Галоўная » Якая будучыня чакае паселішча Крычаў ІІ?

Якая будучыня чакае паселішча Крычаў ІІ?

У Крычаўскім раёне знаходзяцца некалькі чыгуначных станцый, якія размешчаны па розных чыгуначных лініях. Прыпыначныя пункты Дарлівае і Асавец размешчаны на лініі Магілёў I — Крычаў I, а вось станцыі Міхеевічы і Чорная Натопа знаходзяцца на лініі Орша-Цэнтральная — Крычаў I.

Буйны транспартны вузел Беларускай чыгункі знаходзіцца непасрэдна ў самім Крычаве і называецца Крычаў І (Kryčaŭ І). Такая назва дагэтуль захавалася таму, што яшчэ не так даўно працавала чыгуначная станцыя Крычаў II, якая месціцца недалёка ад аграгарадка Чырвоная Буда. Гэта станцыя была адкрыта ў 1931 годзе ў складзе лініі Шасцёраўка-Магілёў-Асіповічы і звязана хутчэй за ўсё са з’яўленнем ваеннай базы  у гэтай мясцовасці (пазней з’явіўся ваенны гарадок). Некалі праз станцыі Крычаў І і Крычаў ІІ хадзіў цягнік Магілёў-Рослаўль, аднак напачатку 2000-х гг. курсіраваць па такому маршруту цягнікі перасталі. Прычынамі сталіся скарачэнне пасажырапатока і прыпыненне з расійскага боку фінансавання руху цягнікоў. Тым не менш станцыя Крычаў ІІ не пераставала працаваць. Праўда да 2016 года яе абслугоўвала толькі адна пара цягнікоў Крычаў І- Шасцёраўка ў дзень і толькі па выхадных днях. З 2017 года пасажырскага руху ў бок Рослаўля не засталося. Між іншым паміж станцыямі Крычаў ІІ і Шасцёраўка знаходзілася станцыя Звязда – былы прыпыначны пункт у Клімавіцкім раёне, размешчаны за 2,1 км на захад ад вёскі Пянькоўка.

Нягледзячы на спыненне руху пасажырскіх цягнікоў станцыя Крычаў ІІ выкарыстоўвалася для руху грузавых цягнікоў, якія ішлі з боку Рослаўля і ў адваротным кірунку. Прычым станцыя практычна працавала да восені 2020 года. Афіцыйна станцыя была закрыта 30 кастрычніка 2020 года. Дарэчы, былая чыгуначная станцыя адносілася да Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. Прычыны закрыцця розныя, аднак адна з самых важных – рамонт пуцей, які з’яўляецца досыць дарагім працэсам. Натуральна, у раённага бюджэта няма грошай на рамонт чыгуначных пуцей і аднаўленне працы станцыі Крычаў ІІ. Наўрадці такія грошы могуць вылучыць з абласнога бюджэта, а калі такія фінансы і ёсць, то будуць хутчэй за ўсё выдаткаваны на розныя бутафорскія мерапрыемствы, чым на рэальныя справы. Тым не менш, у вёску Крычаў ІІ яшчэ ходзяць аўтобусы. З горада Крычава да сельскага паселішча можна дабрацца па раённых аўтобусных маршрутах Крычаў- Зарубец і Крычаў – Дзягавічы.

Адносна нядаўна ў Крычаў ІІ была ліквідавана і 3656-я ваенная база захавання сродкаў сувязі. Да 2008 года тут знаходзілася вайсковая частка, аднак у адпаведнасці з дырэктывай міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ваенная частка войск сувязі перайменавана ў 3656-ю базу захавання сродкаў сувязі. Роўна тры гады таму, 27 лютага 2018 года, 3656-я база захавання сродкаў сувязі вайсковай часткі 33190, якая лакалізуецца ў ваенным гарадку №22 у Гомелі, была ліквідавана. З ліпеня 2018 года на тэрыторыі былой вайсковай базы было арганізавана прадпрыемства “Інфэн” па вырошчванню грыбоў шыітаке. Прадпрыемства адкрылі кітайцы – Цзянсуская карпарацыя па замежнаму супрацоўніцтву. Гэтай ініцыятывай асабліва ганарыўся былы кіраўнік Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый Бачкоў – папярэднік цяперашняга Андрэя Седукова. Аднак больш было шуму, бо прадпрыемства досыць хутка зачынілася. Атрымаўся кароткатэрміновы праект, які практычна ніякіх дывідэндаў не пакінуў Крычаўскаму раёну, затое Дзмітрый Бачкоў папіярыўся як прыцягальнік замежных інвестыцый.

Натуральна, усе апісаныя працэсы не спрыяюць развіццю паселішча Крычаў ІІ, насельніцтва якога натуральным чынам скарачаецца. Людзі з’язджаюць з гэтага месца ў пошуках лепшага жыцця, бо працы ў Крычаў ІІ вельмі мала. Чыгуначная станцыя і вайсковая частка перасталі існаваць, дзе і працавала ладная частка мясцовага жыхарства. Перспектывы ў вёскі Крычаў ІІ вельмі сумныя і ніякага прасвету пакуль што нябачна…

Хведар Прылёпаўскі