Самая вялікая выстава скульптуры Андрэя Вераб’ёва адкрылася ў Магілёве, сцвярджае яе афіша. Скульптар на сам рэч прэзентаваны ад першай сваёй студэнцкай працы да апошніх работ. Толькі вялікія гарадскія творы па сваіх памерах не маглі быць прадстаўлены ў памяшканні былога гаража. Эротыка і Аўтапартрэт.
Калі паспрабаваць адным радком вызначыць што ёсць сённяшняя прэзентацыя, то гэта самавыказванне і самаасэнсаванне мастака Вераб’ёва ў форме ягоных скульптур. Па сутнасці, любое мастацтва і ёсць акт самавыказвання, але ў Андруся гэта набывае такі непрыхаваны татальны размах, што становіцца ягоным мастацкім маніфестам.
Калі ж задумацца, якія аб’екты і з’явы мастака найбольш цікавяць і ўяўляюцца для яго галоўнымі, то, мне падаецца, што любы наведвальнік сцвердзіць, што пабачыў і адкрыў для сябе дзве тэмы:
- Аўтапартрэт ЧАЛАВЕКА, які вельмі падобны на аўтара;
- Эратычнае каханне ва ўяўленні мастака.
Выстава станковай скульптуры напэўна самага вядомага магілёўскага мастака ХХІ стагоддзя, прынамсі дакладна самага вядомага скульптара, пакідае прыязныя пачуцці сваім размахам і разнастайнасцю форм. Тут можа закружыцца галава ад фармалізму і насычанасці прасторы творамі, сэнс якіх разгадаеш не з першага прагляду, а часцяком нават і не з другога. Тое і добра, бо застаецца прастора для ўласных фантазій.
Выставу, як мне падаецца, трэба наведаць, бо станковая скульптура апрыёры разлічана на ўспрыманне з блізкай адлегласці, а шэрыя тынкаваныя сцены былога гаража яшчэ лепш дапамагаюць успрыманню такога мастацтва. Рэльефная дэкаратыўная тынкоўка пасуе матэрыялам, з якімі працуе вядомы магілёўскі скульптар… Станковая скульптура ўключае розныя віды скульптурнай кампазіцыі: галава, бюст, тулава, фігура, група. І яны ўсе прадстаўлены ў галерэі.
Павіншаваць майстра з падзеяй прыйшлі і выступілі яго сябры мастакі, а таксама кіраўніцтва фірмы Глобус і музея Бялыніцкага-Бірулі, якія сказалі свае захопленыя словы.
Але, як сказаў сам Андрусь Вараб’ёў, пра мастака лепш гавораць ягоныя працы, бо “скульптар размаўляе мовай матэрыялу, мастаку лепш паказваць, а не распавядаць пра свае творы”.
Пачаў свой шлях у скульптуры Андрусь 40 гадоў таму ў далёкім 1982-м годзе. І першым жа творам , які і вызначыў кірунак ягонай творчасці стаў аўтапартрэт.
Далей аўтапартрэты ён ствараў ці не па некалькі разоў у кожным годзе. Аўтапартрэт і самапрэзентацыя – галоўная фішка майстра. Мастак прадставіў здаецца больш за дзясятак свайго “Я”.
Сам мастак лічыць, што ягоныя аўтапартрэты – гэта насамрэч партрэты ўсіх іншых людзей, “гэта пра кожнага”.
Бясконцасць у форме маёй галавы.
Увогуле, фетышызм і сакралізацыя свайго цела прысутнічае ці не ва ўсіх ягоных працах. Але гэта трэба бачыць, а не распавядаць.
Другая, а можа быць і першая тэма творчасці Вераб’ёва – гэта тэма кахання і эрасу. Гледзячы на ягоныя творы падаецца, што ён эротаман.
Пацалунак з марай.
Аўтапартрэт з ножкамі.
Можна было б выставіць яшчэ з дзясятак фотаздымкаў на гэтую тэму, але лепш не трапляць пад санкцыі ютубу.
Чаго мне асабіста не хапіла на выставе? Напэўна, найперш не хапіла ягоных скульптур з гарадской прасторы: Маленькага прынцу, Спаткання ля фантану, быхаўскай Сустрэчы/Развітання, ільвоў з Пушкінскага мосту, круглянскай падковы і г.д. Калі гэта “Увесь Вераб’ёў”, то ён жа павінен быць поўным! А гарадскую скульптуру можна ж было паказаць праз малюнкі накідаў, праз праекты і макеты…
Яшчэ мне не хапіла здзіўлення. Выстава здзівіць мабыць кожнага гледача, але не мяне, які сочыць за творчасцю мастака доўгія гады, таго, хто шмат работ бачыў яшчэ на стадыі задум і першых варыянтаў. Затое выстава парадавала мяне цэльнасцю і магчымасць ўсё гэтае багацце пабачыць у адным месцы, згадаць паўзабытыя творы і параўнаць іх…
Выстава працуе да 10 красавіка 2022 г. у галерэі Вераб’ёва праспект Міру 2А з 9-00 да 17-00 у будныя дні (панядзелак – пятніца). Уваход бясплатны праз офіс ТАА Техстройсэрвіс.
Алесь Верасень