38-гадовы Павал Гулідаў ноччу тэлефанаваў у міліцыю і рэзка выказваўся пра Лукашэнку. Даставалася і міліцыянту, які прымаў паведамленьне. Мужчыну прысудзілі 1 год калёніі агульнага рэжыму і 870 рублёў штрафу, паведамляе Радыё Свабода.
Гулідава ўзялі пад варту ў зале суду Ленінскага раёну Магілёва і будуць утрымліваць у турме нумар 4. Прысуд яму ўступіць у сілу праз 10 дзён, калі ён не абскардзіць. Яму далі 30 дзён на выплату штрафу.
Гулідава суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў вінаватым у «публічнай зьнявазе прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК) і «незаконным продажы маёмасьці, прызнанай рэчавым доказам ды перададзенай на адказнае захоўваньне» (арт. 409 КК).
Абвінавачаньне ў зьнявазе прадстаўніка ўлады падчас выкананьня службовых абавязкаў (369 арт. КК) суд скасаваў, бо такая правіна болей не зьяўляецца злачыннай і за яе няма крымінальнай адказнасьці.
Крымінальную справу разглядала судзьдзя Натальля Панасенка. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляў памочнік пракурора гораду Раман Парфёнаў.
Згодна з абвінавачваньнем, Гулідаў у студзені 2021 году, быўшы п’яным, двойчы тэлефанаваў на спэцыяльны нумар 102 і з ужываньнем ненарматыўнай лексыкі публічна прыніжаў гонар і годнасьць Лукашэнкі. Зьняважлівымі словамі падсудны, адзначана ў абвінавачаньні, выказваў нэгатыўную ацэнку дзейнасьці асобы Лукашэнкі, а ягоныя фразы «зьмяшчалі лжывыя думкі, прымітыўныя пажаданьні … ды былі накіраваныя на падрыў аўтарытэта кіраўніка дзяржавы і фармаваньня яго нэгатыўнага вобразу».
Апрача таго, пакуль вялося сьледзтва, Гулідаў прадаў мабільны тэлефон, зь якога званіў у міліцыю. Ён быў прызнаны рэчавым доказам і сьледчым пакінуты абвінавачанаму пад пісьмовы абавязак захоўваць яго.
Сваю віну Гулідаў прызнаў цалкам, а свае дзеяньні патлумачыў тым, што быў нападпітку і не асэнсоўваў, што рабіў. Аб учыненым даведаўся ад участковага міліцыянта, які прыйшоў яго апытваць. У судзе настойваў, што супраць палітыкі Лукашэнкі ня мае нічога супраць і яго ў Беларусі ўсё задавальняе. У пратаколе допыту адзначана, што ён тэлефанаваў у міліцыю, каб выказаць пратэст. Свой учынак падсудны назваў дурнотаю і сьцьвярджаў, што мэты зьняважыць некага ня меў. У пратэставых акцыях 2020 году ён не ўдзельнічаў, але чуў пра іх.