Галоўная » Юрый Раманаў і дзіўныя метамарфозы магілёўскага андэграўнда

Юрый Раманаў і дзіўныя метамарфозы магілёўскага андэграўнда

Гэты чалавек заўсёды ўмеў здзіўляць. Па-сапраўднаму, без лішняга эпатажу. Так атрымлівалася – якой бы творчай справай ён ні займаўся, рабіў працу сумленна і таленавіта. І вынікі заўсёды былі нечаканыя.

У жніўні 2020 пакінуў сур’ёзную дзяржаўную пасаду ў будынку магілёўскага Дома друку, таму што канчаткова расчараваўся ў дзяржаўнай журналістыцы. Аднак заставацца ў творчай плыні, пісаць цікавыя артыкулы, мысліць глабальна і аналізаваць складаныя сітуацыі Юрыю Раманаву заўсёды дапамагалі непарыўная сувязь з мастацкім андэграундам, нонканфармісцкае творчае мысленне, ідэі, прасякнутыя альтэрнатывай да абывацельскага існавання. Гэта значыць – па  ўласным словам героя сённяшняга матэрыялу – заўсёдная прага да ментальнага экстрэмізму ў справе яго жыцця: у журналістыцы.

Падзеі, здавалася б, даўно забытых дзён, аднак алюзіі, паралелі, асацыяцыі з мінулым заўсёды даюць магчымасць разабрацца ў з’явах і падзеях дня сённяшняга.

Такім чынам, другая палова 1980-х. Выпускнік Мінскага інстытута замежных моваў (зараз Лінгвістычны ўніверсітэт) Юрый Раманаў працуе па размеркаванні ў Слаўгарадзе, выкладаючы ў школе нямецкую мову. Як ні дзіўна, менавіта там, у правінцыі, у рукі нашага героя трапляе экзэмпляр грунтоўнага “самвыдатаўскага” альманаха пад назвай “Тусовка”, дзе абсалютна неафіцыйнай мовай, з ужываннем слэнгавых выразаў і нестандартных мастацкіх прыёмаў апісваецца багатае на падзеі жыццё тагачаснага музычнага андэграунда краіны, фестывалі піцерскага рок-клуба ды шмат чаго іншага.

А неўзабаве і ў Магілёве ладзіцца першы ў Беларускай рэспубліцы сапраўдны усесаюзны рок-фестываль пад назвай “Дыялог-88” з удзелам вядомых і папулярных тагачасных гуртоў Савецкага Саюза. Можа быць у той час і ўзнікае ідэя выдання ўласнага альтэрнатыўнага часопіса, аднак першы нумар з’яўляецца толькі на наступны год, у сувязі з правяденнем чарговага “Дыялога”.  Такім чынам, у 1989 годзе нараджаецца першы рок-часопіс Беларусі – “Окорок”.

 

Юрый Раманаў:

“…Так, сапраўды, люблю друкаванае слова. І надрукаванае часам люблю. Я лічу, што выдатна, калі чалавек піша, калі можна прачытаць нешта класнае, знайсці сабе дарадцу, а яшчэ лепей суразмоўцу, з якім можна паспрачацца, пагадзіцца альбо не, які на штосьці раскрые мне вочы, выведзе са стану раўнавагі. Цаню правакацыю, якая прымушае цябе мысліць і радавацца думцы…”

Ілюстрацыі да артыкула “Гісторыя местачковага рок’н’рола” у часопісе “Окорок”  

Усяго нумароў часопіса было дзесяць. Час існавання – да 1992 года (са з’яўленнем незалежнай Беларусі парушыліся ўсе ўмоўнасці, звязаныя з распаўсюдам у Расеі і на Украіне). Зараз на расейскіх букіністычных і музычных сайтах рарытэты пад назвай “Окорок” №№1, 2, 3 і г.д. прадаюцца па 20 баксаў. Памеры продажаў не параўнаць з лотамі аукцыёна “Сотбіс”, тым не менш, у каго яшчэ часопісы трыццацігадовай даўніны прадаюцца хоць за які кошт?

У першай палове 90-х Юры Раманаў стаў працаваць у “Весніку Магілёва”. Ідэі ж выдання альтэрнатыўнага часопіса не пакідалі “главвреда” (так ён сябе называў у нумарах “Окорока”). І падзея адбылася – у сярэдзіне 1990-х пабачылі свет тры нумара часопіса “ОН” (адзін з варыянтаў расшыфроўкі назвы – “Окорок Новый”). Гэта быў таксама і новы ўзровень мыслення на наступным вітку творчасці. Кожны нумар з трох меў сваю назву і ўласную канцэпцыю: «Страсти», «Куклы», «Сны/Порнография».

Юрый Раманаў прэзентуе часопіс “Он” на рок-фестывалі “777 імгненняў вясны” разам з вядомым арганізатарам Клайдам Эрманам

Сурэдактарам па часопісе “Он” у Юрыя Раманава ў свой час быў Андрэй Скарабагатаў (цяпер супрацоўнік магілёўскага аддзялення Белтэлерадыёкампаніі, вядоўца тэлеперадачы “IV студыя”). Самае незвычайнае ў тым, што сябры-калегі вырашылі падаць заяўку аб удзеле часопіса ў афіцыйным конкурсе друкаваных СМІ. І самае цікавае, што яны выйгралі ў сваёй намінацыі.

 

Юрый Раманаў:

“… Падача заяўкі несла ў сабе пэўны элемент правакатыўнасці, эпатажа з нашага боку… Я ніякім чынам не хачу пакрыўдзіць журы, але фактычна яно ацэньвала не тое, што і як напісана ў “ОН” (таму што пра “самвыдат” яны мелі, хутчэй за ўсё, самае паверхнаснае ўяўленне), а сам факт з’яўлення часопіса. Іншымі словамі, у  афіцыйнай журналістыкі і самвыдата адрозніваецца ўсё: ад жанравай стылістыкі да мэтаў і задач…”

 

Пра падобныя жарты лёсу наш герой можа распавядаць вельмі шмат. У 2019 годзе Юрый Альбертавіч Раманаў, займаючы пасаду намесніка галоўнага рэдактара газеты “Веснік Магілёва”, быў афіцыйна адзначаны і ўзнагароджаны, як лепшы журналіст обласці. Аднак час вельмі жорстка абыходзіцца з намі – ужо ў 2020 годзе стала зразумела, што, нажаль, задачы афіцыйнай журналістыкі істотна разыходзяцца з паняццямі “сумленне”, “праўдзівасць”, “уласная годнасць” і “гонар за прафесію”. Таму з рэдакцыяй, дзе адпрацаваў ледзь не палову жыцця давялося развітацца.

 

Юрый Раманаў:

 “…Цяпер я магу распавесці пра перамогу ў намінацыі, як, напрыклад, пра тое, што ў часы перабудовы мяне запрашалі прадстаўляць мой часопіс у Канах на фестывалі “Мідэм” альбо, як мне гаварыў былы дырэктар тыпаграфіі, дзе мы неафіцыйна друкаваліся: “З задавальненнем чытаю “Окорок”, а потым раптам недзе ў сярэдзіне асэнсоўваю, што цалкам нічога не разумею, пра што ў ім напісана” Прыколы прыкладна аднаго парадку…”

 Дзмітрый Мікалаеў

Выкарыстаны здымкі з кнігі “Золотое подполье. Полная иллюстрированная энциклопедия рок-самиздата (1967 – 1994) ”, з архіва Клайда Эрмана, з сайта “MogilevNews.By”, ілюстрацыі з часопіса “Окорок”.