Галоўная » «Калі не для сябе, то хаця б дзеля лекараў». Тыдзень масачнага рэжыму ў Магілёве

«Калі не для сябе, то хаця б дзеля лекараў». Тыдзень масачнага рэжыму ў Магілёве

Магілёў стаў першым з абласных гарадоў, у якім увялі масачны рэжым. Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне 4 лістапада, а людзям інфармацыю пачалі даводзіць толькі на наступны дзень, 5 лістапада. Яшчэ дзень спатрэбіўся, каб ва ўсіх установах з’явіліся папярэджанні пра неабходнасць насіць маску. А праз тыдзень мы спраўдзілі, як жыхары Магілёва прызвычаіліся да масачнага рэжыму.

У тралейбусе вісяць папярэджанні, што ў грамадскім транспарце неабходна абавязкова выкарыстоўваць сродак індывідуальнай аховы дыхання – маску. І літаральна адзінкі едуць без масак, пераважная колькасць пасажыраў – у масках.

«Ну вы ж самі бачыце, што не ўсе ў масках. Мы напісалі паведамленні, праз гукавую сувязь у салоне ўвесь час паўтараем пра гэта. Але што з імі зробіш. Я падыходжу да пасажыра без маскі, кажу яму, а ён мяне пасылае», – распавядае малады кандуктар.

Дарэчы, кандуктар, як і кіроўца тралейбуса, працуюць у масцы.

Масачны рэжым у Магілёве

На пытанне, ці правяраюць масачны рэжым у грамадскім транспарце, кандуктар адмоўна хістае галавою. Маўляў, на ягоным маршруце такога не было. Але маладыя пасажыркі тралейбуса кажуць, што аднойчы трапілі на кантралёраў.

«Падыходзілі да тых, хто быў без маскі, і прасілі надзець маску. Людзі катэгарычна адмовіліся, і ім сказалі плаціць штраф», – апавядаюць дзяўчаты.

Які памер штрафу, яны не ведаюць, бо самі былі ў масках, і да іх ніхто прэтэнзіяў не меў.

Хлопцы, якія едуць у тралейбусе без масак, так тлумачаць свае паводзіны:

«Нам сказалі, што да 14 гадоў не трэба ніякія маскі».

– «Дзе вам такое сказалі?»

– «У школе», – крыкнулі хлопцы і выбеглі з тралейбусу.

У Магілёве літаральна на ўсіх грамадскіх аб’ектах ёсць паведамленні, што кліенты абслугоўваюцца толькі ў масках. Але ці можна ўвайсці без ахоўных сродкаў?

«Увайсці можна, але пасля маску ўсё роўна прыйдзецца надзець. Нашыя пакупнікі даўно ведаюць гэтае правіла, таму я нават не бачу, каб да нас заходзілі без масак», – кажа адміністратарка прадуктовай крамы «Квартал смаку».

Уваход у крамы без маскі забаронены

У першы дзень масачнага рэжыму, паводле адміністратара, у іх раскупілі ўсе маскі. Але на наступны дзень яны папоўнілі запасы, і цяпер нястачы не адчуваюць.

«Людзі самі баяцца за сваё здароўе, таму ўсе ходзяць у масках. За тыдзень ніякіх канфліктаў у краме не было. Мы сумленна ўсіх папярэдзілі, што разлік на касе без маскі забаронены. І людзі пра гэта памятаюць», – расказвае адміністратарка «Кварталу смаку».

Сапраўды, у краме – усе ў масках. Пры выхадзе на вуліцу некаторыя пакупнікі адразу маскі здымаюць, некаторыя застаюцца ў масках.

«Дачка мая не любіць хадзіць у масцы, але яна ў яе ёсць. Калі гэта неабходна, то яна надзявае», – кажа мужчына з маленькай дзяўчынкай.

«Ніяк не магу прызвычаіцца насіць гэтыя маскі, – дзеліцца ўражаннямі жанчына сталага веку, якая ў масцы чакае маршрутку. –У мяне ад іх акуляры запацяваюць. Каб хоць неяк было лягчэй, замаўляю маскі з тканіны. У мяне іх вельмі шмат».

Каб абслужыць як мага больш наведнікаў, кавярня «Mir23» прапаноўвае бясплатныя маскі тым, у каго іх з нейкіх прычынаў няма.

«Мы не хочам адмаўляць нашым кліентам, таму паставілі для іх бясплатныя маскі. Але за тыдзень яны зусім не разышліся. 98 % кліентаў прыходзяць з сваймі. Усе адэкватна адрэагавалі на новыя правілы», – кажа адміністратарка кавярні Дар’я Шэндрыкава.

Кавярня «Mir23» прапаноўвае маскі тым, у каго іх няма

Паводле Дар’і, масачны рэжым у яе выклікаў толькі адну праблему: не заўсёды чуваць, што кліент замаўляе. А ў кліентаў, якія аплочваюць рахунак пры дапамозе мабільнага тэлефона, таксама ёсць праблема: каб разблакаваць тэлефон, трэба на касе зняць маску.

У кавярні «Mir23» павялічылі адлегласць паміж столікамі і апрацоўваюць іх пасля кожнага кліента.

Адным з першых гандлёвых аб’ектаў, які размясціў на сваіх дзвярах папярэджанне пра масачны рэжым, быў магілёўскі ЦУМ. У краме на кожным кроку вісяць папярэджанні самага рознага фармату. Не заўважыць іх проста немагчыма.

«І ўсё роўна ёсць 15 % людзей, якія прыходзяць да нас без масак. Ім кажаш пра гэта і бачыш на іхных тварах вялікую незадаволенасць. Людзі скардзяцца, што масачны рэжым – гэта абсурд, што яны стаміліся. Некаторыя кліенты пачынаюць даказваць, што эпідэміі ў Беларусі няма. Але мы не маем права абслугоўваць кліентаў без масак. Яны могуць набыць маску тут, на месцы, яны прадаюцца ў кожным аддзеле», – кажа ахоўнік Ягор.

У ЦУМе пры ўваходзе нагадваюць пра маску такія стэнды

У гандлёвым цэнтры «Атрыюм» таксама ёсць людзі без масак. Масак не носяць пераважна дзеці. І тыя, якія ідуць з бацькамі, і тыя, якія гуляюць самыя.

«А мы ўжо хварэем, навошта нам маскі!» – жартуюць дзеці і збягаюць ад далейшых пытанняў.

Два хлопцы, якія ідуць па вуліцы без масак, кажуць, што ім не зручна іх насіць.

«Кепска дыхаць у масцы. На вуліцы дык дакладна не трэба іх насіць, а для памяшканняў мы маем маскі ў кішэнях. Хаця я, напрыклад, не лічу, што маскі могуць цалкам абараніць ад каронавіруса. Вось паглядзіце, якія ў іх прасветы паміж ніткамі», – кажа малады чалавек.

Жанчына, якая ідзе па вуліцы ў масцы, лічыць, што масачны рэжым агучылі запозна.

«Трэба было раней гэта рабіць, яшчэ падчас першай хвалі. Паглядзіце, якія нашыя людзі нядбалыя, ходзяць хворыя, масак не носяць. Няма паразумення. А нам трэба выкараскацца з гэтай кароны як мага хутчэй. Зараз больніцы ўсе забітыя, у паліклінікі не прабіцца. Неабходна, каб людзі сумленна ставіліся, а не так – шаляй-валяй», – разважае жанчына.

Яна паказала, што з сабой мае тры маскі, і запэўніла: толькі дома ходзіць без іх.

Жыхары Магілёва ходзяць у масках і на вуліцы

Дзве дзяўчыны шпацыруюць па горадзе: адна ў масцы, другая – без, бо есць на хаду. Яны патлумачылі, што вучацца ў каледжы, дзе таксама дзейнічае вельмі строгі масачны рэжым: яго неабходна прытрымлівацца і ў кабінетах, і на калідоры.

«Нязручна, вядома, але калі гэта дапаможа людзям, то чаму не насіць. Мы прызвычаіліся ўжо. У нас пары – 8 гадзінаў на дзень, і ўвесь гэты час мы сядзім у масках. Мяняем іх па 2–3 разы», – апавядаюць студэнткі Наста і Ксенія.

Маладыя людзі Ганна і Аляксандр таксама прытрымліваюцца масачнага рэжыму яшчэ з вясны.

«Зараз не насіць маскі ў грамадскіх месцах – гэта проста непавага да людзей. Падумайце калі не пра сябе, то хаця б пра лекараў. Яны цяпер такія загружаныя, многія застаюцца на працы даўжэй, чым трэба, каб прыняць усіх пацыентаў. Так, усе перахварэюць каронавірусам, але хаця б не адначасова. Насіце маскі, каб вірус не распаўсюджваўся так хутка і нашыя шпіталі спраўляліся», – выказваюць сваю пазіцыю маладыя людзі.

Пакупнікоў без масак не абслугоўваюць

На думку апытаных, штрафаў за парушэнне масачнага рэжыму ўводзіць не трэба. Але важна, каб людзі самі разумелі ды адказна ставіліся да праблемы. Масачны рэжым забараняе заходзіць без масак у крамы, транспарт, кавярні, аптэкі, банкі, ва ўстановы культуры, спорту, аховы здароўя ды іншыя памяшканні, у якіх цяжка забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне.

Фота: Вольга Васільева/Белсат

Вольга Васільева, Белсат