царства” нейкі Мітрафан “грозны” і стварэння ў Магілёве прадстаўнікамі розных палітычных партый агульнарасійскага ўраду на чале з В.Чарновым (лістапад 1917 г.),
  • ліквідацыя Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандавання, уступленне ў горад атрадаў бальшавікоў і ўстанаўленне ў горадзе іх улады,
  • уцёкі бальшавікоў і акупацыя Магілёва польскім войскам Ю.Доўбар-Мусніцкага (сакавік 1918),
  • падтрымка ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі (31 скакавіка),
  • акупацыя германскім войскам (май 1918),
  • аднаўленне савецкай улады (кастрычнік 1918).

 

Перыяд паміж Лютаўскай рэвалюцыяй і кастрычніцкім пераваротам у гісторыі Магілёва адзін з самых напружаных і разам з тым цікавых. Да грамадскага жыцця абудзілася вялікая колькасць людзей. У горадзе і губерні праводзіліся мітынгі і сходы, утвараліся грамадскія арганізацыі і мясцовыя філіі палітычных партый, выходзілі газеты “Могилевский вестник”, “Труд”, “Жизнь”, “Эхо” і іншыя. У ліку іншага ў насельніцтва адбываўся працэс нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Вось у такіх умовах вясной 1917 года ў Магілёве была ўтворана грамадская арганізацыя беларусаў. Пачатак быў пакладзены сходам “асобаў, што прызнаюць сябе беларусамі”, які адбыўся на кватэры адваката І. Рэўта 23 сакавіка 1917 г. На ім быў створаны Магілёўскі Беларускі гурток. Спачатку ён налічваў усяго 12 асоб. Найбольш актыўным членам гуртка, а пазней Магілёўскага Беларускага Камітэта, быў выкладчык рэальнага вучылiшча, рэдактар–выдавец штодзённай грамадска-палiтычнай i лiтаратурнай газеты “Могилевский вестник” – Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч.

Архіўныя дакументы раскрываюць эвалюцыю назваў арганізацыі беларусаў горада Магілёва. Ад 23.03.1917 г. – Магілёўскі Беларускі гурток, з 31.03.1917 г. – Магілёўскі Беларускі Арганізацыйны Камітэт, з чэрвеня 1917 г. – Магілёўскі Беларускі Камітэт (МБК), з 3.01.1918 г. – Магілёўская Беларуская Рада. Кіравалі Магілёўскім Беларускім Камітэтам: 4.04.–19.05.1917 г. – І.Рэут, 24.05.–20.10.1917 г. – В.Какашынскі, з 20.10.1917 г. і да кастрычніка 1918 г. – М.Кахановіч [19]. МБК спыніў сваю дзейнасць напрыканцы 1918 года.

Колькасць прыхільнікаў Магілёўскага Беларускага Камітэта даволі хутка дасягнула некалькіх соцень чалавек. Ствараліся яго структуры, у некаторых установах як самастойныя адзінкі. Рабіліся захады па заснаванню яго філій у павятовых гарадах губерні. Былі наладжаны кантакты з беларускімі арганізацыямі ў Віцебску, Гомелі, Оршы, з Беларускай народнай грамадой у Маскве. Прадстаўнікі МБК увайшлі ў склад і актыўна дзейнічалі ў шэрагу грамадскіх ўстаноў горада Магілёва, павета і губерніі.

У 1917 г. па ініцыятыве або пры актыўным удзеле членаў Магілёўскага Беларускага Камітэта адбылося даволі шмат значных падзей. 24–25 чэрвеня 1917 г. у Магілёве былі праведзены Дні вольнай Беларусі, прымеркаваныя да свята Купалля. Вуліцы горада былі ўпрыгожаны плакатамі і нацыянальнымі беларускімі сцягамі, актывісты ў народных строях правялі скарбоначны збор сродкаў на патрэбы беларускага руху, а ў ноч на Івана Купала на гарадскім вале адбылося гулянне.

Па ініцыятыве М.Кахановіча, які выступіў з адпаведным дакладам, з’езд настаўнікаў сярэдніх школ Віленскай навучальнай акругі (адбыўся ў Магілёве ў жніўні 1917 г.) выказаўся за выкладанне ў народных школах беларускіх губерняў на беларускай мове, а таксама за вылучэнне мовы, гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі краю ў сярэдніх навучальных установах. Дзеля хутчэйшага выканання гэтай рэзалюцыі ў МБК распрацавалі і аператыўна выдалі падрабязную праграму па курсу беларускай гісторыі. Магілёўскі Беларускі Камітэт актыўна далучыўся да падрыхтоўкі Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 г.

13 жніўня 1917 г. адбыліся выбары ў Магілёўскую гарадскую думу. Упершыню ў гісторыі горада – усеагульныя, роўныя і прамыя пры тайным галасаванні. Яны дазволілі МБК яшчэ мацней заявіць пра сябе і праверыць свой рэйтынг сярод гараджан. Добра прадуманая перадвыбарчая кампанія прынесла пэўны плён: за беларускі спіс прагаласавалі каля 2,1 тыс. гараджан, што дазволіла камітэту атрымаць 6 месцаў у думе з 64 і стварыць сваю фракцыю “беларусаў-гласных гарадской думы”.

31 сакавіка 1918 г. па ініцыятыве МБК у памяшканні акруговага суда, які тады размяшчаўся ў будынку Марыінскай жаночай гімназіі (сёння СШ № 1 г. Магілёва), адбыўся сход прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, партый і ўстаноў мясцовага кіравання (прысутнічала каля 400 чал.) на якім амаль аднагалосна было падтрымана стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнанне ўлады Беларускай Цэнтральнай Рады ў Мінску, як органа кіравання ўтворанай дзяржавы на тэрыторыі ў межах разсялення беларускага народа.

Магілёў – адзіны з буйных гарадоў краіны, хто рашуча падтрымаў Акт 25 сакавіка аб стварэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі! Iснуе версiя па якой менавiта за прызнанне Незалежнасцi Беларусi, пасля ўсталявання савецкай улады ў 1919 г., Магiлёў пазбавiлi губернскага статуса, ператварыў яго ў павятовы цэнтр Гомельскай губернi РСФСР.

Можна сцвярджаць, што сварэнне Магілёўскага Беларускага Камітэта – гэта першае ў ХХ ст. на тэрыторыі Усходняй Беларусі выйсце на палітычную і міжнародную арэну грамадскай арганізацыі, якая з’яўлялася носьбітам ідэалагічнага руху па дасягненню і замацаванню аўтаноміі, адзінства і індывідуальнасцей беларускай нацыі. За час свайго існавання палітычныя погляды МБК эвалюцыянавалі ад ідэі нацыянальнай аўтаноміі да ўхвалення стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

У 1920-1930-я гады ў Магілёве ўгодкі БНР, па вядомых звестках (і па зразумелых прычынах), не адзначаліся. У 1970-1980-х гг. угодкі БНР святкаваліся свядомымі беларусамі нашага гораду ў вузкіх колах, на прыватных кватэрах. У 1988 г. нехта абклеіў улёткамі з нагоды ўгодкаў БНР аўтобусны прыпынак “аўтазавод імя С.Кірава”. У 1990 г. некалькі сябраў культурна-асветніцкай суполкі беларусаў Магілёва “Машэка” прынялі ўдзел у святкаванні ўгодкаў БНР у Мінску. А першае масавае, грамадскае святкаванне ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі адбылося 22 сакавіка 1991 года. У гэты дзень сябры суполкі “Машэка” наладзілі вечарыну ў памяшканні абласнога мастацкага музея (тады яшчэ карціннай галерэі). Яшчэ больш урачыста і шматлюдна “Машэка” адзначыла Дзень Волі ў тым жа месцы на наступны год. Адбыўся вялікі канцэрт. Апазыцыйныя партыі гораду наладзілі агульнагарадскі мітынг толькі да 75-х угодкаў – 20 сакавіка 1993 г., і з таго часу так ці інакш адзначалі гэтае свята.