Галоўная » Калі ж Магілёўшчына дагоніць і перагоніць Амерыку?

Калі ж Магілёўшчына дагоніць і перагоніць Амерыку?

Магілёўскія ўлады спланавалі цэлы шэраг, так званых, дыялогавых пляцовак на базе вышэйшых навучальных установаў абласнога цэнтра.

Першая рэгіянальная дыскусія па пытаннях стварэння ўмоваў для развіцця эканомікі і спрыяльнага асяроддзя для прадпрымальніцтва адбылася 9-га кастрычніка 2020 года ў Беларуска-Расійскім універсітэце.

Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.Куляшова вызначаны адкрытай рэгіянальнай пляцоўкай для шырокага грамадскага абмеркавання асноўных накірункаў удасканалення нацыянальнага канстытуцыйнага заканадаўства. Правядзенне першага дыскусійнага мерапрыемства па дадзенай тэматыцы плануецца на 16 кастрычніка бягучага года.

Па меркаваннях магілёўскіх чыноўнікаў марафон дыялогавых пляцовак дазволіць акумуляваць агучаныя ідэі, якія надалей будуць прапанаваныя для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе, у якасці зменаў у Канстытуцыю, унесены ў кодэксы і іншыя заканадаўчыя акты.

Што ж такога важнага абмяркоўвалі ў Беларуска-Расійскім універсітэце?

Гледзячы па складу ўдзельнікаў можна здагадацца, што гаворка ішла аб чарговых “поспехах” мясцовай вертыкалі ў развіцці рэгіёна.

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Р.Страхар спыніўся на “поспехах” рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016-2020 гадах. Таксама было паведамлена прысутным аб падрыхтоўцы Урадам краіны праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады, галоўнай асаблівасцю якой, па меркаванні чыноўніка, з’яўляецца яе скіраванасць на стварэнне ўмоваў для роста дабрабыту грамадзян нашай краіны з улікам вызначаных праблемаў і зніжэння ўразлівасці эканомікі ад знешніх каньюктурных уплываў.

У адсутнасці альтэрнатыўных поглядаў сярод удзельнікаў мерапрыемства на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, абмеркаванне тэмаў, вынесеных на разгляд удзельнікаў, праходзіла па прынцыпу 60-х гадоў 20-га стагоддзя – часоў Савецкага Саюза – “дагонім і перагонім Амерыку”.

У аснове дабрабыту эканомікі павінен быць якасны эканамічны рост з тэмпамі не ніжэй сусветных у сярэднетэрміновай перспектыве, які напрамую залежыць ад экспарта, інвестыцый, новых тэхналогій і працоўных месцаў, канстатаваў Р.Страхар.

Падобныя планы сярод беларускага чынавенства ўзнікаюць кожную пяцігодку, але вынікі на практыцы кожны раз застаюцца не суцяшальныя. Так, напрыклад, вытворчасць працы па ВУП (валавы ўнутраны прадукт) на аднаго занятага ў эканоміцы за студзень-ліпень 2020 года склаў па краіне толькі 18521,4 рубля, што ў дзесяткі разоў ніжэй за ВУП перадавых краін свету.

Самы нізкі паказчык ВРП (валавы рэгіянальны прадукт) за студзень-ліпень 2020 года ў Магілёўскай вобласці – 11420,3 рубля на аднаго занятага ў эканоміцы. Ды і па ўзроўні налічанай заработнай платы Магілёўшчына мае самы нізкі паказчык ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі.

Узнікае пытанне – у чым заключаецца роля ствараемых дыскусійных пляцовак, калі на першым жа мерапрыемстве не прагучала ні аднаго альтэрнатыўнага меркавання, ні аднаго альтэрнатыўнага погляда аб папярэдніх выніках выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўшчыны за 2015-2020 гады, не былі прадастаўлены іншыя прапановы, што адрозніваюцца ад вызначаных беларускім Урадам, па развіцці рэгіёна на 2021-2025 гады?

Магілёўскае чынавенства зноўку, як і ў мінулыя разы, збіраецца ехаць на так званы Усебеларускі сход толькі з планамі, якія адпавядаюць “лініі адміністрацыі прэзідэнта”, усведамляючы, што крок у лева, крок управа для іх у выніку – гэта “растрэл”.

Рыгор Кастусёў