3 красавіка сесія Магілёўскага абласнога савета падтрымала прызначэнне Леаніда Зайца на пасаду старшыні аблвыканкама. Яго, а таксама новага памочніка кіраўніка дзяржавы на Магілёўшчыне Міхаіла Русага прадставіла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Яны разам наведалі і Шклоў, дзе сесія раённага савета зацвердзіла прызначэнне новага старшыні райвыканкама Аляксандра Цітка.
Наталля Качанава, Леанід Заяц і Міхаіл Русы на шклоўскай ферме / БЕЛТАЯк інфармавала Еўрарадыё, кадравыя перастаноўкі адбыліся пасля наведвання ў канцы сакавіка Аляксандрам ЛукашэнкамШклоўшчыны. У аграхолдынгу “Купалаўскае” ён трапіў на “могілкі” сельгастэхнікі і пабачыў “абасраных кароў”. Сваіх пасад пазбавіліся кіраўнік аграхолдынгу, старшыня райвыканкаму, кіраўнік вобласці. Пазней былі знятыя міністр сельскай гаспадаркі Заяц і віцэ-прэм’ер Русы (ён курыраваў сельскую гаспадарку). Праз некалькі дзён Лукашэнка адправіў іх на працу на Магілёўшчыну. Пастаўлена задача з адстаючых абласцей вывесці яе на лідыруючыя пазіцыі.
Як інфармуе БЕЛТА, у сераду Наталля Качанава, Леанід Заяц, Міхаіл Русы, Аляксандр Цітко паехалі на тую самую ферму, дзе Аляксандр Лукашэнка абураўся ўмовамі ўтрымання кароў (“Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж ўся абасраная!”). Яны правяралі, як выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы па навядзенні там парадку.
“Мы пераканаліся, што тут актыўна праводзяць працу па навядзенні парадку, — кажа Качанава. — Шкада, што гэта не робяць адразу… Толькі хацелася б, каб гэта было не пад прымусам, а людзі самі разумелі і імкнуліся выконваць свае службовыя абавязкі”.
Крыніца: euroradio.fm