Якія толькі Указы, Пастановы, Праграмы, іншыя нарматыўныя дакументы не прымаюцца ў нашай краіне з мэтай “паляпшэння” якасці жыцця насельніцтва.
Адстаючыя рэгіёны Беларусі будуць жыць па-новаму – больш года таму назад заявілі ў Міністэрстве эканомікі краіны. Чарговая заява прагучала з вуснаў міністра ў час прэзентацыі плана развіцця адстаючых рэгіёнаў з 280 праектаў яшчэ ў жніўні 2019 года.
У кастрычніку таго ж года пастановай Савета Міністраў №689 ад 09.10.2019 г. Урад Беларусі зацвердзіў гэты план дзеянняў для асобных рэгіёнаў, адстаючых па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Адстаючымі былі вызначаны 31 раён краіны, у тым ліку 3 – па Брэсцкай вобласці, 7 – па Віцебскай, 8 – па Гомельскай, 3 – па Гродненскай, 3 – па Мінскай, 7 – па Магілёўскай.
Мэтай зацверджанага плана з’яўляецца зніжэнне ўзроўню дыферэнцыяцыі па ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва за кошт раскрыцця, аднаўлення і нарошчвання вытворчага патэнцыяла, развіцця інфраструктуры, фармавання камфортнага асяроддзя для пражывання на аснове канкурэнтных прывілей, назапашаных кампетэнцый кожнага рэгіёна.
План прадугледжвае рэалізацыю інвестыцыйных праектаў і прапановаў да 2025 г. у адстаючых рэгіёнах з агульным аб’ёмам інвестыцый каля 11 млрд. рублёў і 2,5 млн. долараў ЗША, што выклікала пэўныя спадзяванні ва Урадзе – ужо на працягу наступнага 2020 года вывесці 11 раёнаў з ліку адстаючых.
У склад адстаючых раёнаў Магілёўскай вобласці згодна распрацаванай аблвыканкамам і зацверджанай аблсаветам праграмай патрапілі Крычаўскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Касцюковіцкі і Хоцімскі раёны.
Магілёўскім чыноўнікам не надта прыйшлося напружвацца пры распрацоўцы праграмы, бо гэтыя раёны яшчэ згодна Указа №235 ад 8 чэрвеня 2015 года “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці” атрымалі магчымасці карыстацца прэферэнцыямі і льготамі. А Указам №177 за 2020 год А.Лукашэнка яшчэ на 5 гадоў падоўжыў тэрмін дзеяння гэтай праграмы для паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўшчыны.
Указам ад 2015 года прадугледжвалася зацвярджэнне Магілёўскім абласным Саветам дэпутатаў да 1 жніўня 2015 года Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці на перыяд да 2020 года, рапрацаванай Магілёўскім аблвыканкамам у мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы. Агульны аб’ём фінансавання мерапрыемстваў праграмы складаў 2 трлн.520,8 млрд. руб. (недэмінаваных).
З моманту прыняцця разнастайных праграмных дакументаў прынятых чынавенствам рознага ўзроўня прайшоў пэўны час, і ўжо зараз можна падвесці прамежкавыя вынікі эфектыўнасці іх працы ў распрацоўцы і рэалізацыі задуманага.
- У 2014 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэднеспісачнага працаўніка па камерцыйных арганізацыях у сярэднім па паўднёва-усходнему рэгіёну Магілёўшчына складала 386,2 млн. руб. (недэмінаваных), што было ніжэй сярэднеабласнога ўзроўня на 19,5% і сярэднерэспубліканскага – на 42,3%.
У 2019 годзе адставанне па дадзенаму паказчыку ад сярэднеабласнога скарацілася толькі на 3,5%, а ад сярэднерэспубліканскага і таго меней.
- Так і засталася нізкай эфетыўнасць прыцягнення інвестыцый у асноўны капітал. За 2015-2019 гады інвестыцыі за кошт усіх крыніц фінансавання склалі 910,7 млн. руб., што адпавядае 11,2% ад агульнага аб’ёма інвестыцый у асноўны капітал па Магілёўскай вобласці.
- Удзельная вага экспарта тавараў і паслуг паўднёва-усходняга рэгіёна ў аб’ёмах вобласці ў 2019 годзе ўзрасла толькі да 6,1% супраць 4,4% у 2014 годзе.
- Намінальны налічаны сярэднемесячны заробак у 2014 годзе ў сярэднім па паўднёва-усходнему рэгіёну складаў 88,8% ад сярэднеабласнога і 78,1% ад сярэднерэспубліканскага ўзроўняў. У 2019 годзе намінальны налічаны сярэнемесячны заробак у сярэднім па рэгіёну складаў 789,8 руб., што адпавядае 87,9% ад сярэднеабласнога і 72,4% ад сярэднерэспубліканскага ўзроўняў.
- Пры наяўнасці радыёактыўнага забруджвання тэрыторый паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, у 2019 годзе ўзраслі забруджванні атмасфернага паветра. Найбольшыя аб’ёмы выкідаў адзначаюцца ў Крычаўскім і Касцюковіцкім раёнах, што складае адпаведна 3,7 тыс. тон (8,9% ад агульнага аб’ёма выкідаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці) і 4,2 тыс. тон (10%).
- Забяспячэнне насельніцтва паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці піццявой вадой не адпавядае нарматыўным патрабаванням да яе якасці, асабліва ў сельскай мясцовасці.
- Доля насельніцтва працаздольнага ўзроста на пачатак 2020 года ў паўднёва-усходнім рэгіёне Магілёўскай вобласці склала 54,1%, пры сярэднеабласным – 57,3%. На пачатак 2015 года дадзены паказчык у рэгіёне складаў 55,4%. Сітуацыя на рынку працы рэгіёна характарызуецца ўстойлівым скарачэннем колькасці занятага насельніцтва ў сувязі са змяншэннем насельніцтва і яго міграцыйным адтокам. За 2015-2020 гады колькасць насельніцтва працаздольнага ўзросту скарацілася на 9,6%. У бальшыні раёнаў узрос недахоп кваліфікаваных кадраў, асабліва спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці і медыцыны.
Пагаршэнне паказчыкаў назіраецца і ў іншых сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
Узнікае пытанне – чаму пры наяўнасці такога шэрагу разнастайных праграмных дакументаў і фінансавым забяспячэнні для іх рэалізацыі, сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці працягвае пагаршацца?
Адказ тут напрашваецца толькі адзін. Існуючая ў нашай краіне сістэма ўлады, створаная на працягу больш двух дзесяткаў гадоў, не здольная сама па сабе вырашаць самыя надзённыя пытанні жыццядзейнасці як усёй краіны цалкам, так і асобна ўзятых рэгіёнаў.
Рыгор Кастусёў