Галоўная » Калі быў заснаваны Магілёў?

Калі быў заснаваны Магілёў?

Чаму 1267 год лічыцца годам заснавання Магілёва? Чаму гісторыкі аспрэчваюць гэтую дату і што яны прапануюць наўзамен? Паспрабуем разабрацца.

 Калі гісторыкі чуюць, што Магілёў быў заснаваны ў 1267 годзе, гэтаксама калі яны чуюць, што горад не так даўно адзначыў сваё 750-годдзе, ім адразу вельмі шмат чаго хочацца вам расказаць. Ім, найперш, хочацца расказаць, што насамрэч няма ніякай крыніцы, пакінутай у XІІІ стагоддзі, якая б засведчыла гэтую дату. Што паводле археалагічных крыніц горад насамрэч нашмат старэйшы, і мог бы смела адзначаць сваё 1000-годдзе. Хоць і прапусціў гэты шанец амаль 20 гадоў таму. Альбо, што наогул няма ніякіх летапісных доказаў існавання Магілёва ў перыяд, ранейшы за 1380-я гады.

Многімі лічыцца, што ўпершыню гэтая дата паявілася ў выданні “Хроніка беларускага горада Магілёва”, якое было падрыхтавана магілёўскім гісторыкам Мікалаем Гартынскім і пабачыла свет у 1887 годзе. Выданне Гартынскага – гэта пераклад магілёўскай хронікі з польскай мовы на рускую, са скарачэннямі і невялікімі зменамі. Дык вось, у арыгінальным тэксце хронікі гэтай даты – 1267 год –  няма.

Адсюль і распаўсюджаная ў колах аматараў гісторыі Магілёва думка, што ўзятая немаведама адкуль, ледзь не выдуманая Гартынскім дата ніяк не можа лічыцца падставай для адліку гарадской храналогіі.

Сапраўды, самай ранняй вядомай даследчыкам летапіснай крыніцай, у якой згадваецца горад Магілёў, з’яўляецца гістарычна-геаграфічны твор канца XIV стагоддзя “Спіс рускіх гарадоў блізкіх і далёкіх”, дату напісання якога даследчыкі адносяць да 1380-х гадоў.

Папярэдняя выснова, якую неабходна зрабіць у гэтым месцы – любая дата існавання Магілёва, старэйшая за 1380-я гады, з’яўляецца гіпатэтычнай і была сфармуляваная ці прапанаваная пазней.

 

Знішчанае гарадзішча антаў

 

Першай і самай старажытнай гіпатэтычнай датай, якая з дакладнасцю да канкрэтнага года рэгіструе магілёўскія старажытнасці, можа быць не тое што 1267-мы, але нават не 1001-1003-ці гады, а 602 год нашай эры.

Гэта дата, якую прапануецца лічыць магчымай датай знішчэння гарадзішча Змяёўка, ці Пелагееўскага гарадзішча – аднаго з двух вядомых у Магілёве гарадзішчаў. Паводле дадзеных археалогіі, гэтае гарадзішча існавала на беразе Дубравенкі ў першай палове І тысячагоддзя нашай эры, і адносіцца да кіеўскай і калочынскай культур. Кіеўская культура існавала на украінскіх, беларускіх і сумежных расійскіх землях у II – V стагоддзях, а калочынская лічыцца разнавіднасцю кіеўскай, якая існавала на землях Магілёўшчыны і Гомельшчыны ў V – VII стст. Гэтыя культуры сучаснымі даследчыкамі звязваюцца з такім старажытным славянскім народам, як анты.

З пісьмовых крыніц вядома, што ў 602 годзе аварскі каган зладзіў ваенны паход супраць антаў, хаўруснікаў Візантыі, дзеля помсты за напад візантыйскіх войскаў на аварскія землі. Пра тое, што гэты паход быў паспяховым для авараў сведчыць той факт, што з гэтага часу анты знікаюць з гістарычнай арэны.

У сваёй супольнай працы “Гарадзішча Змяёўка (Пелагееўскае гарадзішча) у Магілёве” дактары гістарычных навук, прафесары І.А. Марзалюк і Я.Р. Рыер выказваюць меркаванне, што ў выніку дадзенага пахода было знішчана ў тым ліку і гарадзішча Змяёўка.

Гарадзішча Змяёўка на фотаздымку 1980-х гг.

На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць слой попелу, якім завяршаецца культурны слой на гарадзішчы. Такі самы фінальны слой попелу знаходзяць археолагі і на іншых помніках калочынскай культуры. Наогул, у VII стагоддзі абрываецца развіццё ўсёй калочынскай культуры. Але варта адзначыць, што напад качэўнікаў-авараў разглядаецца даследчыкамі толькі як адна з магчымых прычын заняпаду калочынцаў. Другой прычынай магла быць міграцыя на нашы землі шматлікіх славянскіх плямён з Дуная.

Такім чынам, існуе пэўны лагічны ланцуг у разважаннях, які дапускае, што самай старажытнай датай, якая можа быць прапанаваная сучаснымі гісторыкамі дзеля адліку магілёўскай храналогіі, дзеля храналагічнага арыенціру, калі хочаце, можна лічыць 602 год. Аднак, канечне, спробы прывязаць падзеі, зафіксаваныя археалагічна з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі заўсёды маюць умоўны характар.

 

Тысячагоддзе, якое не адбылося

 

Наступнай гіпатэтычнай даціроўкай, на якую магла б абапірацца гарадская храналогія, з’яўляецца кароткі перыяд княжання ўнука Рагнеды, полацкага князя Усяслава Ізяславіча, 1001 – 1003 гады. Ён быў, верагодна, старэйшым сынам Ізяслава – сына Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча, і пражыў вельмі кароткае жыццё. Гісторыкі мяркуюць, што ён яшчэ дзіцём быў абраны на полацкае княжанне і памёр у зусім юным узросце. Яго княскае кляймо выяўлена на фрагменце керамічнага вырабу, знойдзеным І.А. Марзалюком падчас раскопак у Магілёве.

Кляймо з выявай “Трызуба” Усяслава Ізяславіча з Магілёва

Кароткі перыяд княжання Усяслава Ізяславіча, а таксама геральдычная адметнасць выявы “Трызуба” (раздвоены правы верхні кут “Трызуба” – унікальны элемент асабістага княскага знака) даюць падставы ўпэўнена абапірацца на дадзеную даціроўку. Не хапае, аднак, яе засваення грамадствам. Гістарычны шанец для гэтага быў згублены ў 2001-2003 гадах, калі горад меў усе падставы адзначыць 1000-годдзе сваёй гісторыі, але адной ініцыятывы з боку гісторыкаў для гэтага аказалася мала. Ні кіраўніцтва горада, ні шырокія колы грамадскасці не праявілі адпаведных ініцыятыў.

Канечне, мы зноўку маем справу з археалагічным артэфактам, які зноўку надае пэўную долю ўмоўнасці нашым высновам, але ў дадзеным выпадку гэта надзвычай інфарматыўны артэфакт, і яго пераканаўчая база даволі вялікая.

 

І зноў 1267-мы

 

Гісторыкі дарма наракаюць на Мікалая Гартынскага, які нібыта адвольна размясціў у сваім перакладзе “Хронікі Магілёва” 1267-мы год як год заснавання Магілёва.

У 2017 годзе ў газеце Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта “Універсітэцкі веснік” вядомы магілёўскі гісторык Васіль Набелахаў размясціў фундаментальны артыкул, у якім пераканаўча патлумачыў прычыну паяўлення даты 1267 у выданні Мікалая Гартынскага.

Як вядома, “Хроніка Магілёва” была распачатая магілёўскім лаўнікам і старастай купецкім Трафімам Суртой у канцы XVII стагоддзя. Пасля яго смерці запісы ў хроніку стаў рабіць рэгент магілёўскай магдэбургіі Юрый Трубніцкі, а пасля яго – яшчэ тры пакаленні Трубніцкіх, давёўшы хроніку да пачатку ХІХ стагоддзя. Але акрамя Трубніцкіх у канцы XVIIІ – пачатку ХІХ стагоддзя над рукапісам працаваў яшчэ нехта – гісторыкі пакуль не ведаюць, хто, а толькі дапускаюць меркаванне, што рукапіс на гэты час пакідаў сям’ю Трубніцкіх, а потым зноў вярнуўся да гаспадароў

У гэты ж час, у прамежку з 1798 па 1820 гг. на падставе хронікі Сурты і Трубніцкіх у Магілёве быў зроблены скарочаны варыянт хронікі, так званы кароткі спіс, у які ўвайшлі толькі звесткі, якія непасрэдна адносіліся да магілёўскіх падзей. У выніку скарочаны варыянт складае ўсяго ¼ ад тэкста першапачатковага рукапісу. Аўтар гэтага скарочанага варыянта таксама застаецца невядомым.

Але самае галоўнае для нас зараз: скарочаны варыянт хронікі атрымаў яшчэ і шэраг дапаўненняў. Так, у ім паявілася ўступленне, якое павінна было пазнаёміць чытача з кароткім аглядам гісторыі ўзнікнення горада – гэта частка, якой у паршапачатковай “Хроніцы” не было.

Менавіта тут, ва ўступленні, невядомым аўтарам упершыню было адзначана, што “Замак Магілёўскі мае назву ад рускага кіеўскага князя Льва Данілавіча, які заснаваў яго ў 1267 годзе ад Нараджэння Хрыстова”.

Першая старонка кароткага спіса “Хронікі Магілёва”з першай узгадкай пра дату заснавання горада пад 1267-м годам

Ці абапіраўся аўтар кароткага варыянта “Хронікі” на нейкія дакументы – застаецца невядомым, і наўрадці будзе высветлена.

Таксама, некалькі разважанняў пра верагоднага заснавальніка. Ці мог Леў Данілавіч, вядомы нам як князь галіцкі, а не кіеўскі, апынуцца ў нашым рэгіёне ў адзначаны час? Тэарэтычна мог, гэтаксама як мог на кароткі час быць успрынятым як князь кіеўскі – так што моцнага супярэчання тут мы не знойдзем. Справа ў тым, што назадоўга да гэтага, у 1264 годзе памёр яго бацька, Данііл Раманавіч, вялікі князь кіеўскі, і ў адным з пазнейшых тэкстаў – “Сінапсісе” 1674 года Леў Данілавіч называецца кіеўскім князем на 1266 год. У 1267 годзе Леў Данілавіч прэтэндаваў на тытул вялікага князя ВКЛ і ўступіў у канфлікт з тагачасным вялікім князем Войшалкам, які рыхтаваўся адысці ад улады. Войшалк вырашыў перадаць уладу ў дзяржаве не Льву Данілавічу, а яго брату, Шварну Данілавічу. 18 альбо 23 красавіка 1267 года Леў Данілавіч забіў Войшалка ў манастыры горада Уладзіміра-Валынскага. Леў Данілавіч так і не стане вялікім князем ВКЛ, але і пазіцыі Шварна пасля смерці Войшалка былі пахіснутыя. Мы можам зноў жа тэарэтычна дапусціць, што некаторыя беларускія землі маглі стаць арэнай актыўнасці Льва Данілавіча ў адзначаны час. Але гэта, зноўку, дапушчэнне.

Такім чынам, мы знаходзімся перад фактам, што рэгістрацыя даты 1267-мы год, як даты заснавання Магілёва, мае рэтраспектыўны характар, упершыню паявіласяў канцы XVIII – пачатку ХІХ стст., а дакументы, блізкія да ХІІІ ст., якія б яе пацвярджалі, застаюцца невядомымі сучаснай навуцы.

Ну, і яшчэ адно маленькае “але”.

У 1847 годзе ў Лейпцыгу выдавец Іахім Лялевель надрукаваў гістарычны атлас Польшчы, на адной з мап у якім, пазначанай як мапа на 1279 год, быў указаны Магілёў.

Як бачым, сама мапа адносіцца да сярэдзіны ХІХ ст., і ў які раз застаецца невядомым, на якія крыніцы абапіраўся выдавец, размяшчаючы на ёй Магілёў – у яго былі на гэта дакументальныя падставы, ці ён выкарыстаў наш горад дзеля геаграфічнай прывязкі? Што характэрна – на іншых, пазнейшых картах з гэтага атласа Магілёў знікае, і паяўляецца зноў толькі на мапе на 1572 год.

Мапа “Польшча ў часы Баляслава”, на 1279 год.
З Выдання J. LELEWEL, Historischer Atlas von Polen, Leipzig 1847.
Магілёў на мапе 1279 года.

Аляксей Бацюкоў, гісторык