Галоўная » Якая б была Беларусь, калі б перамагла Беларуская Народная Рэспубліка.

Якая б была Беларусь, калі б перамагла Беларуская Народная Рэспубліка.

Сёння хочацца агучыць свае даўнія не надта сур’ёзныя развагі пра тое, што было б, калі б БНР перамагла. як бы змяніўся свет. Перамога БНР, піша на сваёй старонке Аляксандр Агееў.
У 2016 г. святкуючы Дзень Волі я быў прапанаваў Зміцеру Салаўёву і Ігару Пушкіну паразважаць, якой магла быць Беларусь, калі б БНР перамагла. Вар’яцкая ідэя абудзіла фантазію. Якіх толькі фэнтэзі мы не нарадзілі: І Беларусьвуд з кінастушкамі жахаў у якіх здымаюцца кіназоркі Дугласы, і мегаполіс Быхаў – Магілёў – Орша, а Магілёў – натуральна сталіца Беларусі, бо Смаленск наш, насельніцтва Беларусі 30 млн чалавек, мяжа Еўразвязу ў Мсціславе.
Дома дадумаў, што Вільня стала б Страсбургам і разам з Бруселем вызначала б лёс Еўразвязу. А паколькі БНР дасягнула незалежнасці, дык і Україна стала магутнай і квітнеючай ад Карпатаў да Каўказу. Хрушчоў, Брэжнеў і Гарбачоў – лідары палітычных партый Вялікай казацкай Украіны, якая разам з Германіяй стала прамысловым сэрцам Еўропы. Днепр і Рэйн – дзве галоўны прамысловыя артэрыі Еўропы.
Адрадзілася б Наўгародская краіна з цэнтрам у С. Пецярбургу. Савецкая Расія ў межах Маскоўскага княства і Сібіры не здолела дапамагчы Гітлеру адрадзіць нямецкую армію, а Другой сусветнай вайны не было яшчэ і таму, што паміж Нямеччынай і РСФСР былі магутныя Беларусь, Польшча і Украіна. Ліга Нацый па ранейшаму месціцца ў Жэневе. Еўразвяз – найбуйнейшая эканоміка свету, бо ЗША не ўзбагаціліся на Другой сусветнай і спрабуюць дагнаць Еўропу. Яны моцныя перш наперш у Амерыцы і на Ціхім акіяне.
Сталінскі сацыялістычны эксперымент у РСФСР і рэпрэсіі ва ўмовах ізаляванай сялянскай краіны і адсутнасць выхаду да цёплага мора скончыўся крахам рэжыму ў 1945-м. Штуршком стала вайна з Японіяй, у якой галоўную ролю на фінішы сыгралі амерыканцы. Яны насадзілі дэмакратыю і ў мілітарыскай Японіі, і ў сталінскай Расіі. 9 мая святкуецца, як свята падзення дыктатуры і перамогі Вялікай майскай эсэраўскай рэвалюцыі.
Пазбавіўшыся імперскасці расіяне паступова набылі талерантнасць, дэмакратычнасць і прадпрымальнасць. Цяпер Расія адна з самых багатых і квітнеючых краін свету – сучасны Аманам з Кувейтам з цудоўнымі дарогамі, найлепшымі стадыёнамі, развітай культурай. Экатурызм па незасвоеных чалавекам рэгіёнах, прыродная рэнта і прававая дзяржава з рынкавай эканомікай далі цудоўныя вынікі. Расія – адзін з лідараў у індэксах чалавечага развіцця.
Дэпард’е насамрэч пераехаў жыць у БНР і Расію. Здымаецца ў нас у серыялах.
Гарвард – амерыканскі ўнівер, які даўно супрацоўнічае з МДУ імя А. Куляшова. З дапамогай магілёўскіх вучоных амерыканцам апошнім часам удаецца выйсці на першыя месцы ў свеце і амаль дагнаць нас. Але аўтарытэт магілёўскага ўніверсітэту пакуль непахісны. Толькі Сарбона і Кембрыдж могуць спаборнічаць. Безумоўна не абышлося без нашых яўрэяў, якія, трэба аддаць ім належнае яшчэ ў 1920-я пабачылі трэнд на навуку і адукацыю і скарысталіся мясцовымі традыцыямі. Яны не з’ехалі ў Амерыку. Дастаткова назваць 20 нобелеўскіх лаўрэатаў родам з Магілёва.
Сацыяльную мадэль. Увесь свет пераймае беларускую сацыяльную мадэль, якая асабліва цудоўныя вынікі паказала ў Скандынавіі. Гадавы адпачынак пасля 10 гадоў працы з захаваннем 70% заробку і месца працы прыдумалі беларусы…
Бульбаш, Айрл і Самсунг – лідары інтэрнэттэхналогій свету… Тваракніга – найбуйнейшая сацыяльна сетка планеты. Кожны другі зямлянін яе карыстальнік. Заснавальнік фэйсбуку нахабна скраў у нас асноўную ідэю камунікацыі. Тваракніга адсудзіў у яго некалькі мільярдаў даляраў.
Футбол. Дзякуючы ўздыму рынкавых сацыяльна арыентаваных эканомік Украіны, Расіі і Беларусі непазнавальна змяніўся спорт. Яшчэ ў 1950-я ўтварыліся спартыўныя клубы заходняга тыпу, была пабудавана сістэмы спартыўных акадэмій пры ніх. У выніку расіяне былі чэмпіёнамі свету ў 1962-м. Футбалісты Украіны сталі чэмпіёнамі свету ў 1982-м у Іспаніі. Лабаноўскі абыграў Малафеева ў фінале. Расія заняла другое месца. Беларусь мае тут сціплыя вынікі – яна двойчы чэмпіён Еўропы. Затое Магілёўскі Днепр апошнія гады стаў жахам Еўропы. Яго тікі-така замардавала Стары Свет. Спакойны славянска-скандынаўскі менталітэт беларусаў памножаны на тэхніку лацінаў дае стабільныя вынікі. Толькі мы і Барселона здольныя на такія фокусы. Іхні кусучы Суарэс безумоўна зорка, але наша Неймара–Месійная звязка не горшая. Тры пераможныя лігі чэмпіёнаў за апошнія 10 гадоў – вартыя звання гранда еўрапейскага футболу. Ды яшчэ барысаўскі БАТЭ браў Лігу Еўропы.
Ёсць і праблемы.
Уцекачы натоўпамі штурмуюць межы БНР. Пад выглядам палітычных уцекачоў у Беларусь імкнуцца эканамічныя мігранты. Дзякуй Богу Чорнае мора шырокае, а Каўказскія горы высокія і праблему ўраінскага маршрута ўдаецца неяк вырашаць. Праблемным застаецца балканскі маршрут, але гэта больш праблема Германіі. Меркэль моліць Някляева павялічыць беларускую квоту на прыём уцекачоў. Але Міністр замежных справаў Статкевіч стаіць цвёрда. Ягонае “Не” – гэта цвёрдае “Не!”
Ёсць і праблема ў літаратуры. Алексіевіч не стала Нобелеўскім лаўрыятам, бо Вялікай Айчыннай і афганскай войнаў не было, як і Чарнобыля, бо там АЭС пабудавалі французы. Паколькі Святлане не было аб чым пісаць дакументальную прозу, яна занялася фэнтазі і стала еўра міліардэрам, напісаўшы “Уладар пярсцёнкаў”, дзе галоўны герой Алесь хавае пярсцёнак у страшнай палескай дрыгве Міжбалоцця…
Вось неяк так.