Магілёўскі абласны суд ліквідаваў грамадскае аб’яднане “Бялыніцкае краязнаўчае таварыства”.
Абвестку пра тое, што абласны суд прыняў рашэнне ліквідаваць Бялыніцкае краязнаўчае таварыства, змясціла на сваіх старонках газета “Магілёўскія ведамасці”. У гэтай жа абвестцы паведамляецца пра тое, што судом ліквідаваны таксама яшчэ і два грамадскія аб’яднанні з Магілёва – Магілёўскае гарамадскае аб’яднанне абароны жывел “Четыре лапы” і грамадскае аб’яднанне “Бейсбольно-софтбольный клуб “Могилевские львы”.
Па інфармацыі “МР”, Бялыніцкае краязнаўчае таварыства было ліквідавана ў сувязі з шматлікімі праблемамі, узнікшымі з фінансавым забеспячэннем яго дзейнасці і захаваннем юрыдычнага адраса. Вясной гэтага года адыйшоў у нябыт фактычны адраджальнік дзейнасці ГА “Бялыніцкае краязнаўчае таварыства”, пісьменнік і журналіст Міхась Карпечанка. Пасля смерці энтузіяста перажываць за справы нейкіх там краязнаўцаў у слаўнай чарадзе бялыніцкіх ідэолагаў не было каму, бо дзейнасць ГА “Белая Русь” і “БРСМ”, безумоўна, патрабуе нашмат большай увагі. Так і скончыла сваю амаль стогадовую гісторыю грамадскае аб’яднанне аматараў вывучэння гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна…
Раённае краязнаўчае Таварыства было заснавана 7 лютага 1926 года. Яго сябры займаліся вывучэннем гісторыі Прыдруцкага краю, збіранем фальклорнага матэрыялу, наладжвалі сходкі, на якіх чыталіся і абмяркоўваліся паведамленні, даклады. Раённае Таварыства ўваходзіла ў склад Беларускага краязнаўчага таварыства.
Спыніла сваю дзейнасць раённае краязнаўчае Таварыства ў сумнавядомыя 30-я гады ў сувязі з наступам бальшавіцкіх рэпрэсій.
Напрыканцы 1992 года рада Бялыніцкага раеннага аддзялення рэспубліканскага ТБМ імя Ф. Скарыны заснавала краязнаўчую секцыю. Секцыя наладзіла некалькі культурна – асветніцкіх мерапрыемстваў, праводзіла работу па аб’яднанні мясцовых краязнаўцаў, садзейнічала апублікаванню на старонках мясцовай райгазеты артыкулаў па гісторыі Бялыніччыны.
Напачатку 1994 года сябры краязнаўчай секцыі рады Бялыніцкага раеннага аддзялення рэспубліканскага ТБМ імя Ф. Скарыны стварылі арганізацыйны камітэт па заснаванню (аднаўленню) раённага краязнаўчага таварыства.
На Другіх Бялыніцкіх краязнаўчых чытаннях (27 красавіка 1994 года) 32 ўдзельнікі Чытанняў адзінагалосна прынялі рашэнне аб стварэнні (аднаўленні) раённага краязнаўчага таварыства.
Упраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама 3 снежня 2002 г. афіцыйна зарэгістравала ГА “Бялыніцкае краязнаўчае таварыства”. Старшынямі яго рады ў розныя часы былі М.А. Карпечанка і В.А. Цітоў.
Падчас сваёй дзейнасці мясцовыя аматары гісторыі неаднаразова праводзілі краязнаўчыя чытанні, выдавалі кнігі, буклеты і бюлютэні. Апошняя навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні» адбылася ў Бялынічах у верасні 2020 года, калі горад прымаў XXVІІ Дзень беларускага пісьменства.
Пэўны час у Бялынічах нават выходзіла маланакладная газета “Бялыніцкая даўніна”, якую ў розныя перыяды выдавалі спачатку Міхась Карпечанка, а пазней – мясцовы журналіст Барыс Вырвіч.
Зараз, як і ў 30-я гады мінулага стагоддзя, Бялыніцкае краязнаўчае таварыства ліквідавана. Сімвалічнае рашэнне прыняў Магілёўскі абласны суд: ізноў у нашай краіне наступіў перыяд, калі сапраўдная гісторыя і культура ўладам абсалютна непатрэбны…
Іван Барысаў