Галоўная » Кагальны калодзеж – святое месца ці прафанацыя?

Кагальны калодзеж – святое месца ці прафанацыя?

Мсціслаў – старажытны горад, цэнтр ваяводства і перліна ўсходняй Беларусі. Без
сумневу яго можна назваць найцікавейшым горадам нашай Айчыны, асабліва яе ўсходняй
часткі. Мсціслаў не толькі ўнікальны горад на тэрыторыі Беларусі, бо акрамя багацейшай
гісторыі і архітэктурных помнікаў мае чатыры гарадскія крыніцы з якаснай пітной вадой.
Кожная з іх вылучаецца вельмі прыемным смакам. Аднак найбольш вядомай крыніцай
з’яўляецца Кагальны калодзеж, які на сёння лічыцца святым месцам. У даўнія часы
Кагальны калодзеж, размешчаны каля Замкавай гары, напаўняў вадой шырокі і глубокі
абарончы роў, ахоўваючы разам з Віхрой Мсціслаў ад раптоўнага нападзення ворага.

Кагальны калодзеж атрымаў ахоўны статус яшчэ ў 2003 годзе і
з’яўляецца гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Плошча ахоўнай зоны
гідралагічнага помніка мясцовага значэння “Кагальны калодзеж” складае 0,1256га
(1256м 2 ). Размешчана крыніца каля падножжа Замкавай гары на беразе ручая  Здаравец .
Вада з крыніцы па выніках аналізаў адпавядае патрабаванням санітарных правіл і нормаў
для  пітнай вады . Мінералізацыя вады – 1145 г/л, што адносіць яе да катэгорыі
слабамінералізаванай, лячэбна-сталовай.

У жніўні 2014 года пачаліся працы па добраўпарадкаванню калодзежа. На месцы
крыніцы ўзведзена праваслаўная капліца, названая ў гонар Тупічэўскага абраза Божай
Маці. У снежні 2014 года крыніца была асвечана настаяцелем храма ў гонар Тупічэўскага
абраза Божай Маці протэірэем айцом Цімафеем. Побач з калодзежам размешчана яшчэ
адна пабудова, у якой размесцілася купеля, у якую падчас праваслаўных святаў
акунаюцца вернікі. Святкаванне на Кагальным калодзежы адбываецца 28 жніўня ў свята
Успення Багародзіцы і ў дзень сашэсця Святога Духа.

Аднак ці быў Кагальны калодзеж сапраўды святым месцам у ранейшыя часы? Назва
крыніцы паходзіць ад жыдоўскага слова “кагал” (г.зн. “абшчына”), а водны аб’ект быў
адпаведна даступным для кожнага члена жыдоўскай абшчыны. Даўней жыдоўскія
фурманы развозілі ваду ў драўляных бочках на канях, натуральна, за пэўную плату.
Дарэчы, недалёка ад калодзежа праходзіць дарожка, па якой ў 1941 годзе немцы вялі
жыдоў на растрэл. Прычым да 1950-х гг. Кагальны калодзеж быў галоўнай крыніцай
пітной вады ў горадзе, бо водаправода ў Мсціслаўле ў тыя часы не было. Больш за тое, з-
за блізкага залягання цвёрдых парод зрабіць калодзеж было надзвычай цяжка, пагэтаму
перадусім карысталіся вадой з крыніцы, якая была добрай пітнай якасці. Гэтую
інфармацыю можна пачуць ад старэйшых жахароў Мсціслаўля, якія падрабязна
распавядуць пра ўсе прыведзеныя факты. Такім чынам, Кагальны калодзеж быў добрай
крыніцай пітной вады і размяшчаўся на тэрыторыі Мсціслаўля, дзе жыла жыдоўская
абшчына ці “кагал”, ад якой водны аб’ект і атрымаў сваю назву. З гэтага можна зрабіць
выснову, што святым месцам для жыхароў Мсціслаўля розных пакаленняў і ў розныя
стагоддзі Кагальны калодзеж не быў.

Такім чынам, відавочна што Кагальны калодзеж ніколі ў народзе не лічыўся святой
крыніцай, а выкарыстоўваўся як крыніца пітнай вады. Народная памяць не ўлічвалася
праваслаўнай царквой, якая асвяціла крыніцу ў 2014 годзе ў гонар святой сваёй канфесіі.
Такая з’ява на сённяшні дзень досыць распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі і
называецца сучаснай сакралізацыяй крыніц. Разам з сакралізацыяй воднага аб’екта
прыўносяцца новыя сэнсы і падыход да крыніц, што часта нівеліруе папярэднія народныя
ўяўленні пра водныя аб’екты. Атрымоўваецца нейкая змена падыходаў ці нават падмена паняццяў, якой карыстаюцца праваслаўныя святары пры асвячэнні крыніц. Важна
адзначыць, што культ крыніц з’ява дахрысціянская, якую не змаглі выкараніць са
свядомасці людзей праваслаўная і каталіцкая цэрквы. Пагэтаму ў канцы ХХ і ХХІ
стагоддзях падыход праваслаўнай царквы змяніўся і цяпер крыніцы актыўна ўключаюцца
ў спіс святых і шанаваных месцаў. Аднак святасць крыніц звязваецца выключна з
дзейнасцю якога-небудзь праваслаўнага святога, а не са старадаўнімі легендамі і
паданнямі, што і складаюць народную памяць.

Алесь Крыжэвіч