«Лакаматыў» або «Алімпіец». Асіповіцкі райвыканкам спрабуе раіцца з жыхарамі раёна па пытаннях рамонту інфраструктуры. На сайце выканкама вісіць апытанка: Які стадыён – «Лакаматыў» або «Алімпіец» – неабходна рэканструяваць у наступным годзе? Варыянты адказаў: а) стадыён «Алімпіец», бо ён буйнейшы, там ужо ёсць спартовая інфраструктура, ён знаходзіцца зблізку ўстаноў адукацыі; б) стадыён «Лакаматыў», аднавіўшы тамака спартовыя пляцоўкі; в) зрабіць на базе стадыёна «Лакаматыў» зону адпачынку з усталёўкай скейт-пляцоўкі і абсталяваннем гульнявай тэрыторыі для дзяцей. Для апытання ўлады абралі самую непалітазаваную тэму спартовай інфраструктуры. Нават такое арыентаванае на першы адказ апытанне трэба вітаць. Бо, калі і па спартовых пытаннях не раіцца з людзьмі, то якія ж пытанні абмяркоўваць, пра якую ўладу народа можна казаць?
Зварот дэпутата. А вось пра галоўную будучую падзею 2022 года інфармацыі амаль няма. Толькі напярэдадні навагодніх святаў член Савета Рэспублікі С.А. Анюхоўскі выказаўся пра маючы адбыцца рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Асноўны закон РБ. Зразумець, што хацеў сказаць дэпутат людзям, без спецыяльнай падрыхтоўкі немагчыма. Пасля прачытання ўзнікаюць не адказы, а новыя пытанні. Ні пра канкрэтныя змены ў структуры ўлады, ні пра змест новых канкрэтных артыкулаў ён нічога не сказаў, бо відаць і сам іх не ведае. Такі зварот толькі яшчэ раз паказвае, што распрацоўка Канстытуцыі вядзецца за закрытымі дзвярамі, нават дэпутаты парламента пра тое ведаюць вельмі цьмяна. А часу на абмеркаванне прапаноў, на выпраўленне памылак, якія заўжды бываюць, а пры такім закрытым абмеркаванні непазбежныя, ужо амаль не застаецца.
А яшчэ вучні 4 “А” класа гімназіі наведалі Асіповіцкую спецшколу-інтэрнат з віншаваннямі і навагоднімі падарункамі. Малайцы яны і іх педагогі. Затым і намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак павіншаваў з навагоднімі святамі выхаванцаў спецшколы-інтэрната.
25 снежня на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва” прайшоў дзіцячы турнір па баскетболе “IBASKET”, прысвечаны памяці Яўгена Шуранкова. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды Клічава, Глуска і Асіповічаў.
27 снежня акцыю “#асіповічы прышчапляюцца” праводзіць Асіповіцкі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, сумесна з Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцай у раённым Цэнтры культуры і вольнага часу (вул.Сумчанка, 9) з 12.00 да 18.00 гадзін. У рамках акцыі наведвальнікі могуць зрабіць прышчэпку ад каранавірусу і грыпу, стаць удзельнікамі розыгрышу латарэі, бясплатна зрабіць УГД шчытападобнай залозы, памераць артэрыяльны ціск, атрымаць кансультацыю оталарынголага, акуліста, праверыць зрок, падабраць акуляры. Да месца правядзення акцыі па вакцынацыі будзе ажыццяўляцца бясплатны падвоз жыхароў горада.
Пернікі ручной працы «Вячэрнія» – навінка 2021 года ад Асіповіцкага хлебазавода. Карысны пачастунак і прыгожы падарунак пакрываецца кандытарскай глазурай або вафельнымі карцінкамі. Да Новага года плануецца выпуск пернікаў у форме ялінак і навагодніх цацак, якія можна набыць на тэматычных кірмашах або ў фірменных магазінах завода.
Перадкалядны і пераднавагодні кірмашы-продажы ладзяцца 24 і 30 снежня 2021 г. на цэнтральнай плошчы горада Асіповічы. Час правядзення кірмашоў – з 09.00 да 15.00.
Асіпаўчане, з надыходзячым Новым годам усіх нас!
Тася Лемон
фото: radzima.org