У Магілёве 30-гадовага жыхара Бялынічаў Расьціслава Кушнярова асудзілі на 2 з паловай гады «хіміі» за абразьлівыя камэнтары пра трох міліцыянтаў. Апрача таго, ён мае выплаціць сілавікам па 1 тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
Падсуднаму інкрымінавалі «публічную зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» (369 артыкул КК). Сваю віну ён прызнаў цалкам, на працэсе заявіў, што раскаяўся ва ўчыненым і ў судовай залі папрасіў прабачэньня перад пацярпелымі міліцыянтамі, паведамляе Радыё Свабода.
Крымінальную справу супраць Кушнярова разглядалі ў судзе Ленінскага раёну пад старшынствам судзьдзі Алены Літвіной. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляла Алена Ісакава з магілёўскай пракуратуры. Падсудны бараніў сябе сам.
Што зрабіў падсудны
Паводле абвінавачаньня, падсудны летась у лістападзе ды сьнежні, быўшы ў Маскве, пакінуў у тэлеграм-канале, які ад 21 сакавіка 2021 году лічыцца экстрэмісцкім, абразьлівыя камэнтары пад фатаздымкамі з асабістымі зьвесткамі міліцыянтаў. У допісе да публікацыяў гаварылася, што гэтыя супрацоўнікі «ўдзельнічалі ў разгонах мірных дэманстрантаў ды давалі лжывыя сьведчаньні ў судах».
Абвінавачаньне настойвала, што ў камэнтарах Кушнярова была дапушчана ў «непрыстойнай форме нэгатыўная ацэнка супрацоўнікаў унутраных справаў». Сваімі выказваньнямі ён «меў намер публічна зьняважыць прадстаўніка ўлады» дзеля «падрыву аўтарытэта дзяржаўнай улады», а таксама прыніжэньня гонару і годнасьці супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў.
Камэнтары Кушнярова прызнала зьняважлівымі лінгвістычная камісія.
Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня прасіла суд пакараць Кушнярова трыма гадамі абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, а таксама ў поўным аб’ёме задаволіць пазоўныя патрабаваньні пацярпелых. Кожны зь іх ацаніў маральныя пакуты ад камэнтароў абвінавачанага ў 1 тысячу рублёў. Гэтыя сродкі яны зьбіраюцца аддаць на дабрачыннасьць.
Пазыцыя абвінавачанага
Пра тое, што жыхар райцэнтру трапіў пад крымінальны перасьлед за зьняважлівае выказваньне пра супрацоўніка магілёўскага АМАП, стала вядома ў сакавіку з паведамленьня прэсавага сакратара МУС Вольгі Чамаданавай. На відэа затрыманы мужчына, імя якога не называецца, кажа, што «лепей бы гэтага не пісаў і нікому не рэкамэндую пісаць».
У судзе Кушняроў прызнаў, што ня ведаў ніводнага з пацярпелых і не валодаў дакладнымі зьвесткамі пра іхную супрацьпраўную дзейнасьць, а ў сваіх меркаваньнях аб сілавіках абапіраўся на матэрыялы, прагледжаныя ў сацыяльных сетках. Мужчына пагадзіўся з пазыцыяй пракурора, што сваімі камэнтарамі «беспадстаўна даваў нэгатыўную ацэнку міліцыянтам», аднак, выказаў сумнеў, што «ананімны тэлеграм-канал можа падарваць бясьпеку краіны».
На ягоную думку, міліцыянты мусяць быць псыхалягічна ўстойлівымі да зьняваг, бо іх да гэтага рыхтуюць і «яны праходзяць тысячы тэстаў». Разам з тым свае камэнтары Кушняроў назваў дурнотаю, паабяцаў далей сачыць за сабою і не зьневажаць людзей.
Што казалі пацярпелыя
Як вынікала з паказаньняў пацярпелых, яны даведаліся пра зьняважлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, у тым ліку выказваньні Кушнярова, ад калег па службе. Міліцыянты настойвалі, што ня ўдзельнічалі ў супрацьпраўных дзеяньнях, а выконвалі свае службовыя абавязкі.
Па словах міліцыянтаў, зьяўленьне зьняважлівых камэнтароў было ўспрынята імі «балюча» і стварала псыхалягічны дыскамфорт. Яны, казаў адзін з пацярпелых, абмяркоўваліся роднымі.