Затрыманых супрацоўнікамі міліцыі 12 мая ў Магілёве журналістаў інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча так і не выпусцілі на волю.
Нагадаем, што Буракоў і Лапцэвіч былі затрыманыя ўчора, 12 мая, пасля таго як раніцай пайшлі ад будынка Магілёўскага абласнога суда. Аляксандр Буракоў быў затрыманы непадалёк ад офіса ТРК “Магілёў”, Уладзімір Лапцэвіч – у дварах дамоў непадалек ад суда.
12 мая ў судзе Магілёўскай вобласці ў 10.30 пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць цэлай групы палітвязьняў – Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніч, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Ірыны Шчаснай і Дзмітрыя Казлова (Youtube-блогера “Шэры кот” ).
Міліцыя запатрабавала ад людзей, якія раніцай прыйшлі падтрымаць палітвязняў, разысціся ад будынка Магілёўскага аблсуда. У адваротным выпадку, як заявіў супрацоўнік Ленінскага РАУС Карніенка), міліцыя будзе расцэньваць гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Пасля гэтага патрабавання Буракоў і Лапцэвіч адразу ж пакінулі тэрыторыю паблізу суда, але, нягледзячы на гэта, яны ўсё роўна былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Па інфармацыі, атрыманай ад адвакатаў і родных журналістаў, пасля затрымання Буракоў і Лапцэвіч былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС Магілёва.
У адносінах абодвух журналістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 3 арт. 24.23 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), абвінаваціўшы ў паўторным на працягу года «удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве». Буракову і Лапцэвічу пагражае ад 20 да 200 базавых штрафу або ад 15 да 30 сутак арышту.
Журналісты сваю віну ў інкрымінаваным правапарушэнні не прызналі. Яны адзначаюць, што пакінулі тэрыторыю каля Магілёўскага абласнога суда адразу ж пасля прагучаўшага з боку супрацоўнікаў міліцыі папярэджання.
Абодвух журналістаў пасля РАУС адвезлі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, яны затрыманыя да суда. Родныя журналістаў кажуць, што пра дату судоў пакуль нічога не вядома.
Хутчэй за ўсё, Буракова і Лапцэвіча будуць судзіць у пятніцу, 14 мая. Існуе высокая верагоднасць, што суд над журналістамі пройдзе праз “Skype».
Са жніўня 2020 года журналіста нашага інтэрнэт-партала Уладзіміра Лапцэвіча затрымлівалі тры разы, два з іх – з ужываннем сілы. У агульнай складанасці ён адседзеў 25 сутак. У першы раз журналіста затрымалі за тое, што прыйшоў у Ленінскі РАУС даведацца пра лёс затрыманага калегі, якім быў якраз усё той жа Аляксандр Буракоў. У другі раз – за асвятленне акцыі пратэсту ў Магілёве. А ў трэці – таму што быў датэрмінова адпушчаны падчас першага арышту: Уладзіміра адправілі «даседжваць» неадбытыя суткі.
Аляксандр Буракоў (старэйшы) таксама неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі магілёўскай міліцыі ў мінулым 2020 годзе. Журналіст вядзе ўласную перадачу на 6tv.by, супрацоўнічае з “Магілёўскім рэгіёнам” па іншых накірунках. Акрамя гэтага, Буракоў актыўна займаецца праваабарончай дзейнасцю, супрацоўнічае з Deutsche Welle, незалежнымі беларускімі медыя.
Іван Барысаў