Лічыцца, што з надыходам маразоў рамонт дарог спыняецца. Гэта так, але не зусім. Пры пэўных умовах і на пэўных відах пакрыцця некаторыя работы можна працягваць у нармальным тэмпе і без страт якасці.
Для ДРБУ-199 апошні сёлета бягучы рамонт распачаўся 18 снежня. Вядзецца ён на аб’екце “3-6 кіламетры гравійнай дарогі “Асіповічы-Верайцы”, які можна лічыць для дарожнай сеткі раёна ўнікальным. Ад райцэнтра пры-блізна палову ўзгаданай дыстанцыі гравійка праходзіць праз пераўвільготненае паніжэнне рэльефу, а з боку Верайцоў каля кіламетра па ёй рушыць вайсковая тэхніка, што разгружаецца на гэтай станцыі і сваім ходам рушыць на палігон “Асіповіцкі”. Ды і ўвогуле, трафік па гэтай дарозе заўсёды значны, таму стан “праблемнага” ўчастка патрабуе пільнай увагі і быў унесены ў Дзяржаўную праграму “Дарогі Беларусі” на 2021-2025 гады.
На правядзенне неабходных работ выдзелена 220 тысяч рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на набыццё неабходнай колькасці гравію і аплату работы па яго перавозцы, грэйдзіраванні, ушчыльненні і прафіліраванні праезнай часткі. Працаваць з гравіем дарожная тэхніка можа пры досыць нізкіх тэмпературах, так што дарожнікі рашуча намераны завяршыць работу ў прадугледжаны тэрмін — да 31 снежня.
Так што жыхароў станцыі Верайцы і прылягаючых вёсак чакае прыемны, а галоўнае, вельмі неабходны навагодні падарунак.