Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў у снежні прыняў рашэнне аб закрыцці для правядзення пахаванняў трох гарадскіх могілак у горадзе. Пандэмія кавіду прывяла да іх хуткага запаўнення. У Магілёве востра стаіць пытанне пра адкрыццё новых могілак.
Тры магілёўскія месцы пахаванняў закрываюцца. Звязана гэта з высокай смяротнасцю насельніцтва ў апошнія гады і адсутнасцю месц для новых пахаванняў. Пандэмія паскорыла працэс іх поўнага запаўнення. Хаваць больш не будуць на могілках Загорскіх, Цішоўскіх і Грузаўскіх. Яшчэ пару гадоў таму не занятая тэрыторыя была на ўсіх гэтых могілках. Рашэнне аб закрыцці месцаў пахавання прыняў Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў. Сёння з-за высокай смяротнасці вольных месцаў становіцца ўсё меней на ўсіх гарадскіх могілках. А з улікам запаўнення і іншых гарадскіх могілак востра стаіць пытанне пра адкрыццё новага вялікага ўчастку для пахаванняў.
Цяпер могілкі Загорскія, Цішоўскія і Грузаўскія ў адпаведнасці з артыкулам 25 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе” могуць быць выкарастаны толькі пад зялёныя насаджэнні праз дваццаць гадоў з даты выдзялення або рэзервавання апошняга ўчастка для пахавання, а ўзвядзенне капітальных збудаванняў (будынкаў) на тэрыторыі закрытага месца пахавання забараняецца. Новыя пахаванні на іх забараняюцца, за выключэннем пахавання на свабодных месцах у межах выдзеленых участкаў для пахавання, а таксама падпахавання ўрнаў з прахам (попелам) побач з раней памерлымі мужам (жонкай), блізкімі родзічамі або сваякамі.
Вось так, пакуль улады распавядаюць пра поспехі ў барацьбе з кавіднай пандэміяй, пра беларускі суперпаспяховы вопыт змагання, месцаў для новых пахавання становіцца ўсё меней. Па сутнасці яны засталіся на Пашкаўскіх, Бароўскіх і Паўднёва-Усходніх (Лаўсанаўскіх) могілках. Ужо два дзесяцігоддзі разглядаецца пытанне пра стварэнне новых гарадскіх могілак на поўнач ад Магілёва. Але чыноўнікі з адміністрацыі прэзідэнта вельмі насцярожана ставяцца да пераводу зямель сельскагаспадарчага прызначэння пад іншае выкарыстанне. Таму магілёўскія чыноўнікі і н евыяўляюць настойлівасці. У выніку праблема не вырашаецца дзесяцігоддзямі.
Наш кар.